Кніга прарока Ераміі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Ілюстрацыя да 38 раздзела кнігі Ераміі

Кні́га праро́ка Ерамі́і (іўр.: ספר ירמיהו — Сефер Ірмеяху) — 24-я кніга кананічнага Старога Запавету, трынаццатая частка Танаху. У пазнейшых прароках знаходзіцца паміж кнігамі Ісаі і Езекііля. Напісаная прарокам Ераміям (Ірміяху) прыкладна ў VI стагоддзі да н.э.. Ахоплівае перыяд ад 647 да 580 да н.э. — часы валадарання цара Іасіі і захопу Іўдзеі Вавілонам.

Гэта найбольшая з прарочых кніг Старога Запавету, складаецца з 52 раздзелаў. Кніга напісана складанай і паэтычнай яўрэйскай мовай, за выняткам вершу 10:11, які напісаны па-арамейску.

Аўтарства[правіць | правіць зыходнік]

Прарок Ерамія жыў у эпоху заняпаду Іўдзейскага царства. яго зямля стала арэнай барацьбы дзвюх «звышдзяржаў» старажытнага свету — Егіпта і Вавілона, які прыйшоў на змену Асірыі. Апошнія цары Іўдзеі, а разам з імі і ўвесь народ, становяцца закладнікамі гэта барацьбы. Цар Іасія быў забіты егіпцянамі; яго сын, цар Іяхаз, быў вывезены ў Егіпет; унук Іасіі, цар Іякім, быў вывезены ў Вавілон; пасля туды ж вывезены і малодшы сын Іасіі, цар Седэкія.

У 586 (або 587) да н.э. Іерусалім і Храм дашчэнту зруйнаваны войскамі Навухаданосара, дзяржава знішчана. Ерамія выпраўляецца ў выгнанне ў Егіпет. Праўдападобна, што падчас перабывання там ён напісаў 37—44 раздзелы кнігі.

Кніга Ераміі рэдагавалася другазаконнікамі ці аўтарамі Другога закону, якія прасоўвалі рэлігійную рэформу[1]. Гэта заўважна ў паралельным выкарыстанні мовы ў Другазаконні і кнізе Ераміі[2]. Так, у Ер. 11:4 і Друг. 4:20 выкарыстаная метафара жалезнае печы. Аднак невядома, ці быў Ерамія прыхільнікамі другазаконніцкай школы, бо ён нідзе не згадвае ані Другі закон, ані рэлігійную рэформу Іасіі[3].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Кніга ўмоўна можа быць падзелена на 6 частак[4], у якіх стылі тэксту мяняюцца ад паэтычнага праз апавядальны да біяграфічнага[5]. Часткі:

  • Раздзелы 1-25 — сутнасць Ераміінага паслання
  • Раздзелы 26-29 — біяграфічныя звесткі і стасункі з іншымі прарокамі
  • Раздзелы 30-33 — Божае абяцанне аднаўлення, у тым ліку заключэнне «новага запавету», што з'яўляецца магчымай адсылкай да хрысціянскага Новага Запавету
  • Раздзелы 34-45 — збольшага стасункі з Седэкіем і падзенне Іерусаліма
  • Раздзелы 46-51 — Божая кара народам вакол Ізраіля
  • Раздзел 52 — дадатак, які пераказвае 2-ю кнігу Цароў 24:18—25:30)

Галоўныя месіянскія прароцтвы знаходзяцца ў наступных фрагментах: 23:1-8; 31:31-40 і 33:14-26.

Зноскі

  1. Coogan, M. A Brief Introduction to the Old Testament: The Hebrew Bible in its Context. Oxford University Press: Oxford, 2009. p.300.
  2. Hyatt, JP. Jeremiah and Deuteronomy. Journal of Near Eastern Studies. Vol. 1, No. 2 (Apr., 1942), pp. 156—173
  3. Holt, EK. The Chicken and the egg -or was Jeremiah a Member of the Deuteronomist Party? Journal for the Study of the Old Testament Vol.44. pp109-122. (1989)
  4. Coogan, M. A Brief Introduction to the Old Testament: The Hebrew Bible in its Context. Oxford University Press: Oxford, 2009. p299.
  5. Robert Davidson «Jeremiah, The Book of» The Oxford Companion to the Bible. Bruce M. Metzger and Michael D. Coogan, eds. Oxford University Press Inc. 1993. Oxford Reference Online. Oxford University Press. Northwestern University. 20 October 2010 [1]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons