Краёвая партыя Літвы і Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Краёвая партыя Літвы і Беларусі
польск.: Stronnictwo Krajowe Litwy i Białorusi
Лідар:

Эдвард Адамавіч Вайніловіч, Раман Аляксандравіч Скірмунт

Дата заснавання:

18 чэрвеня (2 ліпеня) 1907

Дата роспуску:

1908

Штаб-кватэра:

Вільня, Віленская губерня, Расійская імперыя

Ідэалогія:

краёвасць, лібералізм, кансерватызм

Саюзнікі і блокі:

Польскі дэмакратычны саюз Беларусі (1907)

Месцаў у ніжняй палаце:

1 (Станіслаў Ваньковіч)

Месцаў у верхняй палаце:

3 (Эдвард Вайніловіч, Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Дзмітрый Карыбут-Дашкевіч)

Партыйны друк:

«Głos Polski»

Краёвая партыя Літвы і Беларусі, КПЛіБ (польск.: Stronnictwo Krajowe Litwy i Białorusi, руск.: Краёвая партия Литвы и Беларуси) — палітычная партыя ліберальна-кансерватыўнага накірунку «краёвасці» у Расійскай імперыі (у прыватнасці — у Беларусі і Літве) у пачатку ХХ ст., якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-кансерватыўныя лозунгі.

Была заснавана ў 1907 у Вільні краёўцамі-кансерватарамі (галоўным чынам, з ліку мясцовага каталіцкага і польскамоўнага сярэднезаможнага і заможнага дваранства шасці літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі). У яе арганізацыі галоўную ролю адыгралі прадстаўнікі Мінскай губерні — лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Стварэнне партыі дыктавалася імкненнем краёўцаў-кансерватараў мець у III Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі сваіх дэпутатаў, аб'яднаных у адной арганізацыі. Яшчэ раней (у ходзе выбараў у I і II Дзяржаўныя Думы) краёўцы-кансерватары высоўвалі ідэю стварэння сваёй партыі, аднак у канечным выніку дэпутаты-краёўцы абмяжоўваліся ўваходам у шырокія парламенцкія кааліцыі. Партыя змагла правесці ў III Дзяржаўную Думу толькі аднаго дэпутата (Станіслава Ваньковіча), рэарганізавала сваю структуру і прынцыпы для пашырэння ўласнай сацыяльнай базы (у першую чаргу за лік беларускамоўных сялян і інтэлігенцыі) і праіснавала нядоўга (да 1908). Прычыны заняпада партыі былі як знешняга (змяненне выбарчага заканадаўства ў бок звужэння прадстаўніцтва нярускага насельніцтва і рост рэакцыйнасці палітыкі афіцыйных улад пасля заканчэння рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі), так і ўнутранага характару (лаялісцкая пазіцыя членаў адносна афіцыйных (расійскіх) улад не прадугледжвалі радыкальных захадаў у палітычнай дзейнасці).

Змест

Перадгісторыя стварэння партыі[правіць | правіць зыходнік]

МТСГ як цэнтр выпрацоўкі ідэі аўтаноміі Заходняга края ў складзе Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Па прычыне адсутнасці ў «заходніх губернях» («Заходнім краі») земстваў карэнныя (галоўным чынам, каталіцкія і польскамоўныя) дваране, пачынаючы з 1880-х, пачалі згрупоўвацца ў сваіх губернях у сельскагаспадарчыя таварыствы, якія ўзначальвалася прызнанымі аўтарытэтнымі маянткоўцамі і былі ўплывовымі арганізацыямі ў губернях. У хуткім часе, акрамя гаспадарчых (камерцыйных), многія сельскагаспадарчыя таварыствы ў «заходніх губернях» пачалі выконваць і грамадскія функцыі (культурныя, навуковыя, адукацыйныя і г.д.), характэрныя для земстваў, а сядзібы таварыстваў сталі важнымі цэнтрамі грамадскага жыцця губерняў. Лідары сельскагаспадарчых таварыстваў па сутнасці сталі неафіцыйнымі лідарамі карэнных дваран Заходняга края. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) было самым моцным і самым буйным па колькасці членаў у Заходнім краі і фактычна цэнтральным у Паўночна-Заходнім краі, на якое ў сваіх гаспадарчых і грамадскіх дзеяннях аглядаліся іншыя сельскагаспадарчыя таварыствы ў паўночна-заходніх губернях. Асоба доўгачасовага віцэ-старшыні МТСГ Эдварда Вайніловіча, які па сутнасці быў неафіцыйным кіраўніком МТСГ, была шырока вядомай у Заходнім краі (які мясцовыя дваране паралельна называлі ў сваім коле як «Літва і Русь»), а таксама мела высокі аўтарытэт як сярод карэнных дваран у Мінскай губерні, так і іншых паўночна-заходніх (літоўска-беларускіх) губерняў[1].

Карта «Літвы і Русі: Літва, Беларусь, Падолія, Валынь і Украіна», 1911 г. Картограф Юзаф Міхал Базевіч

У час ліберальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі грамадскі рух патрабаваў ад цара ўвядзення прагрэсіўных рэформ, у першую чаргу — увядзення ліберальных свабод і заканадаўчага парламента, што было даўно неабходным. Першапачаткова пад націскам рэвалюцыйных выступленняў расійскі імператар Мікалай II выдаў маніфест ад 6 (19) жніўня 1905, якім уводзіў у Расійскай імперыі законадарадчую Дзяржаўную Думу і аб'яўляў выбары ў гэтую ўстанову.

Тэрыторыя Заходняга края была часткай Рэчы Паспалітай, якую Расійская імперыя атрымала ў выніку трох падзелаў «Найяснейшай Рэспублікі» (1772, 1793, 1795) і дзе напачатку XX ст. (асабліва ў Паўночна-Заходнім краі) яшчэ значным быў працэнт карэннага дваранства. Карэнныя (галоўным чынам, польскамоўныя і каталіцкія) дваране Паўночна-Заходняга края (літоўска-беларускіх губерняў) былі генетычна нашчадкамі шляхты Вялікага Княства Літоўскага і лічылі сябе спадкаемцамі яго гісторыі і традыцый. У сваім коле яны менавалі сваю зямлю «Літвой» (ці «землямі былога Вялікага Княства Літоўскага»), а сябе «літоўцамі» (альбо па-польску — «літвінамі»), хоць адначасова карысталася і палітонімам «палякі», бо перадавалі ад пакалення да пакалення і пранеслі праз усё XIX ст. мару адраджэння былой федэратыўнай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. Выступаючы за салідарнасць з дваранамі з польскіх губерняў (г.зв. «Кангрэсоўкі»), дваране Паўночна-Заходняга края (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні) адчувалі, што ў Расійскай імперыі ў іх больш падобнага па юрыдычным стутусе існавання (галоўным чынам, абмежавальнага і дыскрымінацыйнага па сваім характару) з польскімі дваранамі Паўднёва-Заходняга края (Кіеўская, Валынская і Падольская губерні). Расійская ўлада лічыла Заходні край «адвечна рускай» зямлёй, таму імкнулася асіміляваць ці выціснуць карэннае дваранства (г.зв. «палякаў», «асоб польскага паходжання») з гэтых зямель. Карэнныя ж дваране Паўночна-Заходняга края (фактычна зямель былога ВКЛ) лічылі, што жывуць у цэнтры сваёй радзімы, іх уласнага края, а не абрэзка ці ўскраін («крэсаў») якойсьці ўсяпольскай супольнасці[2]. У дваран Паўднёва-Заходняга края традыцыі самастойнасці і незалежнасці ад варшаўскага цэнтра былі значна слабейшыя, бо тэрыторыя паўднёва-заходніх губерняў да падзелаў Рэчы Паспалітай уваходзіла ў склад ваяводстваў Польскага каралеўства і мясцовае каталіцкае дваранства было ў сваёй большасці этнічна польскім[2]. Выкарыстоўваючы старую геаграфічную тэрміналогію часоў Рэчы Паспалітай, карэнныя дваране Заходняга края («Літвы і Русі») пад «Літвой» разумелі Ковенскую, Віленскую, Гродзенскую і Мінскую губерні, а пад «Руссю» — усе астатнія (Віцебскую, Магілёўскую, (часам Мінскую), Кіеўскую, Валынскую і Падольскую губерні). У рамках «Русі» Віцебская і Магілёўская губерні (а часам і Мінская) імі менаваліся як «Белая Русь» (ці «Беларусь»)[3].

Пачатковы варыянт «краёвай ідэі» у дваран-кансерватараў[правіць | правіць зыходнік]

Палітычная праграма Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (у раздзеле «Przed wyborami») у газеце «Kurier Litewski» (№31, 1905 г.)

Адсюль натуральнай была ідэя супрацоўніцтва ў Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі паміж дэпутатамі ад карэнных дваран заходніх губерняў. Амаль адразу пасля выдання маніфеста ад 6 жніўня 1905 Эдвард Вайніловіч напісаў 16 жніўня 1905 ліст да прафесара Марыяна Здзяхоўскага, у якім разважаў пра роль будучых дэпутатаў ад Заходняга края ў законадарадчай Дзяржаўнай Думе. Ён выказваўся за тое, каб дэпутаты, выбраныя з ліку карэнных дваран Заходняга края, ігралі адметную ролю ў Думе, бо Заходні край («Літва і Русь») мае свае інтарэсы; і сцвярджаў, што яны могуць быць пасрэднікамі паміж групай дэпутатаў ад польскіх губерняў («Польскае Кола») і іншымі дэпутатамі заходніх губерняў[4]. Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Скірмунт, граф Ежы Чапскі, князь Геранім Друцкі-Любецкі, Раман Скірмунт і інш.), усведамляючы сваю грамадскую ролю ў краі і свой уплыў, вырашылі актыўна рыхтавацца да чаканых выбараў у новы дзяржаўны орган і першымі сярод лідараў іншых сельскагаспадарчых таварыстваў сфармулявалі на сходзе МТСГ у Мінску палітычную праграму (з 12 пунктаў), апублікаваную 7(20) кастрычніка 1905 на старонках газеты «Kurier Litewski» (№31, 1905 г.)[5].

Праграма стала адной з першых праяў практычнай рэалізацыі ідэй «краёвасці» — яе ліберальна-кансерватыўнага накірунку — і пастулявала аўтанамісцкія і ліберальна-кансерватыўныя прынцыпы: раўнапраўе ўсіх народаў; прынцыпы свабоды сумлення, веравызнання, слова, стварэння грамадскіх арганізацый і сходаў; раўнапраўе жанчын; недатыкальнасць асобы і жытла без рашэння суда; усеагульнай роўнасці перад законам; свабоды навучання на роднай мове; ліквідацыю пашпартнай сістэмы ўнутры імперыі і ліквідацыю мяжы яўрэйскай аседласці. Акрамя таго палітычная праграма МТСГ патрабавала ўвядзення ўсеагульнай і бясплатнай пачатковай адукацыі, што, на думку лідараў МТСГ, было важным для павышэння дабрабыту і заможнасці сялян і знішчэння ўвогуле саслоўных адрозненняў сялян. Дзеячы МТСГ былі праціўнікамі сацыялістычных ідэй (у першую чаргу — ідэі ліквідацыі права прыватнай уласнасці), таму ў сваёй праграме акцэнтавалі ўвагу на неабходнасць вырашэння праблемы недахопу зямлі ў сялян, але падкрэслівалі, што гэта праблема павінна вырашацца без парушэння права прыватнай уласнасці на зямлю. У палітычнай сферы праграма патрабавала рэарганізацыі Дзяржаўнага Савета і рэарганізацыі Дзяржаўнай Думы з законадарадчай у законадаўчую, пашырэння праў для прадстаўніцтва грамадзян (пашырэнне кола выбаршчыкаў), увядзенне аўтаноміі Заходняга края. Сама апублікаваная палітычная ліберальна-кансерватыўная праграма МТСГ была распрацавана для прадстаўлення яе на земскім сходзе і была ў многіх пунктах сугучна з тымі патрабаваннямі, якія прад'яўляў расійскаму самаўладдзю агульнарасійскі ліберальны рух у ходзе рэвалюцыі[6].

Рэвалюцыйны грамадскі ўздым у Расійскай імперыі дабіўся таго, што расійскі імператар Мікалай II (пасля Кастрычніцкай палітычнай стачкі) быў вымушаны выдаць маніфест 17 (30) кастрычніка 1905, які надаваў аб'яўленай раней законадарадчай Дзяржаўнай Думе (у якую яшчэ не прайшлі выбары дэпутатаў) законадаўчы характар і ўводзіў ліберальныя свабоды (свабоды арганізацый, сходаў, слова і інш.). 11 (24) снежня 1905 расійскім імператарам было прынята новае палажэнне аб выбарах у Дзяржаўную Думу, якое значна пашырала (у адрозненне ад маніфеста 6 жніўня 1905) кола выбаршчыкаў, хоць сама працэдура выбару была двухступнёвай: выбаршчыкі выбіралі прадстаўнікоў у чатырох курыях (памешчыцкай, гарадской, сялянскай і рабочай).

20 лютага (5 сакавіка) 1906 некалькімі нарматыўнымі актамі расійскі імператар Мікалай II увёў змены структуры і прынцыпаў функцыянавання Дзяржаўнага Савета, які станавіўся верхняй палатай парламента, дэпутаты якой выбіраліся на губернскіх земскіх і дваранскіх сходах, сходамі купцоў, прамыслоўцаў і прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. У Дзяржаўны Савет можна было выбіраць толькі дэпутатаў-мужчын, які праходзілі праз цэнз — адукацыйны (не менш, чым сярэдняя адукацыя) і ўзроставы (не маладзей, чым 40 год). Прыгатаванні карэнных дваран Заходняга края (Паўднёва-Заходняга і Паўночна-Заходняга краёў) да выбараў у Думу і Савет адразу з лістапада 1905 суправаджаліся дыскусіяй аб будучай стратэгіі дзеянняў у гэтых установах. Адначасова было вырашана, што неабходна стварыць дзве асобныя групы (колы) дэпутатаў як у Думе, так і Савеце — адна група («кола») ад «заходніх губерняў», другая — ад польскіх. Будучым дэпутатам прапаноўвалася адмовіцца ад стварэння выключна «польскага» блока і згрупавацца з іншымі групамі дэпутатаў (у першую чаргу — з заходніх і ўласна польскіх губерняў) для стварэння кааліцыі[7].

Ідэя стварэння «Краёвай партыі Літвы і Русі» (1905)[правіць | правіць зыходнік]

Лідары сельскагаспадарчых таварыстваў Заходняга края вырашылі балаціравацца ў верхнюю палату парламента (Дзяржаўны Савет), якая была больш прэстыжнай палатай, а менш уплывовыя (і маладзейшыя) члены таварыстваў — у ніжнюю палату (Дзяржаўную Думу). Па сутнасці было загадзя вядома, што ў Дзяржаўны Савет дэпутатам ад Мінскай губерні мясцовымі дваранамі будзе выбраны Эдвард Вайніловіч. Для выбараў у Дзяржаўную Думу (з мэтай аб'яднаць усіх прадстаўнікоў, якія б непасрэдна выражалі інтарэсы карэнных народаў Заходняга края) было вырашана стварыць «краёвую» партыю. Верагодна, гэта Эдвард Вайніловіч адвёў ролю лідара будучай «краёвай» партыі Раману Скірмунту, сыну аднаго з уплывовых лідараў МТСГ Аляксандра Скірмунта, які сам не цягнуўся да палітычнай дзейнасці[8]. Сам Эдвард Вайніловіч лічыў Аляксандра Скірмунта сваім настаўнікам і ўзорам гаспадарчага дзеяча і грамадзяніна края[9]. З сынам Аляксандра Раманам Скірмунтам у Эдварда Вайніловіча ўсталяваліся самыя сяброўскія адносіны — Раман Скірмунт быў верным спаплечнікам і любімым вучнем Эдварда Вайніловіча па гаспадарчай і палітычнай дзейнасці, заўсёды на просьбы Эдварда Вайніловіча выказваўся згодай падтрымаць (як публічнымі прамовамі, так і канкрэтнымі дзеяннямі) любыя яго ініцыятывы[10].

17 (30) лістапада 1905 Раман Скірмунт ад імя кола ўплывовых лідараў МТСГ апублікаваў у газеце «Kurier Litewski» (№65, 1905 г.) артыкул «Адозва Краёвай партыі Літвы і Русі». На гэтым (першапачатковым) этапе свайго развіцця «краёвасць» у краёўцаў-кансерватараў была ідэяй аб'яднаць сілы прыхільнікаў развіцця і росквіту ўсяго Заходняга края (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў) як адзінага цэлага. Адозва спасылалася на праграму МТСГ, згаджаючыся з ёй, і пашырала яе пастулаты: шырокае самакіраванне Заходняга края («Літвы і Русі»), палягчэнне сялянам атрымання банкаўскіх крэдытаў на куплю зямлі і падняцце культуры сельскай гаспадаркі ва ўласнай гаспадарцы. Адозва ўхваляла і падтрымлівала рэформу дзяржаўнага ладу Расійскай імперыі, акрэсленага ў маніфесце 17 (30) кастрычніка 1905. Ухваляла таксама ініцыятывы расійскіх дзяржаўных дзеячоў, накіраваных на «рэфармаванне дзяржаўнага ладу ў духу талерантнасці, свабоды і прагрэсу». Заклікала таксама да стварэння ў будучай Думе асобнага Краёвага кола Літвы і Русі, якое павінна ў сваёй працы звяртацца да дасягненняў, выпрацаваных пакаленнямі людзей на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, каб у духу хрысціянскай этыкі захоўваць прынцыпы мірнага суіснавання народаў, жывучых у Заходнім краі. Падкрэслівалася таксама, што для рэалізацыі гэтай мэты паміж дваранствам і сялянствам «павінна і можа панаваць поўная згода ў грамадскай і палітычнай працы пад лозунгам агульнага дабра супольнай айчыны»[7].

Выкарыстанне геаграфічнай тэрміналогіі Рэчы Паспалітай і вылучэнне Заходняга края як тэрыторыі дзеяння для краёўцаў-кансерватараў (у першую чаргу — мясцовых дваран) было зваротам да мінулага і імкненнем кансалідаваць мясцовае насельніцтва (дваран і сялян рознай этнічнай прыналежнасці) менавіта ў гэтых геаграфічных рамках. Па сутнасці гэта было прыхаваным першым крокам на шляху да аднаўлення былой Рэчы Паспалітай. Галоўнай праблемай гэтых разлікаў было тое, што краёўцы-кансерватары адасаблялі тэрыторыю Паўднёва-Заходняга края (Кіеўская, Валынская і Падольская губерні), дзе пераважала ўкраінскае сялянства, ад іншых губерняў з пераважна ўкраінскім сялянскім насельніцтвам — Чарнігаўскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Кацярынаслаўскай, Херсонскай і Таўрыйскай губерняў. З часоў падзелаў Рэчы Паспалітай украінцы здолелі за XIX ст. каланізаваць землі г.зв. «Наваросіі» (Кацярынаслаўская, Херсонская і Таўрыйская губерні), сфарміраваць свае ўласныя планы па стварэнні асобнай аўтаноміі ў складзе Расіі (ці дзяржаўнасці), якія актыўна імкнуліся ажыццявіць украінская інтэлігенцыя і значная частка мясцовых дваран (як нашчадкаў былой праваслаўнай казацкай старшыны, так і «хлапаманаў» з ліку каталіцкай польскай шляхты). Акрамя таго, паводле першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва (1897) Расійскай імперыі ў Паўднёва-Заходнім краі землеўласнікі-палякі з-за актыўнай урадавай антыпольскай зямельнай палітыкі складалі ўжо толькі 18% ад агульнай колькасці маянткоўцаў у параўнанні з ранейшымі 90% у пачатку 1860-х; а «рускія» землеўласнікі ў 1897 там складалі 70% маянткоўцаў. У Паўночна-Заходнім краі колькасць землеўласнікаў, якія менавалі сябе «палякамі», скарацілася з 94% ад агульнай колькасці маянткоўцаў у 1860-ыя толькі да 51% у 1897 і прадстаўлялі сабой адносную большасць[11]; а «рускія» землеўладальнікі ў 1897 складалі 45%[12].

Ідэя стварэння «Краёвай партыі Беларусі і Літвы» (1906)[правіць | правіць зыходнік]

«Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі», надрукаваная ў выдавецтве газеты «Kurier Litewski», паміж 1905—1910 гг.

Чарговая, утрыманая ў ліберальна-кансерватыўным тоне адозва («Адозва Краёвай партыі Беларусі і Літвы»), якую таксама прыслаў Раман Скірмунт, была надрукавана 11 (24) студзеня 1906 у газеце «Kurier Litewski» (№ 7-8, 1906 г.) і заклікала да стварэння «Краёвай партыі Беларусі і Літвы». Лідары МТСГ ужо акрэслівалі тэрыторыю для дзеяння новай партыі толькі літоўска-беларускімі губернямі (Ковенская, Віленскай, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні). Прычынай выключэння Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў з планаў дзеяння «краёвай партыі» былі разгорнутыя на «поўдні Расіі» (г.зн. на Украіне[13]) украінскімі сялянамі шматлікія пагромы маёнткаў землеўласнікаў-палякаў у ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі. У адозве Раманам Скірмунтам тлумачылася, што падбухторнікамі пагромаў былі сацыялістычныя партыі, а віноўнікамі — лібералы-кадэты, якія ўхвалялі пераход часткі зямель маянткоўцаў да малазямельных сялян: «Для атрымання падтрымкі натоўпаў заахвочвалі малазямельных да знішчэння і рабунку чужой маёмасці на вёсцы. Крык жаху і роспачы разышоўся на ўвесь цывілізаваны свет пасля звестак аб саромных пагромах капіталістаў і купцоў у некаторых гарадах паўднёвай Расіі. Крык жаху з грудзі людзей, якія самі свядома пачыналі аграрны пажар»[14][15].

«Адозва Краёвай партыі Беларусі і Літвы» у газеце «Kurier Litewski» (№7-8, 1906 г.)

Толькі пазней ананімны аўтар пад крыптонімам «Samotny» прапанаваў у артыкуле «Сканфедэраваныя тры колы», дасланым у газету «Kurier Litewski» (№ 88, 1906 г.), стварыць у Дзяржаўнай Думе кааліцыю з трох дэпутацкіх кол: Кола Каралеўства Польскага; Кола Літвы і Беларусі; і Кола Украіны (з усіх украінскіх земляў — разам з «Задняпроўем»)[16].

Артыкул Эдварда Вайніловіча «Польскае кола» у газеце «Kurier Litewski» (№80, 1906 г.)

Абвастрэнне адносін (прычым не толькі на маёмаснай глебе) паміж украінскім сялянствам і польскімі маянткоўцамі ў Паўднёва-Заходнім краі рабіла немагчымым супрацоўніцтва на аснове «краёвай ідэалогіі» кансерватыўнага накірунку, што, у прынцыпе, можна было чакаць загадзя. У адрозненне ад украінскіх зямель, «краёвая ідэя» атрымала ў 19051906 вялікі водгук і аказалася вельмі запатрабавальнай у літоўска-беларускіх губернях. Пачатку вялікай дыскусіі адносна праблем і супольнай будучыні паўночна-заходніх губерняў, а таксама ўзаемаадносін мясцовых народаў спрыяла фармаванне побач з ліберальна-кансерватыўным ліберальна-дэмакратычнага накірунку «краёвасці», што стала прычынай атрымання «краёвай канцэпцый» новых граняў і яе шырокага распаўсюджання ў грамадскай палеміцы літоўска-беларускіх губерняў.

У «Адозве Краёвай партыі Беларусі і Літвы» (11 студзеня 1906) часовы камітэт будучай партыі заклікаў усіх, хто падтрымлівае погляды партыі, каб на падставе царскага Маніфеста ад 17 кастрычніка 1905, які «стварыў шырокі падмурак для развіцця дзяржаўнага жыцця, у духу цывілізацыі свабоды, права і парадку», пачаць актыўную палітычную дзейнасць, не займацца зараз спрэчкамі малой вагі, адкладваючы іх на пазнейшы час. Адозва звярталася зноў да прынцыпаў, указаных у апаблікаванай раней праграме МТСГ, як падмурка для дзеянняў будучай партыі; заклікала тых, якія былі гатовыя «для абароны прынцыпаў свабоды, права, з асаблівым улікам інтарэсаў шырокіх народных мас, дзяржаўнага і грамадскага парадку, якія разумеюцца ў хрысціянскім духу», згрупавацца. Аб'яўлялася, што ў хуткім часе будзе разаслана запрашэнне да зацікаўленых асоб на з'езд у Мінск. Лідары МТСГ хацелі стварыць такую «краёвую партыю», каб яна была прывабнай для прадстаўнікоў палякаў, беларусаў, літоўцаў і латышоў і каб дэпутаты ад паўночна-заходніх губерняў, з-за адсутнасці мажлівасці рэалізаваць іншым спосабам свае памкненні, не далучаліся да расійскай партыі кадэтаў, якая выступае (акрамя падтрымкі ліберальных ідэй — агульныя, непасрэдныя і тайныя выбары і інш.) за перадачу ад буйных і сярэдніх зямельных уласнікаў часткі зямлі сялянам. Цікава, што ў прапанаванай Рамана Скірмунтам назве будучай партыі слова «Беларусь» было пастаўлена на першым месцы, а «Літва» на другім («Краёвая партыя Беларусі і Літвы»)[17].

Тым не менш, ідэя стварэння «краёвай» партыі, якая б ахоплівала тэрыторыю ўсяго Заходняга края не была адхілена цалкам: было вырашана паспрабаваць арганізаваць два сходы — у Вільні і Кіеве для стварэння дзвюх асобных «краёвых» партый, а пасля дзейнічаць кансалідавана[18]. 11 красавіка 1906 Эдвард Вайніловіч падтрымаў ініцыятыву стварэння «краёвай» партыі, апублікаваўшы на старонках газеты «Kurier Litewski» (№80, 1906) свой артыкул «Польскае кола», у якім адназначна выказваўся, што не варта «польскім» дэпутатам заходніх губерняў у Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі ўваходзіць у фракцыю дэпутатаў ад «Каралеўства Польскага», а трэба стварыць самастойную фракцыю, падкрэсліўшы неабходнасць салідарнасці ўсіх дэпутатаў з зямель былой Рэчы Паспалітай («Польшчы»). У артыкуле ён выказаўся за права кожнаму дэпутату самастойна вызначаць сваю пазіцыю, а не быць марыянеткай у руках выбаршчыкаў. Вайніловічам некалькі раз паўтаралася ідэя, што нельга чакаць падказак з-за Буга[19] ці з-за Дзвіны[20], а трэба «адчуваць уласную глебу пад нагамі» і кіравацца выключна інтарэсамі свайго краю: «Прыйшоў час, калі трэба быць самімі сабою, мець розум, браць не тое, што вецер прынясе, а тое, што трэба…». Пад «уласнай глебай» пад нагамі ён разумеў «тое, што дае плён, што свойскае, што з'яўляецца вынікам мінулага, яго звычаяў і развіццём краёвай культуры». Разуменне гэтага можа быць падставай стварэння дэпутатамі «Краёвай партыі Літвы і Русі». Задачай партыі Вайніловіч лічыў аб'яднанне ў яе шэрагах усіх іншых партый, якія ўзніклі на глебе «мясцовых патрэб», у т.л. Канстытуцыйна-Каталіцкай партыі Літвы і Беларусі віленскага біскупа (1904—1907) Эдварда Ропа (1851—1939) і нават губернскіх сельскагагаспадарчых таварыстваў, «бо ўсе яны хочуць працаваць для дабра Літвы і Русі і імкнуцца да роўнасці народаў, што спрадвеку насяляюць гэты Край»[21].

«Краёвае кола Літвы і Русі» у I Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі (1906)[правіць | правіць зыходнік]

Аднак у той час «краёвая партыя» не была створана. Пасля выбараў дэпутаты з ліку каталіцкіх дваран (г.зв. «палякаў») Заходняга края стварылі ў I Дзяржаўнай Думе толькі групоўку (20 чалавек — у тым ліку Раман Скірмунт) пад назвай «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»), лідары якога надрукавалі 13 (26) чэрвеня 1906 на старонках газеты «Kurier Litewski» (№130, 1906 г.) сваю праграму («Дэпутацкае кола Літвы і Русі. Праграма прынцыпаў»). Яны ўказвалі, што да складу групоўкі «маглі б увайсці дэпутаты-непалякі з Літвы і Русі», калі прымаюць прынцыпы гэтага дакумента. Прынцыпы ў вялікай меры супадалі з прынцыпамі, якія былі выпрацаваны ў МТСГ і ўпісваліся ў рэчышча ліберальных рэформ, што праводзіліся ў Расійскай імперыі пад напорам ліберальна-дэмакратычнага грамадскага руха. У праграме сцвярджалася, што развіццё дзяржавы залежыць ад функцыянавання ў ім канстытуцыйна-парламентарнага ладу, які абапіраецца на ліберальныя прынцыпы свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і арганізацый, недатыкальнасці асобы і месца жыхарства. Выказвалася за раўнапраўе ўсіх грамадзян (без размежавання па веравызнанні і нацыянальнасці) і ліквідацыю саслоўных адрозненняў; за забеспячэнне праў нацыянальных меншасцяў; прапаноўвалася ўвядзенне рэгіянальнага самакіравання з максімальна шырокімі кампетэнцыямі, што было б першым крокам да стварэння ў Расійскай імперыі «аўтаномнага ўладкавання, які б, аднак, не парушаў цэласці дзяржавы». Граніцы рэгіянальнай аўтаноміі павінна было акрэсліць само насельніцтва. Выказваліся за праўнату праў для мясцовых моў і ўжывання іх нароўні з рускай мовай у дзяржаўных установах (адміністрацыйных, судовых, адукацыйных і культурных). У тым плане пастулявалася бясплатнае пачатковае навучанне на прынцыпах раўнапраўя мясцовых моў. Патрабавалася неўмяшальніцтва ўлад у справы каталіцкага касцёла. Найбольш супярэчлівымі былі погляды на аграрнае пытанне: дапускаліся два варыянты вырашэння праблемы, якія адпавядалі поглядам двух фракцый, паўсталых у Коле: побач са шляхам паляпшэння якасці глебы і павелічэння памеру зямельнай уласнасці праз свабодную куплю, прапаноўваўся радыкальны метад пераходу дзяржаўнай і кляштарнай зямлі і прымусовы пераход часткі прыватнай зямлі за кампенсацыю па рынкавым кошце. Выкананне аграрнай праграмы прапаноўвалася даручыць органам рэгіянальнага самакіравання[22]. «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі») аб'ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (г.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склала з ім ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў», у якую яшчэ ўвайшлі ўсе нацыянальныя групы дэпутатаў (63 дэпутата — татары, грузіны і інш.)[23]. Цалкам гэтая вялікая парламенцкая кааліцыя («Саюз аўтанамістаў») налічвала ў I Дзяржаўнай Думе да 120 чалавек і была моцным аб'яднаннем сіл для дасягнення дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі і нацыянальнага раўнапраўя.

На працэс фарміравання палітычных арганізацый у Расійскай імперыі паўплывала новая падзея: 8 (21) ліпеня 1906 Мікалай II выдаў маніфест, паводле якога распускаў I Дзяржаўную Думу, што было выклікана радакалізацыяй настрояў яе дэпутатаў, патрабаваўшых увядзення адказнасці ўрада перад Думай, ліквідацыі Дзяржаўнага Савета і правядзення радыкальнай аграрнай рэформы. Роспуск Думы суправаджаўся заменай Івана Гарамыкіна Пятром Сталыпіным на пасадзе міністра ўнутраных спраў. Групоўка дэпутатаў заходніх губерняў «Краёвае кола Літвы і Русі» у сваёй адозе, надрукаванай 16 (29) ліпеня 1906 у газеце «Kurier Litewski» (№158, 1906 г.), выказвалася супраць палітыкі Гарамыкіна, які не толькі не сцішыў рэвалюцыйныя настроі ў імперыі, але і не вылучаўся зычлівасцю адносна жыхароў Заходняга края, не ліквідаваўшы выключныя законы і прававыя абмежаванні адносна «асоб польскага паходжання», што былі ўведзены, галоўным чынам, пасля паўстання 1863—1864 гадоў. У адозве заяўлялася, што «толькі згодная, цвярозая і разважлівая праца прывядзе да росквіту культуры і да дабрабыту любімага ўсімі намі края», і заклікалася прыняць удзел у выбарах новай Дзяржаўнай Думы[24].

Паслабленне пазіцый «краёўцаў» у II Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі (1907)[правіць | правіць зыходнік]

Выбары ў II Дзяржаўную Думу, якія суправаджаліся актыўным ўмяшальніцтвам урада на прадвыбарную кампанію і галасаванне, зменшылі колькасць «польскіх» дэпутатаў-дваран з Заходняга края да 11 асоб (у адрозненні ад 20 дэпутатаў у I Дзяржаўнай Думе): 6 асоб ад Віленскай, 2 — ад Віцебскай, па 1 — ад Гродзенскай, Магілёўскай і Падольскай. Ад Мінскай, Валынскай і Кіеўскай мясцовым дваранам увогуле не ўдалося выбраць менавіта свайго кандыдата. Яны далучыліся ў Дзяржаўнай Думе да «Польскага кола» (групоўкі дэпутатаў ад польскіх губерняў), лідарам якога стаў дэпутат Раман Дмоўскі, кіраўнік і галоўны ідэолаг Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (г.зв. «эндэкаў»), што вызначаў парламенцкую тактыку гэтай фракцыі. Да «Польскага кола», акрамя 10 маянткоўцаў і 1 ксяндза, далучыўся яшчэ адзін дэпутат ад заходніх губерняў — селянін Шыман Пілейка. «Кола» дзейнічала ў Думе дысціплінавана, аднастайна; калі і выпускала сваіх прамоўцаў да трыбуны, то толькі для групавых заяў. Дмоўскі прадстаўляў сябе не толькі як дэпутат ад польскіх губерняў, але і выказваўся ад імя злучаных з «Польскім колам» 12 дэпутатаў-«палякаў» ад заходніх губерняў; пастуляваў важнасць і пяршынства інтарэсаў уласна польскіх губерняў (г.зв. «Кангрэсоўкі») і палякаў; заяўляючы, што інтарэсы і патрэбы польскага народа не абмяжоўваюцца, толькі ўладкаваннем спраў у польскіх губернях, указваў, што патрэбы і інтарэсы палякаў павінны быць задаволены і ў заходніх губернях, якія павінны працаваць толькі на агульнапольскія патрэбы і ўзмацненне пазіцый палякаў. Сялянскія дэпутаты ад беларускіх губерняў былі выбраныя ў Думу з дапамогай урада, належалі да «правых» фракцый, выказваліся супраць увядзення аўтаноміі края, абвінавачвалі «палякаў» у жаданні апанаваць Заходні край, падтрымлівалі прарускія лозунгі абароны «веры, цара і айчыны» ад унутраных і знешніх «ворагаў», падтрымлівалі ідэі дадатковага надзялення сялян зямлёй на правах уласнасці. Накірункі прамоў «правых» дэпутатаў-сялян ад заходніх губерняў вызначаліся «адукаванымі настаўнікамі» — расійскім урадам і лідарамі рускіх праманархічных фракцый[25].

Такая сітуацыя ў II Дзяржаўнай Думе (г.зн. «эндэцкія» і прарускія настроі многіх дэпутатаў ад заходніх губерняў) выклікала незадаволенне прыхільнікаў ідэй «краёвасці», асабліва Эдварда Вайніловіча, які ў той час быў дэпутатам Дзяржаўнага Савета і старшынём у ім групоўкі дэпутатаў «Польскае кола» (і адначасова старшынём яго часткі — групоўкі дэпутатаў «Кола Літвы і Русі» у Савеце). Вайніловіч меў у Санкт-Пецярбургу некалькі размоў з лідарам «эндэкаў» Дмоўскім і не змог прыняць яго ідэі[26]. Аднак работа ніжняй палаты расійскага парламента была кароткай, бо II Дзяржаўная Дума, сабраная 20 лютага 1907, была хутка распушчана паводле царскага маніфеста ад 3 чэрвеня 1907.

Працэс заснавання партыі[правіць | правіць зыходнік]

Рашэнне МТСГ аб стварэнні «краёвай» партыі[правіць | правіць зыходнік]

Гэтыя падзеі актывізавалі дзейнасць мясцовага дваранства літоўска-беларускіх губерняў, асабліва ў Мінскай губерні, дзе лідары МТСГ аднавілі спробы стварыць даўно аб'яўленую ў прэсе ўласную «краёвую партыю», якая б супрацьстаяла «эндэкам» (у першую чаргу — у Дзяржаўнай Думе). У гэты час, пасля выдання ў Расійскай імперыі ў сакавіку 1906 новай уставы аб таварыствах, дазваляўшай «асобам польскага паходжання» свабодна ўзначальваць таварыствы, 12 сакавіка 1907 Эдвард Вайніловіч з пасады віцэ-старшыні МТСГ быў абраны на пасаду старшыні, а віцэ-старшынём МТСГ быў абраны Раман Скірмунт, «правая рука» Вайніловіча. У маі 1907 у Мінску ў час пасяджэнняў МТСГ вузкім колам яго лідараў было вырашана, што роля арганізатара партыі адводзіцца віцэ-старшыні МТСГ Раману Скірмунту, а з'езд прадстаўнікоў мясцовага дваранства паўночна-заходніх губерняў для яе афіцыйнага заснавання трэба склікаць 17 (30) чэрвеня 1907 у Вільні[27][28]. Планавалася надаць рэальныя (г.зн. партыйныя) формы ідэям «краёвасці». Лідары МТСГ вырашылі запрасіць на з'езд толькі тых мясцовых землеўласнікаў, якія не сімпатызуюць «эндэкам» (г.зн. прыхільнікам Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі), — для таго, каб ухіліцца ад доўгіх дэбатаў па прынцыповым прытанням. Раман Скірмунт у сваю чаргу направіў запрашэнні да ўдзелу ў з'ездзе прыхільніку літоўскага (балтамоўнага) руху вядомаму навукоўцу і артысту двараніну Тадэвушу Доўгірду (сузаснавальніку разам з Ёнасам Басанавічусам Літоўскага навуковага таварыства). Неабходнасць стварэння партыі, якая б аб'яднала прыхільнікаў краёвасці — супольнага суіснавання мясцовых народаў на падставе роўнасці, паразумення і павагі, дыктавалася ростам уплыву ў краі «эндэкаў» і «літваманаў»[29].

Віленскі з'езд (1907) і стварэнне партыі[правіць | правіць зыходнік]

17-18 чэрвеня (1-2 ліпеня) 1907 у Вільні адбыўся з'езд землеўладальнікаў шасці «паўночна-заходніх» (беларуска-літоўскіх) губерняў, які прыняў рашэнне пра стварэнне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі», зацвердзіў яе праграму, што была падпісана 23 дэлегатамі з 30: Эдвард Вайніловіч, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі (1848—1932), Станіслаў Ваньковіч (1860—1937)[30], Міхал Валовіч, Юліян Талочка, Казімір Здзяхоўскі, Міхал Мяйштовіч, Аляксандр Хамінскі (1859—1936), Марцін Пачобут-Адляніцкі, Эдмунд Барткевіч, Тадэвуш Дамбоўскі, Эдвард Бельскі, Казімір Шафнагель, Дзмітрый Карыбут-Дашкевіч (1856—1924), граф Фелікс Броель-Плятэр (1849—1924), граф Адам Замойскі, Чэслаў Янкоўскі (1857—1929), Ян Келчэўскі, Караль Незабытоўскі (1865—1952), Канстанцін Скірмунт (1866—1949), Павел Коньча (1845—1917), Караль Салмановіч і Ян Урсын-Нямцэвіч[31].

Сама партыя стваралася не як федэрацыя асобных польскай, літоўскай і беларускай фракцый (ці ўнітарных арганізацый, як таго пачаткова хацеў Раман Скірмунт), якая аб'ядноўвае на грунце «краёвасці» палякаў, літоўцаў і беларусаў, а як «польская» партыя, хоць дыстансуючая сябе ад ідэй «эндэкаў» і ўсялякіх форм нацыяналізма. Стваральнікі партыі (краёўцы-кансерватары) лічылі, што «палякі» у краі прадстаўлены выключна дваранамі-маянткоўцамі, прычым мясцовымі (аўтахтонамі), моцна звязанымі з інтарэсамі края і сялянства, пад якім разумеліся «літоўцы» і «беларусы». Па сутнасці, тэрмін «палякі» быў для іх палітонімам (звязваўся з ідэяй адраджэння «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай), бо ўсе яны выступалі за адасобленасць свайго «края» («Літвы», зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) ад карэнных польскіх губерняў. Абшырны каментарый пасля апублікаванай у газеце праграмы партыі ўказваў, што створаная партыя павінна стаць першай самастойнай (нефіліяльнай) палітычнай партыяй Літвы і Беларусі, якая хоча згрупаваць «палякаў» на гэтых землях на падставе згоднай, мірнай і брацкай агульнай грамадзянскай працы ў краі супольна як з яго аўтахтонным сялянскім насельніцтвам (літоўцамі і беларусамі), так і рускім, які не на падставе прывілеяў, а роўных праў і абавязкаў хоча прыняць удзел у краёвым жыцці. Разумеючы, што «палякі» складаюць меншасць у краі, у каментарыі падкрэслівалася роля, якую яны выконваюць для развіцця края як «элемент» неаспрэчна важны, бо, па-першае, адукаваны, а па-другое, — як уласнікі значных абшараў зямлі (нерухомай маёмасці). Дадавалася, што маянткоўцы з'яўляюцца ў «Літве і Беларусі» найкультурнейшай і найзаможнейшай часткай аўтахтоннага насельніцтва. Указвалася, не ўспамінаючы імя Рамана Скірмунта, што стварэнне не ўнітарнай «польскай» партыі, а федэрацыйнага саюза прадстаўляецца пакуль заўчасным, бо ў многіх жыхароў края не выпрацавалася яшчэ «краёвага грамадзянскага духа, не зачмуранага, напрыклад, нацыянальным антаганізмам, класавымі сварамі, барацьбой за першае месца не ў працы, а ў верхаводстве». Выказвалася, што, можа, у будучым, такое становішча будзе дасягнута, а пакуль Краёвая партыя Літвы і Беларусі будзе выконваць ролю адной «з падмуркавых цаглін таго вялікага будынка Краёвага Саюза». Членства ў партыі прадугледжвалася толькі для маянткоўцаў. Галоўнай мэтай арганізатары ставілі паслабленне адмоўных уплываў «эндэкаў» (прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі), шкодных неабдуманай методыкай дзеяння ў Заходнім краі і самаўпэўненых у сабе. «Эндэкам» было прапанавана ўсвядоміць, што з той хвіліны страчваюць манаполію на ўжыванне шыльды адзінай «польскай партыі» у Літве і Беларусі[32].

Свой подпіс пад такімі фармуліроўкамі праграмы партыі адмовіліся паставіць прадстаўнікі землеўласнікаў і інтэлігенцыі Ковенскай губерні (6 асоб), бо яны палічылі, што партыя ствараецца як выключна польская. Не падпісаў праграму партыі і Раман Скірмунт, які выказваўся, што партыя павінна мець не землеўладальніцкі, а больш дэмакратычны, надсаслоўны і наднацыянальны характар і функцыянаваць на падставе федэрацыйнага саюза[33].

Старшынём рады партыі быў абраны Эдвард Вайніловіч, першым намеснікам — Юліян Талочка, другім намеснікам — доктар Тадэвуш Дамбоўскі, сакратаром — Чэслаў Янкоўскі, скарбнікам — Эдмунд Барткевіч. У склад кіраўніцтва партыі таксама ўвайшлі такія ўплывовыя землеўладальнікі як Аляксандр Хамінскі, Станіслаў Ваньковіч, Чэслаў Янкоўскі, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Міхал Мяйштовіч, Дзмітрый Карыбут-Дашкевіч, Караль Незабытоўскі, Канстанцін Скірмунт, — галоўным чынам прадстаўнікі Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў. Акрамя таго словы «Беларусь» і «Літва» былі перастаўлены месцамі ў назве партыі і яна афіцыйна пачала менавацця як «Краёвая партыя Літвы і Беларусі». Праграма партыі была надрукавана ў газеце «Głos Polski» (№4, 1907 г.), якая стала афіцыйным выданнем партыі. Рэдактарам газеты «Głos Polski» («Польскі голас») стаў Чэслаў Янкоўскі, а сакратаром рэдакцыі — Марыян Шадурскі[34][35].

Чэслаў Янкоўскі, сведка падзей на сходзе новай партыі, пазней патлумачыў, што недахопы і недарэчнасці тэксту праграмы былі вынікам паспешнасці, якая суправаджала арганізацыйны з'езд партыі ў Вільні і ўплывала на яго ўдзельнікаў. Арганізатары былі пастаўлены тады перад выбарам: альбо радзіцца доўга, рызыкуючы, што не будзе дасягнуты станоўчы вынік; альбо згадзіцца («ад бяды») на пункты і параграфы, якія пасля можна будзе скарэктаваць ці замяніць. Быў выбраны як раз другі варыянт, вынікам чаго стала стварэнне партыі і яе праграмы, даючай мажлівасць для яе крытыкі і пачатка працы ў шырэйшым фармаце[36].

Кіеўскі з'езд і Польская краёвая партыя Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў[правіць | правіць зыходнік]

Амаль адначасова, 27 жніўня 1907 у Кіеве па ініцыятыве князя Рамана-Даміяна Сангушкі (1832—1917) прайшоў невялікі сход прадстаўнікоў мясцовага польскамоўнага і каталіцкага заможнага (Замойскія, Патоцкія, Тышкевічы) і сярэднезаможнага дваранства з трох «паўднёва-заходніх губерняў», на якім была створана Польская краёвая партыя Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў. Партыя спрабавала стварыць ва Украіне (з вялікай канцэнтрацыяй латыфундый польскіх землеўладальнікай) міжнацыянальную палітычную партыю, каб пераадолець палітычную ізаляцыю, у якой апынуліся мясцовыя польскія маянткоўцы. Аднак гэтая «краёвая» партыя хутка знікла, бо набыла выразна арыстакратычны характар і ідэі «краёвасці» не мелі глыбокага рэха ў мясцовай палеміцы Паўднёва-Заходняга края[37].

Палітычная дзейнасць партыі[правіць | правіць зыходнік]

Крытыка апанентаў і супернікаў у бок «краёвай» партыі[правіць | правіць зыходнік]

Краёвая партыя Літвы і Беларусі не адыграла адметнай ролі на палітычнай арэне. Стварэнне партыі выклікала шматлікія выпады ў бок яе арганізатараў. На старонках самых уплывовых у краі польскамоўных газет «Kurier Litewski» і «Dziennik Wileński» апаненты «краёўцаў» размясцілі шэраг крытычных артыкулаў.

У прыхільнікаў партыі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў», «эндэцыі») на тэрыторыі паўночна-заходніх губерняў вялікае незадавальненне выклікала адсутнасць у праграме Краёвай партыі Літвы і Беларусі спецыфічна польскіх патрабаванняў і тое, што інтарэсы польскага народа разглядаліся ў сувязі з інтарэсамі іншых народаў краю. «Эндэкі» пабачылі выразны першы крок арганізацыі партыі на прынцыпах палітычнай самастойнасці мясцовых дваран і прызнання праў нацыянальнага развіцця літоўцаў і беларусаў[38]. Гэта нават дало падставы аднаму з аўтараў «эндэцкага» выдання «Dziennik Wileński» нават заявіць, што краёўцы імкнуцца адарваць «Літву»[39] ад Каралеўства Польскага[40].

Краёўцы-дэмакраты ўбачылі ў дадзеным варыянце арганізацыі Краёвай партыі выразнае імкненне да абароны ўласных сацыяльна-эканамічных інтарэсаў — інтарэсаў сярэднезаможнага і заможнага мясцовага дваранства (галоўным чынам, каталіцкага і польскамоўнага). Людвік Абрамовіч (1879—1939), прадстаўнік ліберальна-дэмакратычнага накірунка краёвасці, ахарактарызаваў у прэсе Краёвую партыю Літвы і Беларусі як «аб'яднанне кансерватараў»[40]. Баляслаў Ялавецкі (1843—1918) ахарактарызаваў Краёвую партыю Літвы і Беларусі як «партыю без твару, без сілы і без смеласці», да якой сацыяльныя нізы (літоўскамоўнае і беларускамоўнае сялянства) ніколі не далучацца, бо яе праграма супярэчыць назве. Ён з'едліва напісаў, што «узнікла эндэцыя № 2» з выразнай «кансерватыўна-каставай» афарбоўкай — «гэта войска правадыроў, якія не маюць жаўнераў, можа існаваць толькі на паперы»[40].

Няўдача на выбарах у III Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У ходзе выбараў у III Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі дэпутатам (з 1 лістапада 1907) стаў толькі адзін яе член — Станіслаў Ваньковіч, уласнік маёнткаў Петаш (у Віленскім павеце Віленскай губерні) і РудаковаРэчыцкім павеце Мінскай губерні), што, на думку Чэслава Янкоўскага, было вынікам больш папулярнасці краёвай ідэі, чым эфектыўнасці партыйнай выбарчай кампаніі[41]. Газета «Głos Polski» атрымала толькі каля 200 падпісчыкаў і праіснавала кароткі час (усяго выйшла 5 нумароў).

Рэарганізацыя структуры і праграмных прынцыпаў КПЛіБ (1908)[правіць | правіць зыходнік]

Лідар Краёвай партыі Літвы і Беларусі Эдвард Вайніловіч у той час быў дэпутатам Дзяржаўнага Савета і страшынём у ім групоўкі дэпутатаў «Польскае кола» і не планаваў быць лідарам партыйнай фракцыі ў Дзяржаўнай Думе. Напэўна, не без уплыва Эдварда Вайніловіча, які, верагодна, з самага пачатку планаваў Рамана Скірмунта на пасаду кіраўніка Краёвай партыі Літвы і Беларусі, у студзені 1908 у партыю ўступіў Раман Скірмунт. З таго часу менавіта Раман Скірмунт, а не яе фармальны кіраўнік Эдвард Вайніловіч, працягнуў справу па ўмацаванні пазіцый партыі на палітычнай арэне края[42]. Скірмунт разгарнуў працу па пашырэнні сацыяльнай базы прыхільнікаў партыі, заяўляючы на старонках газеты «Kurier Litewski» у палеміцы з Андрэем Тупальскім, што Краёвая партыя Літвы і Беларусі не з'яўляецца партыяй буйных землеўласнікаў, заснаванай для абароны толькі ўласных інтарэсаў[43]. Ён таксама стаў ініцыятарам правядзення агульнапартыйнага схода, дзе планаваў правесці кардынальныя змены ў праграме партыі.

13 лютага 1908 у Вільні адбыўся сход партыі, на якім Раман Скірмунт зачытаў даклад «Развіццё прынцыпаў і мэт праграмы». На парадку дня схода таксама стаялі пытанні пра выбары новага кіраўніцтва партыі (па сутнасці — планаванага сыходу Эдварда Вайніловіча з пасады яе фармальнага кіраўніка і абрання Рамана Скірмунта), выхаду з партыі Станіслава Ваньковіча і Тадэвуша Дамбоўскага (якія далучыліся да грамадскага аб'яднання Польскі саюз краёвай працы), зацвярджэнне новай праграмы, якая б прывабіла больш шырокія колы насельніцтва (асабліва, сялян і інтэлігенцыю) і ператварыла партыю ў масавую палітычную арганізацыю. Сход ухваліў прапанаваныя прынцыпы рэарганізацыі партыі («Прынцыпы арганізацыі Краёвай партыі Літвы і Беларусі») і абраў Рамана Скірмунта кіраўніком партыі[44][45]. Прыкметна, што Краёвая партыя Літвы і Беларусі пачала складацца з двух («беларускага» і «польскага») аддзяленняў, якія павінны скаардынавана вырашаць уласныя задачы[46]. Улічваючы тое, што адсутнічала «літоўскае» аддзяленне; што пад «палякамі» краёўцамі-кансерватарамі разумеліся толькі карэнныя (польскамоўныя і каталіцкія) землеўласнікі-маянткоўцы, а «беларусамі» і «літоўцамі» — адпаведна беларускамоўныя і літоўскамоўныя сяляне, сацыяльнай апорай партыі павінны былі служыць беларускія губерні Паўночна-Заходняга края (у першую чаргу выключалася Ковенская губерня — асноўная тэрыторыя літоўскага (балтамоўнага) нацыянальнага руху). Пераўтварэнні былі відавочнай праявай пэўнага зруху пазіцый партыі, заснаванай краёўцамі-кансерватарамі, у бок ліберальна-дэмакратычнай плыні «краёвасці» і імкнення наладзіць супрацоўніцтва з беларускім сялянствам і інтэлігенцыяй, сярод якіх шукалася масавая падтрымка партыі[47].

Так прынцыпы арганізацыі «краёвай партыі» прайшлі ў краёўцаў-кансерватараў эвалюцыю ад ідэі аб'яднання лідараў мясцовых каталіцкіх дваран Заходняга края («Літвы і Русі») да супрацоўніцтва дваран і сялян беларускіх губерняў.

Заняпад палітычнай дзейнасці КПЛіБ[правіць | правіць зыходнік]

Аднак партыя хутка сышла з палітычнай арэны. Эдвард Вайніловіч у сваіх мемуарах адзначыў, што Краёвая партыя была зганена прэсай «эндэкаў» і сустрэла непрыхільнае стаўленне мясцовай губернскай адміністрацыі паўночна-заходніх губерняў, дзе панавалі настроі рускага вялікадзяржаўнага шавінізма, хоць ідэі і прынцыпы Краёвай партыі раз-пораз узнікалі ў далейшай грамадскай дыскусіі ў краі, асабліва ў трагічныя моманты яго гісторыі[18].

Галоўнымі прычынамі заняпада Краёвай партыі Літвы і Беларусі былі знешнія абставіны — немажлівасць раўнапраўнай легальнай палітычнай дзейнасці. Расійскі імператар Мікалай II сваім Маніфестам ад 3 чэрвеня 1907 увёў змены ў выбарчы закон, якімі значна абмяжоўвалася мажлівасць прадстаўніцтва нярускага і недваранскага (у першую чаргу — сялянскага) насельніцтва ў Дзяржаўнай Думе. Пасля завяршэння рэвалюцыі 1905—1907 гадоў расійскі ўрад пачаў цвёрда праводзіць лінію на звужэнне праў «інародцаў» і абмежаванне іх прадстаўніцтва ў адміністрацыйных структурах, а з 1908 рэакцыйная палітыка расійскага ўрада пашырылася амаль ва ўсіх сферах жыцця дзяржавы. Як адзначыў Эдвард Вайніловіч у сваіх успамінах, мясцовыя расійскія ўлады сталі мець вырашальны ўплыў (у першую чаргу праз пратэкцыю, махінацыі і парушэнні працэдуры) на працэс выбараў у «заходніх губернях» сялянамі лаяльных уладзе дэпутатаў, а апошнія больш клапаціліся пра ўласныя падарункі і ільготы ад губернскай адміністрацыі[48]. Гэта рабіла немагчымым адшуканне супольнай пляцоўкі ўсталявання палітычнага супрацоўніцтва паміж мясцовымі дваранамі і сялянамі ў рамках парламенцкай дзейнасці. Пачынаючы яшчэ з выбараў у II Дзяржаўную Думу (1906), «рускім» кандыдатам у дэпутаты мэтанакіравана дапамагаў расійскі ўрад і мясцовая губернская адміністрацыя, выкарыстоўваючы законныя і незаконныя метады паслаблення праціўніка і падтрымліваючы рускія нацыяналістычныя арганізацыі (галоўным чынам, г.зв. «чарнасоценцаў» — членаў «Саюза рускага народа»). А ў ходзе выбараў у III і IV Дзяржаўныя Думы на паражэнні «палякаў» у барацьбе за дэпутацкія мандаты паўплывала яшчэ і ўзрослая актыўнасць праваслаўнага святарства, якое падтрымлівалася ў ходзе прадвыбарчых кампаній «чарнасоценцамі»[49]. У сваю чаргу, краёўцы-кансерватары бачылі мажлівасць рэалізацыі сваіх інтарэсаў толькі праз легальныя спосабы палітычнай дзейнасці і іх лаялісцкая пазіцыя адносна афіцыйных (расійскіх) улад не прадугледжвала радыкальных захадаў у палітычнай барацьбе.

Толькі пасля ўвядзення ў 1911 земстваў у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў асноўнай (хоць і абмежаванай) пляцоўкай адшукання паразумення паміж краёўцамі-кансерватарамі (галоўным чынам, з Мінскай губерні — членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), інтэлігенцыяй і сялянамі сталі земскія ўстановы.

Старшыні Краёвай партыі Літвы і Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 29—30.
  2. 2,0 2,1 Dzieje Kresów… S. 235.
  3. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień… S. 251.
  4. Jurkowski, R. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego… С. 212.
  5. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 240.
  6. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 240—241.
  7. 7,0 7,1 Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 242.
  8. Аляксандр Скірмунт ніколі не выстаўляў сваю кандыдатуру ні ў дэпутаты Дзяржаўнай Думы, ні ў дэпутаты Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, а свае сілы і веды накіроўваў толькі на гаспадарчую дзейнасць.
  9. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 47.
  10. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 47, 151, 195, 197.
  11. Немалую ролю ў захаванні пазіцый мясцовых (каталіцкіх і польскамоўных дваран) адыгралі мясцовыя сельскагаспадарчыя таварыствы, сярод якіх самым моцным і па сутнасці цэнтральным у Паўночна-Заходнім краі было МТСГ, якое ўзначальваў Эдвард Вайніловіч.
  12. Rodkiewicz, W. Russian Nationality Policy in the Western Provinces of the Empire … S. 79, 127—128; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 46.
  13. У афіцыйнай урадавай тэрміналогіі ўсе дзевяць украінскіх губерняў (Кіеўская, Валынская, Падольская, Чарнігаўская, Палтаўская, Харкаўская, Кацярынаслаўская, Херсонская і Таўрыйская губерні) назваліся сукупна як «Паўднёвая Расія».
  14. Odezwa Stronnictwa Krajowego Białej Rusi i Litwy // Kurier Litewski. — № 7-8. — 1906. — S. 2.
  15. Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 243—244.
  16. Samotny. Skonfederowane trzy koła / Samotny // Kurier Litewski. — № 88. — 1906. — S. 1.
  17. Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 243—245.
  18. 18,0 18,1 Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 175.
  19. з Польшчы.
  20. з Расіі.
  21. Смалянчук, А. Эдвард Вайніловіч… С. 15.
  22. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 247.
  23. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 466.
  24. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 248—249.
  25. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 548.
  26. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 150—151.
  27. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 137.
  28. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 30.
  29. Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 251—252.
  30. Віцэ-старшыня Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі.
  31. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 33; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 256—260.
  32. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 33—34;Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 26—26.
  33. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 137; Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 35.
  34. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 140.
  35. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 31.
  36. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 138.
  37. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 236
  38. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 174; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 236.
  39. Мелася на ўвазе тэрыторыя былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
  40. 40,0 40,1 40,2 Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 237.
  41. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 141.
  42. Чэслаў Янкоўскі выказаў думку, што прычынай вяртання Рамана Скірмунта ў шэрагі партыі была ўпэўненасць, што ён (Скірмунт), «дзейны і энергічны, усё ж такі здолее схіліць на свае пазіцыі тых, якія жадалі, але не маглі вырашыцца». Гл.: Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 141—142.
  43. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 242—243.
  44. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 175; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 242—243.
  45. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 47.
  46. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 242—243.
  47. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 241, 243.
  48. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 1751.
  49. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 548.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. Эдвард Вайніловіч у Дзяржаўнай Радзе (1906—1909): дзейнасць дзеля краю / А. Смалянчук // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 13—23.
  • Смалянчук, А. Беларускае пытанне і польскі рух / А. Смалянчук // Полымя. — 1994. — № 6.
  • Dzieje Kresów / L. Korczak [i in.]; wstęp.: A. Nowak. — Kraków: Kluszczyński, 2006. — 352 s.
  • Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... : Przyczynek do dziejów prasy polskiej na Litwie / Cz. Jankowski. — Warszawa-Kraków : Druk. W.L. Anczyca, 1908. — 201 s.
  • Jurkowski, R. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego z lat 1905—1928, Cz. I. / R. Jurkowski // Echa Przeszłości. — Olsztyn: Uniwersytet Warmińsko-Mazurski w Olsztynie, 2007. — nr VIII. — S. 209—220. — ISSN 1509-9873.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Rodkiewicz, W. Russian Nationality Policy in the Western Provinces of the Empire (1863—1905) / W. Rodkiewicz. — Lublin: Scientific Society of Lublin, 1998. — 257 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • ЭГБ, Т. 4. — С. 246.