Крыж Ефрасінні Полацкай
|
|
| Лазар Богша (адноўлены Н. П. Кузьмічом) |
|
| Крыж Ефрасінні Полацкай, 1161 (аднаўленне: 1992—1997) |
|
| Кіпарыс, золата, срэбра. | |
| Спаса-Праабражэнская царква, г. Полацк |
Крыж Еўфрасінні Полацкай — напрастольны крыж, зроблены для царквы Святога Спаса па заказу Ефрасінні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Выкананы ў форме шасціканцовага крыжа вышынёй 51,8 сантыметры. Згублены падчас Другой сусветнай вайны і да гэтага часу не знойдзены. У 1997 годзе брэсцкім ювелірам-эмальерам Кузьмічом была выраблена копія крыжа ў поўны памер.
Змест |
Апісанне [правіць]
Шасціканцовы крыж вышынёй 51,8 см, даўжыня верхняга перакрыжавання — 14 см, ніжняга — 21 см. Аснова выканана з кіпарыса. Да яго пярэдняй і зваротнай паверхняў прымацавана 21 залатая пласціна культавага зместу з эмалевымі вобразамі малых памераў. На пласцінах 8 дарагіх камянёў. З усіх бакоў былі прымацаваны сярэбраныя пласціны, з іх захавалася 20, маецца жэмчуг. На пласцінах надпіс на старажытнаславянскай мове (на салунскім дыялекце Кірыла і Мяфодзія), вядомай як царкоўнаславянская, і на мясцовым дыялекце старажытнабеларускай мовы[2]. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, арнаментам; край пярэдняй боку крыжа апраўлены ніткай жэмчуга[3].
Пласціны пярэдняй боку ўяўляюць сабой іканапісную кампазіцыю — вялікі, або пашыраны дэісус. На верхніх канцах крыжа размешчаны паясныя выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай і Іаана Прадцечы, у цэнтры ніжняга перакрыжавання — чатыры евангеліста; на канцах — арханёлы Гаўрыіл і Міхаіл, у ніжняй частцы крыжа, пасля перакрыжавання — выявы святых Ефрасінні Александрыйскай, Сафіі і вялікапакутніка Георгія (заступнікі заказчыцы і яе бацькоў)[3].
У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невялікі чатырохканцовы, а ў ніжнім — шасціканцовы крыжыкі. На адваротным боку крыжа вобразы бацькоў царквы святых Іаана Залатавуста, Васіля Вялікага, Рыгора Назіянзіна, апосталаў Пятра і Паўла, першапакутніка Стэфана, вялікапакутнікаў Дзімітрыя Салунскага і Панцеляймона. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпісы[3].
У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: фрагменты Крыжа Хрыстова з кроплямі яго крыві, камень з грабніцы Божай Маці, часціцы мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, кроў святога Дзімітрыя[3].
У ніжняй частцы крыжа змяшчаецца аўтарская прыпіска: «Г(оспод)и, помози рабоу своему Лазорю, нареченомоу Богъши, съдѣлавшемоу крьстъ сии црькви С(вя)таго Спаса и Офросиньи». На бакавых тарцах крыжа па спіралі ў два шэрагі змешчаны наступны надпіс:
| Въ лѣ[то] 6000 и 669 покладаеть Офросинья чьстьныи кр(е)стъ въ манастыри своемь въ ц(е)ркви С(вя)т(о)го Сп(а)са. Чьстьное дрѣво бесцѣньно есть, а кованье его злото, и серебро, и камѣнье, и жьнчигъ въ 100 гривнъ, а др[ѣво] 40 гривнъ. Да нѣ изнесѣться из манастыря никогда же, яко ни продати, ни отдаті, аще се кто прѣслоушаеть, изнесѣть и от манастыря, да не боуди емоу помощникъ чьстьныи кр(е)стъ ни въ сь вѣкъ, ни въ боудщии, и да боудеть проклятъ С(вя)тою Животворящею Троицею и с(вя)тыми отци 300 и 18 семию съборъ с(вя)тыхъ от(е)ць и боуди емоу часть съ Июдою, иже прѣда Х(ри)с(т)а. Кто же дрьзнеть сътвори с[ие], властелинъ или князь, или пискоупъ, или игоумѣнья, или инъ которыи любо ч(е)л(о)в(е)къ, а боуди емоу клятва си. Офросинья же раба Х(ри)с(то)ва, сътяжавъши кр(е)стъ сии, прииметь вѣчную жизнь съ всѣ[м]и с[вятыми][4]. |
Выкарыстанне ў геральдыцы [правіць]
Выява крыжа Ефрасінні была змешчана мастакамі Яўгенам Кулікам, Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным на шчыт конніка падчас распрацоўкі імі новага канона герба "Пагоня", які выкарыстоўваўся ў якасці дзяржаўнага сімвала Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 год.[5] Ефрасіння выступала як святая заступніца Беларусі.
Зноскі
- ↑ Бацюшкоў П. І.
- ↑ Побаль Л. Індаеўрапейскія і раннехрысціянскія сімвалы на крыжы Еўфрасінні Полацкай // З глыбі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагічны зборнік. — Вып. 2. — Мн., 2002. — С. 16
- ↑ 3,0 3,1 3,2 3,3 845 гадоў Крыжу Ефрасінні Полацкай // Цэнтральная бібліятэчная сістэма горада Полацка. — 2006, снежань. Праверана 16 снежня 2010
- ↑ Надпіс на крыжы прападобнай Ефрасінні Полацкай (1161 год). Сайт "Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы". Праверана 12 сакавіка 2011
- ↑ Артыкул С.Мікулевіча "Сапраўдныя беларускія сімвалы" ў "Нашай Ніве"
Літаратура [правіць]
- Марозава, С.В. Крыж Ефрасінні Полацкай - галоўная нацыянальная рэліквія беларусаў // Роль женщин в укреплении местных сообществ: Материалы Республиканской научной конференции (Путришки, 12 февраля 2011 г.). - Гродно, 2011. - С. 13-18. // на pawet.net