Крэйсер Аўрора
«Аўро́ра» — крэйсер 1-га ранга Балтыйскага флота, вядомы сваёй роляй у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Закладзены ў 1897 у Санкт-Пецярбурзе на судабудаўнічым заводзе Новае Адміралцейства. Названы ў гонар ветразневага фрэгата «Аўрора», які вылучыўся пры абароне Петрапаўлаўска-Камчацкага.
Карабель прызначаўся для выканання функцый крэйсера-разведчыка і барацьбы з гандлёвым судаходствам супраціўніка на невялікай аддаленнасці ад баз, а таксама для падтрымкі браненосцаў у эскадраным баі. Фактычна не мог вырашаць ніводную з гэтых задач з-за недастатковай (на 1900-я гг.) для крэйсера дальнасці плавання, малой хуткасці, слабога ўзбраення і абароны, таму з 1908 г. выконваў функцыі вучэбнага крэйсера.
Канструкцыйна адносіўся да тыпу бранепалубных крэйсераў, тактычна — да крэйсераў-вынішчальнікаў гандлю.
