Комант

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Комант або Скоманд, Скаламенд (ням.: Skumand, літ.: *Gomants/Gomantas, *Komants/Komantas, *Skomantas; ~1225 — кан. 13 ст.) — князь судаўскі, кіраўнік супраціўлення судаваў і іншых прусаў агрэсіі Тэўтонскага ордэна ў 12771283 г.

Лічыцца, што валодаючы Судавай Комант меў рэзідэнцыю на гарадзішчы, якое знаходзіцца ў наваколлі сучаснага горада Элк (Польшча), каля Скамацкага возера (польск.: Skomęckie jezioro), якое гісторыкі атаясамліваюць з замкам Скамандбург (літар. Комантаў замак). Недалека ад гэтага гарадзішча ёсць і веска Скаманты (ням.: Skomentnen, Skomanten, польск.: Skomęntno Wielkie).

У 1273 г., а пасля ў 1278 г. Комант начале судаўскага войска пры падтрымцы войска ВКЛ («русінаў»[1]) спусташыў Кульмскую зямлю ва ўладаннях Тэўтонскага ордэна, ваяваў каля гарадоў Кульма і Торна, замкаў Вельсайс, Граўдэнц, Зантыр, Клемент, Ліпу, Марыенвердэр, Пловіст, Рэдзін, Турніц і Хрыстбург. У 1280 г. немцы спалілі рэзідэндыю Команта, у адказ ён уварваўся і парабаваў Самбію дзе ўзяў у палон Людвіга фон Лібенцэля, але праз нейкі час вызваліў яго. Тымчасова, недзе да 1281 года, Комант з Судавіі, пазбягаючы ціску з боку Ордэна, перасяліўся на Русь — у тую яе частку, што належала ВКЛ, хутчэй за ўсё ў Гародню. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што у часы кіравання Трайдзеня, Комант быў другім чалавекам у ВКЛ пасля вялікага князя. Магчыма, у хуткім часе па сваім пераездзе ў ВКЛ Комант быў пераведзены ў заходнюю Жамойць, — так дазваляе думаць назва вёскі Скоманты (літ.: Skomantų; паблізу Вейвіржэнаў) і вялізнае гарадзішча побач, выдатна ўмацаванае ў 13 ст., якое размешчана непадалёк ад колішняга замка Гедзіміна. З гэтым перыядам жыцця Команта, магчыма, звязана і назва вёскі Гомантлаўкіс («Комантава поле») паблізу Рэтава (цяпер Рэтаўскае староства ў Літве) у Жамойці, а таксама вёскі Каманцішкі (Kamantiškių <*Komantiškių; цяпер у Мяркінскім старостве Літвы) і Коматава (Гродзенскі раён, цяпер затоплена вадасховішчам Гродзенскай ГЭС). Магчыма, менавіта ў Коматава знаходзілася сядзіба Команта, пра якую вядома толькі тое, што заходзілася паблізу Гродна.

У 1282 або 1283 годзе Комант, магчыма незадаволены сваім статусам у ВКЛ пасля смерці Трайдзеня (1282), перабег да немцаў, быў імі ахрышчаны і некаторы час жыў у замку Балга. У 1284 г. Комант быў правадніком і начальнікам прускага атраду ў складзе нямецкага войска падчас паходу на Гародню, а вясной 1285 г. ён атрымаў невялікі надзел зямлі ў Натангіі і разам з трыма сынамі пасяліўся ў тамтэйшай вёсцы Сцігены (ням.: Steegen, польск.: Stegny, прус.: *Stigeni; ад прус.: stīgē — адрына; цяпер Эльбінгскі павет Польшчы). Там ён у хуткім часе і памер. Верагодна, хутка пасля 1285 г. (можа ў 1289) нехта з пражываючых у Сцігенах сыноў Команта мог вярнуцца ў ВКЛ.

Некаторыя гісторыкі, напр. брытанец Стывен Роўвел, які працуе ў Літве тоесніць Камонта са згаданым у «Задоншчыне», аповесці кан. 14 ст., бацькам ці цесцем Гедзіміна Скаламендам. Паводле «Задоншчыны», удзельнікі Кулікоўскай бітвы (1380) Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы называюць сябе праўнукамі Скаламендавымі «Брате Дмитрей, сами есмя собе два браты, сынове Олгордовы, а внуки есмя Едимантовы, а правнуки есми Сколомендовы». Польскі гісторык Ежы Ахманьскі мяркуе, што «праўнукі» трэба разумець ў больш шырокім сэнсе — «нашчадкі», і лічыць Команта дзедам Гедзіміна. Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас не згаджаецца з гэтай інтэрпрэтацыяй і лічыць, што Альгердавічы дакладна і паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, пасля дзеда Гедзіміна, прадзеда — Скаламенда, і ў гэтым кантэксце пераскок праз адну прыступку дынастыі надуманы Е. Ахманьскім. Такім чынам, Комант, калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцем Гедзімінам і другое больш слушна зыходзячы з іншых вядомых крыніц.

Паводле сведчання беларускага этнографа Паўла Шпілеўскага, жыхары Гродзенскай і Ковенскай губерняў яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. спявалі гістарычныя песні пра паходы ятвяжскага князя Команта («Комата»).

Зноскі

  1. Паводле П. Дусбурга; SRP. Bd.I. Nr. 211. (SRP. T. I. — S. 162 (166).)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Охманьски Е. Гедеминовичи — «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь: Черты общности и своеобразия в историческом развитии Руси и Польши XII—XIV вв. М., 1974. С. 358—364.
  • Ochmański J. Gedyminowicze — «prawnuki Skolomendowy» // Ars historica. Poznań, 1976. S. 252—258.
  • Ochmański J. Gedyminowicze — «prawnuki Skolomendowy» // Ochmański J. Dawna Litwa. Studia historyczne. Olsztyn, 1986. S. 358—364.
  • Rowell S.C., Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva, V., 2001.
  • Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорускому краю, Минск, 1992, c. 40.
  • Baranauskas T. Gedimino kilmė // Voruta № 44(278), 1996.11.23;
  • William L. Urban. The Prussian Crusade, 2nd, Chicago, Illinois: Lithuanian Research and Studies Center, 315, 342, 366. ISBN 0-929700-28-7.