Кнігі Макавеяў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Кнігі Макавеяў, Макавейскія кнігі — вядомыя ў іўдзеяў пад назвай кніг Асманеяў — чатыры кнігі, напісаныя рознымі аўтарамі ў розны час, якія мелі на мэце змяніць гістарычны кантэкст у інтарэсах іудзейскага жрэчаства. Першыя тры кнігі Макавеяў увайшлі ў хрысціянскі канон Бібліі, а чацвёртая адкінутая з прычыны апакрыфічнасці зместу.

Першая з кніг была напісана на рубяжы 2 — 1 ст. да н.э. на яўрэйскай мове, але захавалася толькі ў грэчаскім перакладзе. У ёй пасля кароткіх заўваг пра заваяванні Аляксандра Македонскага і паказу страшнага ганення сірыйскага цара Антыёха IV на яўрэяў і іх рэлігію далей паведамляецца аб паўстанні іудзейскага свяшчэнніка Матафі ў абарону сваёй веры і бацькаўшчыны, а потым апісваюцца подзвігі яго сыноў Іуды, Іанафана і Сімона Макавеяў. Аўтар гэтай кнігі быў выразнікам інтарэсаў найбольш агрэсіўнай групы іудзейскай знаці, якая падтрымлівала заваёўніцкую палітыку Макавеяў.[1]

Другая кананічная кніга Макавеяў не працяг першай кнігі, а толькі больш падрабязнае, пашыранае апісанне некаторых падзей часоў Іуды Макавея. Першыя два раздзелы змяшчаюць два пасланні палесцінскіх іудзеяў да аднаверцаў у Егіпце, у якіх яны паведамляюць аб перанесеных імі ганеннях і пакутах ад Антыёха IV і аб выратаванні іх ад ворагаў подзвігамі Іуды Макавея. Далей паведамляецца пра крывавыя міжусобіцы шэрагу іудзейскіх першасвяшчэннікаў і падаецца малюнак жахлівай лютасці сірыйскага цара да іудзеяў. У канцы прыводзяцца прыклады высокай маральна-рэлігійнай доблесці і самаадданасці веравызнанню сваіх бацькоў. Прымаючы пад увагу, што арыгінал гэтай кнігі дайшоў на грэчаскай мове, можна меркаваць, што яе аўтарам быў іудзей, які паходзіў з элінізаванай егіпецкай Александрыі.[1]

Трэцяя кніга Макавеяў мае мала агульнага з дзвюма першымі кнігамі, пададзеныя ў ёй падзеі адносяцца да іншага часу і мясцовасці. Зместам яе служыць апісанне ганенняў егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара на егіпецкіх іудзеяў. Узнікла яна, верагодна, у Александрыі на грэчаскай мове ў 1 ст. да н.э., але аўтарства яе таксама не высветлена.[2]

Чацвёртая кніга Макавеяў, якая не ўвайшла ў біблейскі канон, была напісана на грэчаскай мове ў 1 ст. да н.э. Асноўны яе змест — паказ пакутніцкай смерці старца Елеазара і Саламоніі з усімі яе сямю сынамі. Гэта кніга прыпісвалася Іосіфу Флавію, і яна нават падавалася ў ліку яго твораў. Але ні каталіцкая, ні праваслаўная царква не ўключылі яе ў кананічны звод Бібліі, бо іудзейскае багаслоўе спалучаецца ў ёй з ідэалістычным вучэннем філосафаў-стоікаў.[2]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Скарына Ф. Творы:... С. 156.
  2. 2,0 2,1 Скарына Ф. Творы:... С. 157.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.156—157. ISBN 5-343-00151-3.