Крымскае ханства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Тамга (герб) Крымскага ханства

Крымскае ханства — феадальная дзяржава, якая існавала ў ў 14281783 на землях Крымскага паўвострава (акрамя паўднёва-ўсходняй часткі, якая кіравалася непасрэдна Асманскай імперыяй), а таксама Паўночнага Прычарнамор'я паміж ніжнімі цячэннямі Дняпра да вусця Дона і Кубані, узбярэжжа да Грузіі. Плошча да 26 тыс. км². Насельніцтва 180—300 тыс. чал. (у асн. татары, у паўднёвай частцы таксама італьянцы, грэкі, армяне, караімы, яўрэі, туркі, французы, на поўначы ад Перакопскага перашыйка нагайцы). Сталіца — г. Бахчысарай.

Да сярэдзіны 15 ст. тэрыторыя Крымскага ханства належала ханам Залатой Арды. Заснавальнікам Крымскага юрта (удзела) лічаць Арам-Цімура, які атрымаў яго ад свайго дзядзькі хана Менгу-Цімура ў 2-й пал. 13 ст. У канцы 13 ст. военачальнік Нагай намагаўся заснаваць новую ардынскую дзяржаву з цэнтрам у Крыме. Да 15 ст. Крымскі юрт узначальваў намеснік залатаардынскага хана. Яму падпарадкоўваўся аглан — галоўны начальнік аб'яднанага войска ў час набегаў, туман — начальнік 10-тысячнага войска. Сфарміраваліся 4 асн. саслоўі: арыстакратыя, духавенства, народ і нявольнікі (рабы). Сярод арыстакратыі вылучаліся ўрадавая і родавая групы, якія кіравалі асноўнымі справамі Крымскага юрта. Духоўнае саслоўе ўзнікла ў 13 ст. з прыняццем ісламу, на чале яго стаяў муфтэй. Народ (татары і інш.) быў свабодным, нявольнікамі былі ваеннапалонныя або купленыя, пераважна ў рускіх землях. У сувязі з аслабленнем і распадам Залатой Арды ў сярэдзіне 15 ст. ў Крыме ўсталявалася дынастыя Гірэяў. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй падтрымліваў добрыя адносіны з вялікім князем ВКЛ і каралём Польшчы Казімірам Ягелончыкам, вялікімі князямі маскоўскімі Васілём II і Іванам III. Пры ім сталіца Крымскага ханства перанесена з Кыркіча ў Бахчысарай. У 1466 г. ханам стаў Менглі-Гірэй. Яго замацаванню на стальцы садзейнічалі туркі, якія пасля заваявання Візантыі асадзілі ў 1475 г. генуэзскія крэпасці ў Крыме. 3 гэтага часу Крымскае ханства — васал Турцыі. У выніку перагавораў паміж турэцкім і крымскім бакамі вырашана, што турэцкі султан будзе прызначаць крымскіх ханаў з нашчадкаў Гірэяў, не будзе караць смерцю нікога з гэтага роду. Да Турцыі адышлі стратэгічныя крымскія пункты: Кафа, Гюзлеў, Балаклава, Керч. Турэцкі ўрад пільна сачыў, каб крымскія ханы не ўмацоўваліся на сваім стальцы. Да 1757 г. на крымскім троне змяніліся 62 ханы, кожны з якіх панаваў у сярэднім 5 гадоў, больш за 20 панаванняў было ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў. Многія ханы прызначаліся на сталец па 2-4 разы. За службу крымскім татарам турэцкі ўрад плаціў грошы. Крымскія войскі ўдзельнічалі ў войнах з Персіяй, Польшчай, ВКЛ, Маскоўскай дзяржавай, на Балканскім паўвостраве, грэчаскіх астравах. У 1-й пал. — сяр. 16 ст. Крымскае ханства часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы. У 1507 г. ажыццёўлены іх сумесны паход супраць Масквы, у 1521 г. Польшча падтрымала Крым у паходзе на Маскоўскую дзяржаву. Саюзы Крымскага ханства з ВКЛ і Польшчай супраць Масквы заключаліся ў 1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559 г., яны перамяжоўваліся перыядамі варожасці. Саюзныя дагаворы з Рэччу Паспалітай заключаліся ў 1607 і 1623 г. У 1660 г. татары ўдзельнічалі ў камланіі палякаў супраць расійскага войска на Украіне, у 1663—1664 г. — у няўдалым паходзе караля Яна Казіміра ў Задняпроўе. У 15-17 ст. адбываліся шматлікія татарскія напады на Украіну, Беларусь, Польшчу. Першы набег татар адбыўся ў 1474 г. на Чырвоную Русь і Падолле, у 1482 г. — на Кіеўшчыну. У 1494 г. крымскія татары разбілі войска ВКЛ каля Вішнёўца, разам з туркамі ўдзельнічалі ў нападзе на Польшчу. У 1519 г. яны разграмілі палякаў пад Сокалам. Набегі татар на Падолле, Чырвоную Русь і Валынь адбыліся ў 1549 і 1589 г. У 1618 г. татары разбілі польскае войска пад Арынінам, у 1626 г. нанеслі вялікае паражэнне пад Белай Царквой. Няўдачай скончыўся іх паход на Украіну ў 1661—1662 г. Яны ўдзельнічалі ў польска-турэцкай вайне 1672 г., у 1675 г. Ян III Сабескі разбіў татар пад Львовам. У 1683 г. яны ўдзельнічалі ў баях пад Венай. У 1695 г. татары напалі на Львоў, апошняя бітва татарскіх і польскіх войск адбылася пад Падгайцамі ў 1698 г.. На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15 — 1-пал. 16 ст. (гл. Татарскія набегі на Беларусь), буйнейшай ваеннай падзеяй была Клецкая бітва (1506).

Адносіны Крымскага ханства з Маскоўскай дзяржавай былі вельмі складаныя. У 1517 і 1541 г. крымскія татары здзейснілі паходы на Маскоўскую дзяржаву. У 1552 г. рускае войска авалодала Крымам, але ў 1555 г. татары разбілі маскоўскія войскі пад Тулай. У 1559 г. руская армія пад камандаваннем Д. Адашава ажыццявіла паход у Крым, а татары на чале з ханам Даўлет-Гірэем у 1571 г. захапілі і спалілі Маскву. Скончыліся няўдачай паход Даўлет-Гірэя на Маскву ў 1572 г., бой 1587 на р. Аха, паход 1591 г. Газі-Гірэя II на Маскву. У 1592 г. татары спусташылі паўднёвыя раёны Расіі. У 1593 г. паміж Крымскім ханствам і Расіяй заключаны мірны дагавор, які быў парушаны ў 1607 г., і ваенныя падзеі адбываліся да 1617 г., калі было заключана новае пагадненне. У 1632 г. ваенныя дзеянні паміж Крымам і Расіяй аднавіліся. Па загадзе турэцкага султана татары ўдзельнічалі ў няўдалай аблозе Азова 1637-41, а ў 1645 зрабілі паход на Расію. У 1646-47 Расія і Рэч Паспалітая сумесна дзейнічалі супраць Крымскага ханства. У 1687 і 1689 расійскае войска пад камандаваннем В. Галіцына ажыццявіла паходы на Крым. У 1695 і 1696 крымскія татары ўдзельнічалі ў абароне Азова ад войска Пятра I, у 1711 — у баях за Малдову. У 1736, 1737 і 1738 адбыліся паходы расійскай арміі ў Крым. У 1770 туркі і татары разбіты на р. Ларга войскам П. Румянцава. У 1771 армія В. Далгарукага зруйнавала ўсе гарады Крыма, загінула больш за 33 тыс. жыхароў. Пасля гэтага крымскі курултай выбраў ханам Шагін-Гірэя, які абвясціў незалежнасць Крымскага ханства ад Турцыі. Паводле Кучук-Кайнарджыйскага трактата 1774 паміж Турцыяй і Расіяй султан адмовіўся ад правоў на Крымскае ханства. У 1776, 1778 і 1783 Расія ўводзіла ў Крым войскі для «навядзення парадку». У лютым 1783 Шагін-Гірэй пад прымусам адрокся ад стальца і перадаў Крымскае ханства імператрыцы Кацярыне II.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • БЭ ў 18 тамах. Т.8, Мн., 1999, С.513
  • Геллер M. История Российской империи. В 2-х томах. — М.: МИК, 2001.