Крэолы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Крэол)
«Прыгожая крэолка», вокладка кан. XIX ст.

Крэолы (партуг. crioulo «мясцовы ўраджэнец») — паняцце датычнае ўраджэнцаў калоній.

Вызначэнне[правіць | правіць зыходнік]

У залежнасці ад традыцый пэўнай краіны або мясцовасці можа мець наступныя значэнні:

Сацыяльная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін «крэолы» шырока выкарыстоўваўся ў еўрапейскай літаратуры і афіцыйных дакументах у XVI—XIX стст. Ён узнік у партугальскіх калоніях першапачаткова для вызначэння нашчадкаў першапасяленцаў партугальскага паходжання, якіх адрознівалі ад мясцовых тубыльцаў.

У Бразіліі і іспанскіх калоніях у Амерыцы крэолы з цягам часу склалі самастойны пласт насельніцтва, які меў прывілігірованы статус у адносінах да нашчадкаў індзейцаў і нават вызваленых рабоў, але знаходзіўся ніжэй за выхадцаў з Пірэнейскага паўвострава (пенінсуларэс). Яны складалі асноўную частку землеўладальнікаў, прадпрымальнікаў і адміністратараў калоній, аднак не маглі займаць вышэйшыя кіраўнічыя пасады, самастойна пераехаць у метраполію і г.д. На думку брытанскага даследчыка Бенедыкта Андэрсана, у выніку гэта прывяло да фарміравання асобнага мясцовага самавызначэння крэолаў, руху за незалежнасць ад метраполіі і стварэнню першых нацыянальных дзяржаў Лацінскай Амерыкі[1].

Паступова тэрмін «крэолы» пашыраўся. Так, у Луізіяне ў пач. XVIII ст. крэоламі першапачаткова называлі толькі белых ураджэнцаў іспанскага і французскага паходжання, а пазней і нашчадкаў ад сумесных шлюбаў з індзейцамі і неграмі[2]. На Алясцы крэоламі лічылі дзяцей ад шлюбаў рускіх каланістаў з індзейцамі, эскімосамі і алеўтамі. Да бюргераў Шры-Ланкі адносілі асабіста вольных нашчадкаў партугальскіх і галандскіх каланістаў, якія змешваліся з сінгаламі і таміламі. У такім разе крэолы адрозніваліся ад перасяленцаў з Еўропы нават знешне, хаця маглі быць роўнымі з імі з прававога пункту гледжання.

У рэчаіснасці, такія крэолы самі падзялялі сябе па паходжанню, і пачэснае становішча атрымоўвалі тыя, хто быў найменш звязаны з нееўрапейскім насельніцтвам. На Шры-Ланцы ў кан. XIX — пач. XX стст. бюргеры галандскага паходжання нават выступалі за спыненне далейшага расавага змешвання[3]. Яны атаясамлялі сябе больш з метраполіяй (у выпадку Шры-Ланкі кан. XIX — пач. XX стст. гэта былі нават не Нідэрланды, а Вялікабрытанія), чым з тубыльцамі. У Луізіяне, наадварот, атаясненне з крэоламі набыло большую значнасць пасля далучэння да ЗША і імкнення луізіянцаў адасобіцца ад новых пасяленцаў[2]. Але і ў гэтым выпадку група французскіх крэолаў (нашчадкаў белых французскіх каланістаў) рэзка адасабляла сябе ад іншых крэолаў[4][5].

Канчатковым вынікам пашырэння тэрміна «крэолы» стала яго распаўсюджанне на нееўрапейскае насельніцтва, звычайна на нашчадкаў афрыканскіх рабоў (Гаіці, Каба-Вердэ, Сан-Тамэ і Прынсіпі, Маўрыкій і г.д.). Гэта было абумоўлена стратай нашчадкамі рабоў эмацыянальнай сувязі з этнічнымі каранямі продкаў, згубай першаснай мовы на карысць крэольскай гаворкі, асновай якой заўсёды была мова метраполіі. У Ліберыі і Сьера-Леонэ да крэолаў адносілі вызваленых чарнаскурых рабоў з ЗША і брытанскіх калоній, якія стварылі ў XIX ст. у Заходняй Афрыцы свае паселішчы, але адрозніваліся па культуры і мове ад мясцовых племянных груп[6][7]. У будучым, гэта нават прыводзіла да вострых канфліктаў у барацьбе за ўладу і эканамічныя інтарэсы паміж крэоламі і тубыльцамі.

Крэольскія культуры[правіць | правіць зыходнік]

Крэольскія культуры ўзніклі ў працэсе, які мае назву крэалізацыя, — узаемнага ўзбагачэння культур у выніку запазычвання элементаў чужой культуры і стварэння на яе аснове новых форм[8]. Найлепш ён вывучаны на прыкладзе стварэння крэольскіх моў. Аднак крэалізацыя закранае і іншыя элементы культуры і вызначае асаблівасці штодзённага побыту, вядзення гаспадаркі, шлюбныя і сямейныя адносіны, сацыяльную структуру грамадства, мастацтва, рэлігійныя вераванні і г.д. Яны ўзнікаюць не проста ў выніку зліцця пэўных рыс двух або болей розных культур, але і ў выніку прыстасавання да мясцовага ладу жыцця, геаграфічных умоў, клімату, гістарычных абставін. Характэрны ў гэтым сэнсе крэольскія кухні. Яны адаптавалі традыцыі, што існавалі раней у Еўропе, Афрыцы або непасрэдна ў калоніі да новых інгрыдыентаў ежы, іх падачы і ўжывання. Так, на Ямайцы першыя каланісты з Іспаніі яўрэйскага паходжання ўвялі звычай шырокага ўжывання розных рыбных страў і прыгатавання падлівак на аснове воцату. Гэта былі шырока распаўсюджаныя і танныя прадукты, якія не трэба было завозіць з Еўропы. Брытанскія каланісты прынеслі звычай ужывання мяса, але яно багата запраўлялася перцам, што не звычайна для брытанскай кулінарыі, затое адлюстроўвае прыстасаванасць захавання харчу ў спякотным трапічным клімаце. Нарэшце, азіяцкія традыцыі леглі ў аснову ўжывання вялікай колькасці гародніны і спецый. Звычай есці хлеб несумненна мае еўрапейскія карані, але на Ямайцы хлеб пякуць не толькі з жыта і пшаніцы, але з кукурузы, якая паходзіць з Амерыкі, і клубняплодаў, што больш адпавядае афрыканскай кухні[9].

Надзвычай яркімі прыкладамі крэалізацыі з’яўляюцца вядомыя лацінаамерыканскія карнавалы, некаторыя танцы (сальса, танга, ламбада і інш.), музыка (джаз, каліпса, ска, рэгі і інш.) і элементы вопраткі (капелюшы-панамы, стрынгі, понча і інш.).

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Benedict Anderson, Imagined Communities: Reflections on the Origin and Spread of Nationalism Р. 47 — 66
  2. а б Creole History(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2011. Праверана 12 верасня 2012.
  3. N. Manoharan, Burghers: The Forgotten Community
  4. «Creole» and «French Creole» Архівавана 18 жніўня 2011.
  5. We are the Louisiana Creoles
  6. Liberia
  7. History of Sierra Leone
  8. Creolization Concepts Архівавана 24 кастрычніка 2012.
  9. Food