Косаўскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Славутасць
Косаўскі замак
Палац Пуслоўскіх
Палац Пуслоўскіх
Краіна Беларусь
Горад Косава
Тып будынка Палац
Архітэктурны стыль неаготыка
Аўтар праекта Францішак Яшчалд
Заснавальнік Вандалін Пуслоўскі
Дата пабудовы 1838 год
Статус Ахоўваецца дзяржавай
Косаўскі замак. Тыльны фасад галоўнага корпуса, 2009.
Косаўскі замак. Рэканструкцыя, 2009.

Косаўскі замак (таксама вядомы як палац Пуслоўскіх) — неагатычны палац у выглядзе абарончага замка, збудаваны ў фальварку Мерачоўшчына, непадалёк ад сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

Змест

[правіць] Гісторыя

Палац пабудаваны графам Вандалінам Пуслоўскім у Мерачоўшчыне ў 1838 г. Удала ўпісаны ў маляўнічы паркавы краявід. Узводзячы сваю рэзідэнцыю ў маляўнічым месцы, Вандалін больш звязваў будаўніцтва палаца з суседняй гістарычнай сядзібай, дзе ў 1746 г. нарадзіўся кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. генерал Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка.

Палац Пуслоўскіх і старадаўняя сядзіба Касцюшкаў разам з паркам стварылі унікальны палацава-паркавы ансамбль, але на яго долю выпалі вельмі складаны лёс і цяжкія выпрабаванні. Пасля задушэння паўстання 1863 г. палац быў канфіскаваны і перайшоў да маскоўскай арыстакратыі, спачатку да купца Аляксандрава, потым князёў Трубяцкіх і, нарэшце, Альдэнбургскіх (да 1914 г. ).

У час Першай сусветнай вайны палац быў моцна разбураны, але пасля праведзенай рэстаўрацыі ён выкарыстоўваўся ў якасці адміністрацыі староства Косаўскага павета. Да 1939 г. у шэрагу залаў захаваліся печы, каміны.

З верасня 1939 г. да 1941 г. у палацы размяшчаліся часці Чырвонай арміі. У перыяд акупацыі гітлераўцы выкарыстоўвалі тэрыторыю палацава-паркавага ансамбля пад гета. У канцы Другой сусветнай вайны палац і дом-сядзіба пацярпелі ад пажару, які знішчыў дэкаратыўную аздобу. Пашкоджаны падмуркі, частка сцен абвалілася, адсутнічае дах. Часткова ацалелі вітражы. Парк вынішчаны ў савецкі час. У 1947 г. Косаўскі райвыканкам распачаў работы па частковаму прыстасаванню замка пад дзіцячы дом. Аднак работы аказаліся не пад сілу выканкаму і былі спынены. У сучасны момант архітэктарамі дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстрэстаў рацыяпраект» распрацаваны генеральны план аднаўлення палаца і сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, а таксама рэканструкцыі парку як адзінага палацава-паркавага ансамбля.

[правіць] Архітэктура

Варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд замяніў распаўсюджаны на той час палацава-паркавы класіцызм гатычнай старажытнасцю. Шэраг даследчыкаў падкрэсліваюць аналогію Косаўскага палаца з замкам Гогенцолернаў у Камянцы-Зембавецкім (Польская Сілезія). У стылі сярэдневяковай готыкі інтэр’еры палаца выканалі архітэктар Уладзіслаў Марконі і дэкаратар Аляксандр Жмурка.

Палац складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса i двух бакавых крылаў, злучаных з iм вузкiмi галерэямi, прарэзанымi высокiмi спічастымі аркамi. Вуглы цэнтральнага корпуса фланкiраваны гранёнымi вежамi рознай вышынi, вуглы бакавых крылаў умацаваны вежападобнымi эскарпамi. Фасады рытмiчна чляняцца спічастымi аркамi, аконнымi праёмамi, перспектыўнымi нiшамi, гранёнымi вежамi. Унутраная планiроўка сiметрычная, характэрная для палацавай архiтэктуры класiцызму. Палац – прыклад спалучэння класiцыстычных прыёмаў у планiроўцы i кампазiцыi з элементамi неаготыкi ў архiтэктурнай аздобе.

Вакол рэзідэнцыі па плане архітэктара Ф. Яшчалда быў закладзены цудоўны парк на ўзор рэнесансных садоў Італіі. Вандалін Пуслоўскі ўключыў у новую кампазіцыю добра захаваны стары парк, які некалі абкружаў дом-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі.

[правіць] Глядзіце таксама

[правіць] Літаратура

  • Rąkowski Grzegorz, "Czar Polesia", Pruszków 2001
  • Hauser Z., "Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi", Warszawa 2005

[правіць] Спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах