Дзяржынск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Койданава)
Горад
Дзяржынск
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Койданаў, Крутагор’е
Плошча
  • 13,34 км²
Вышыня цэнтра
193 м[1]
Насельніцтва
  • 29 811 чал. (1 студзеня 2023)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1716
Паштовы індэкс
222712, 222720
Аўтамабільны код
5
СААТА
6222501000
Афіцыйны сайт
Дзяржынск на карце Беларусі ±
Дзяржынск (Беларусь)
Дзяржынск
Дзяржынск (Мінская вобласць)
Дзяржынск

Дзяржы́нск[3] (трансліт.: Dziaržynsk; да 29 ліпеня 1932 года — Ко́йданава ці Ко́йданаў) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Дзяржынскага раёна.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Горад знаходзіцца за 38 км на паўднёвы захад ад Мінска, на чыгуначнай лініі (станцыя Койданава) і аўтадарозе Мінск — Баранавічы. Насельніцтва 27 441 чал. (2017)[4]. Праз горад працякае рака Нецечка[5].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычны міф пра "татарскага хана Койдана", ад якога мела пайсці назва Койданава[6], бярэ пачатак з аўтарскага нарысу "Літоўскае палессе" ў кнізе "Жывапісная Расія", дзе А. Кіркор пісаў: "...отъ имени побежденнаго вождя Монголовъ, Койдана, Крутогорье названо Кайдановомъ, какъ и до сихъ поръ называется"[7]. Гісторыкі лічаць і саму "Койданаўскую бітву" міфам, які створаны ў XVI ст. з мэтай праслаўлення літоўскіх князёў як абаронцаў ад татараў[8].

У балцка-літоўскіх двухасноўных імёнах вядомыя асновы Kai-, Dan- (другая аснова як у імёнах, ад якіх тапонімы Трыданы, Данейкі). Дворышча Кайдановічы згадваецца ў сярэдзіне XVI ст. у складзе сяла Асабовічаў (цяпер у Пінскім раёне), разам з дворышчамі Карытаноўскія, Мышыкоўшчына[9] (ад прозвішчаў Кайданоўскі, Картаноўскі, Мышакоўскі).

Традыцыйная гістарычная назва паселішча падаецца ў форме Койданаў або Койданава. 29 ліпеня 1932 года горад афіцыйна пераназваны ў Дзяржынск, у гонар раннесавецкага дзеяча мясцовага шляхецкага паходжання (з Дзяржынава пад Івянцом) Ф. Дзяржынскага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйнай[10] датай заснавання сучаснага Дзяржынска лічыцца 1146 год, калі паселішча згадваецца як Крутагор’е ў паданні пра старую Пакроўскую драўляную царкву, паводле Паўла Шпілеўскага, у старой койданаўскай праваслаўнай царкве захоўвалася ікона з надпісам «Крутагор’е, 1146 года»[11]. Аднак сучасныя энцыклапедычныя даведнікі[12][13] разглядаюць гэтыя звесткі толькі як імаверныя і датуюць першую пэўную пісьмовую згадку 1442 годам.

У 1439 годзе пабудаваны драўляны фарны касцёл[14].

У 1445 годзе вялікі літоўскі князь Казімір Ягелончык аддаў Койданаў свайму стрыечнаму брату Міхаілу Жыгімонтавічу, сыну Жыгімонта Кейстутавіча. У 1483 г. паселішча перайшло да князя Васіля Міхайлавіча Вярэйскага. Пасля смерці Вярэйскага з 1501 г. Койданавам валодала яго жонка Марыя. У выніку шлюбу яе дачкі Сафіі з канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам ў 1522 г. перайшло да Гаштольдаў. З гэтага часу ў дакументах паселішча падчас называлі «Гаштольдава»[15].

У пачатку XVI ст. Койданаў пацярпеў ад набегаў татараў (у 1502 і 1503 гг.).

У 1542 годзе уладальнікам Койданава стаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары, які ў наступным годзе перадаў горад свайму сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту. Горад з’яўляўся цэнтрам Койданаўскага стараства.

У 1552 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст аддаў Койданава з замкам брату жонкі Барбары Мікалаю Радзівілу Рудому. «Да гэтага часу адносіцца стварэнне Койданаўскага графства, якое, складаючы частку ўладанняў біржанскіх Радзівілаў, пасля смерці апошняга з гэтай галіны — Багуслава, у 1669 г. перайшло ва ўласнасць нясвіжскай лініі, дадало да тытулаў ардынатам нясвіжскім тытул уладара ў Койданаве і захавалася ў іх сямействе да 1831 г.»[16].

У інвентарах таго часу на тэрыторыі маёнтка фіксуецца істотная група ваенна-служылага насельніцтва, якая карысталася мясцовымі землямі на ўмовах нясення ваеннай службы і выканання іншых спецыяльных павіннасцей і не ўваходзіла ў склад прыгоннага сялянства[17].

У 1550—1831 гадах Койданаў вядомы як значны асяродак распаўсюджвання кальвінізму. Каля 1564 года Мікалай Радзівіл «Руды» збудаваў тут драўляны кальвінскі збор (з 1613 — мураваны), а таксама плябанію, школу і багадзельню.

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1588 годзе паселішча атрымала статус мястэчка[13]. Паводле інвентару 1588 г. тут было 120 дымоў, замак, кальвінскі збор, ратуша, касцёл, рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны. Існавала 6 вуліцаў: Віленская, Мінская, Плябанская, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Станькаўская.

Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў праводзіць 2 вялікія кірмашы: на Грамніцы (2 лютага) і Сёмуху і штотыднёвы торг. Пазней кірмашы таксама збіраліся на Юр’я (23 красавіка) і Пакровы (1 кастрычніка).

«На кірмашах, дзе пераважна прадаюць коней і быдла, бывае вельмі шмат народу. Яўрэі займаюцца дробным гандлем і перакупніцтвам коней, бо Койданава мае сумную славу аднаго з цэнтраў канакрадства».[16]

Паводле звестак на 1620 год, у цэнтры мястэчка знаходзіўся чатырохкутны гандлёвы пляц, забудаваны дамамі рамеснікаў і гандляроў; на пляцы было 5 крамаў, карчма і 23 мяшчанскія двары; агулам налічвалася 110 двароў.

11 ліпеня 1655 г. у пачатку Трынаццацігадовай вайны войскі Маскоўскай дзяржавы ўшчэнт спустошылі Койданаў. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[18]:

" ...местечко Койданов взяли, и которыя... были в том местечке полския и литовския люди, и тех всех людей мечю предали и то местечко и посады все выжгли. "

Аднаўленне Койданава ішло марудна. У 2-й палове XVIII ст. тут збудавалі новы драўляны касцёл Св. Ганны. Станам на 1791 год у мястэчку было 134 дымы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Койданаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Мінскага павета Віленскай губерні. У 1796 годзе мястэчка атрымала герб: «выява галінак дуба і алівы»[12]. У 1800 г. двор і мястэчка, уласнасць Дамініка Радзівіла, 277 двароў, 1237 жыхароў, уніяцкая царква Пакрова Багародзіцы, кальвінскі збор, паштовая станцыя, 2 млыны, гандлёвыя лаўкі.

З XVIII стагоддзя Койданава з’яўляецца буйным цэнтрам распаўсюду хасідызму[19].

У вайну 1812 года пры адступленні расійскай арміі мясцовыя жыхары перашкодзілі казакам падпаліць склад аўса і сена[20]. Койданава было захоплена французскімі войскамі, арганізавана падпрэфектура, створаны склады харчавання. 15 лістапада 1812 года каля Койданава адбыўся вялікі бой, у выніку якога французы страцілі 1 тыс. салдат, 64 афіцэраў, каля 4 тыс. салдат патрапілі ў палон. Гэта перамога адкрыла расійскім вайскам шлях на Мінск.

У 1815 г. у мястэчку 262 жыхары мужчынскага полу. У 1840 г. шмат жыхароў памерлі ад эпідэміі халеры.

У 1843 г. «насельніцтва горада складае 1550 душ абодвух палоў. Апроч жыдоў і хрысціянаў тут жывуць на выдзеленых землях і татары»[14]. Паводле П. Шпілеўскага, койданаўскія татары досыць заможныя, «потому что живут ближе к Минску, и следовательно, имеют больше возможности сбывать в губернском городе свои огородные произрастания и выделаннные кожи»[11].

Канфесійная структура Койданава ў 1846 г. была наступнай: з 1889 чалавек 819 — праваслаўныя (каля 43 %), 777 — іудзеі (каля 41 %), 278 — каталікі(каля 15 %), 10 — евангелікі(каля 0,5 %), 5 — мусульмане (каля 0,3 %)[19]

У 1851 г. пабудавана мураваная праваслаўная царква. У 1866 г. — 234 двары, 1383 жыхары, царква, касцёл, кірха, сінагога. У першай палове 19 ст. на плошчы пабудаваны заезны дом (спалены польскімі вайскамі ў 1920 г.).

«Мястэчка Койданаў старое, як свет, а лепш сказаць, як Кітай, і як Кітай, чужое ўсякаму прагрэсу — якое было спрадвеку непрыгляднае, такое і цяпер засталося», — так пісаў у 1852 г. Уладзіслаў Сыракомля[14]. Значна больш прыемнае ўражанне ад Койданава засталося ў Паўла Шпілеўскага:

«В Койданове есть деревянный гостиный двор. Правда, он невелик, но в нем вы найдете довольно порядочные лавки галантерейные, суконные и с разными красными товарами. Даже обходжение лавочников-гостинодворцев довольно галантерейное. Здесь не тащат вас евреи за полы платья, а вежливо встречают с поклоном и не надоедают с предложением купить то, чего вы вовсе не хотите. Летом почти весь передний фронтовой ряд лавок гостиного двора завален бывает пресловутыми койдановскими грушами и яблоками весом в фунт и больше. Вообще в Койданове с удовольствием можно пробыть день, другой и погулять по чистым его площадкам и гористым окрестностям, испещренным бесчисленными садами, садиками и рощицами. В подобном местечке приятно остановиться после грязного Свержня»[11].

У час паўстання 1863-64 гг. у ваколіцах Койданава дзейнічалі паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам А. Ваньковіча і Б. Аскеркі[15].

У 1871 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, адкрыўся 2-павярховы вакзал. У 1885 г. пачала дзейнічаць фабрыка па ачыстцы свіной шчаціны. У 1897 г. налічвалася 4744 жыхары. У 1899 г. пачала працаваць запалкавая фабрыка «Дружына» (згарэла ў 1919 г.), у 1900 г. — 208 рабочых. З 1908 г. дзейнічаў лесапільны завод.

У канцы XIX — пачатку XX ст. дзейнічалі кальвінскі збор, касцёл, царква, сінагога; працавалі народная і гарадская вучэльні, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, шапавальні, бровары; рэгулярна праводзілася 6 кірмашоў.

Змітрок Бядуля згадвае цадзіка з Койданава, да якога прыязджалі веруючыя з усёй Расіі[21]. Паміж габрэямі абшчыны ў Койданава існавала сур’ёзная канкурэнцыя: «Кожны крамнік, гандляр, і нават рамеснік, меў ‘свайго’ пана, якога абслугоўваў, які даваў яму заробак. Кожны меў нават і ‘сваіх’ сялян, ‘свае’ вёскі, з якімі вялі гандаль. Часта на вуліцы або нават у сінагозе сварыліся паміж сабой за ‘сваіх’ паноў, за ‘сваіх’ сялян. Вялася ў гэтым кірунку пастаянная барацьба за збыт тавараў і вырабаў, за заваёву сімпатыі сялян і навакольных памешчыкаў»[22].

У 1905-07 гг. неаднаразова адбываліся антыўрадавыя выступленні рабочых.

У 1908 г. пачало працаваць гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. было пераўтворана ў вышэйшую пачатковую школу. У 1912-13 гг. тут вучыўся беларускі паэт і драматург К. Крапіва.

У 1909 г. у мястэчку — 518 двароў, 4696 жыхароў, на чыгуначнай станцыі — 15 жыхароў. У 1911-12 гг. дзейнічала курсы па садаводстве і агародніцтве.

У Першую сусветную вайну з 1915 г. знаходзілася ў прыфрантавой зоне. З вясны 1916 г. мястэчка і чыгуначную станцыю неаднаразова бамбілі нямецкія самалёты.

З 1916 г. працавала фабрыка сухіх фарбаў. У 1917 г. у мястэчку 781 двор, 4009 жыхароў.

У сакавіку 1917 г. створаны Савет салдацкіх дэпутатаў, а ў маі арганізаваны бальшавіцкі камітэт. У лістападзе 1917 г. усталявана савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 г. акупіраваны нямецкімі вайскамі. З 1.1.1919 — у БССР, з 27.2.1919 — у складзе ЛітБел. З жніўня 1919 г. занята польскімі вайскамі, якія адступілі 10 ліпеня 1920 г. (мястэчка пры адступленні моцна пацярпела. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі пасля баёў захапілі Койданаў, што адчыніла ім шлях на Мінск.

У лістападзе 1920 г. у выніку антыбальшавіцкага паўстання на чатыры дні ўтварылася Койданаўская самастойная рэспубліка.

З 1921 г. паводле Рыжскай мірнай дамовы — у складзе БССР. У 1924 годзе Койданаў стаў цэнтрам раёна БССР30 чэрвеня 1937 да 15 студзеня 1938[23] быў у Мінскім раёне). У 1924 г. пачалі дзейнічаць электрастанцыя, Народны дом, фабрыка «Слон». У 1926 г. — 750 дамоў, 5475 жыхароў.

У 1930 годзе савецкія ўлады зачынілі мясцовы касцёл і ліквідавалі каталіцкую парафію[24]. 15 сакавіка 1932 г. паселішча атрымала статус горада. 29 ліпеня 1932 г. бальшавікі змянілі назву паселішча на Дзяржынск у гонар Фелікса Дзяржынскага[25]; чыгуначная станцыя захавала старую назву. У маі 1932 г. адкрыты польскі агранамічны тэхнікум.

Падчас Другой сусветнай вайны з 28 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 г. Дзяржынск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Год Колькасць
1866 1 383
1897 4 744
1909 4 696
1917 4 009
1926 5 475
1939 8 700
1970 11 500
Год Колькасць
1977 10 700
1991 23 700
1993 23 900
1996 24 600
2003 25 000
2006 24 800
2008 24 900
Год Колькасць
2009 25 164 [26][27][…]
2012 25 670
2013 26 052
2014 26 338
2015 26 972
2016 27 225 [28]
2017 27 441
Год Колькасць
2018 27 839
2019 28 253
2019 29 170
2020 29 000 [29]
2021 29 739 [30]
2022 29 863 [31]
2023 29 811 [2]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Гасцініца.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнічаюць гістарычна-краязнаўчы музей і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

У месце паставілі помнік у гонар 850-годзя заснавання Крутагор’я-Койданава-Дзяржынска.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. а б Численность населения на 1 января 2023 г. и среднегодовая численность населения за 2022 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2023.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  4. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  6. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 99.
  7. Живописная Россия. Т. 3: Западная и южная Россия. Ч. 1: Литовское полесье [Очеркъ VI. Историческія судьбы Литовскаго полѣсья]. СПб, 1882. С. 75.
  8. А. Валахановіч. Крутагорская бітва // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 148-149.
  9. Писцовая книга Пинскаго и Клецкаго Княжествъ, составленная Пинскимъ Старостою Станиставомъ Хвальчевскимъ въ 1552-1555 г. Вильна, 1884. С. 187.
  10. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Дзержинский райисполком. Официальный сайт.. Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2011. Праверана 12 кастрычніка 2012.
  11. а б в Шпилевский П. Н. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. — Сс. 92-93.
  12. а б ЭГБ 1996, с. 252.
  13. а б ЭнцВКЛ 2005.
  14. а б в Сыракомля Уладзіслаў. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах (Койданаў. Урыўкі з дзённіка) // Выбраныя творы. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — Сс. 298—303.
  15. а б Дзяржынск // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 8. Мінская вобласць. Кніга ІІ. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Сс. 9-13.
  16. а б Ельскі Аляксандр. Койданава // Выбранае. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. — Сс. 274—281.
  17. Калечыц Валянцін. Зямяне і баяры маёнтка Койданаў Менскага павета ў XVI—XVIII стагоддзях // Герольд Litherland : навуковы геральдычны часопіс. — 2021. ― № 22. ― С. 52―62.
  18. «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  19. а б Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ стагоддзя. — Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. — С. 205.
  20. Филатов Е. Н. Белорусско-литовские земли в 1772—1860 гг.: человек и общество. — Минск: Беларуская навука, 2021. С. 173.
  21. Зьмітрок Бядуля. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі // Беларуская палічка.
  22. Соркіна. С. 237—238.
  23. Winnicki 2005, s. 43.
  24. Winnicki 2005, s. 72.
  25. Winnicki 2005, s. 41.
  26. Перепись населения — 2009. Минская область
  27. Перепись населения — 2009. Минская область
  28. http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/demografiya_2/metodologiya-otvetstvennye-za-informatsionnoe-s_2/index_4945/
  29. Численность населения на 1 января 2020 г. по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2020.
  30. Численность населения на 1 января 2021 г. и среднегодовая численность населения за 2020 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2021.
  31. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]