Крэольскія мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Крэольская мова)
Знак на крэольскай мове, Гвадэлупа

Крэольскія мовы — мовы, якія ўзнікаюць у выніку працэса крэалізацыі. Лічыцца, што першапачатковай асновай крэольскіх моў з’яўляецца піджын.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню паняцце «крэольская мова» выкарыстаў французскі вандроўнік Мішэль Жажале[fr] ў 1688 г. у дачыненні да гаворкі на аснове партугальскай мовы ў Заходняй Афрыцы. Звесткі пра асобныя гаворкі насельніцтва еўрапейскіх калоній Новага Свету, Афрыкі і Азіі былі шырока прадстаўлены ў тагачаснай літаратуры і нават у афіцыйных дакументах. Аднак да канца XVIII — пачатку XIX стст. мовазнаўцы не прызнавалі крэольскія мовы самастойнымі і паўнавартаснымі.

У эпоху рамантызму адносіны да крэольскіх моў значна змяніліся, пачалося іх вывучэнне, складанне граматык і слоўнікаў, з’явілася пісьмовая літаратура на крэольскіх мовах. У выніку навукоўцы прыйшлі да думкі, што крэольскія мовы мала адрозніваюцца ад іншых моў, нягледзячы на сінкрэтычны характар, маюць складаную паўнавартасную структуру, спецыфічную для кожнай з іх лексіку і вымаўленне.

Гэта адрознівае крэольскія мовы ад піджынаў — вусных гаворак на аснове некалькіх моў, якія не маюць аднастайнай структуры і імкнуцца да спрашчэння. Разам з гэтым, у XX ст. стала папулярнай гіпотэза аб паходжанні крэольскіх моў ад піджынаў, упершыню выказаная аўстрыйцам Гуга Шухартам (1842—1927).

Асаблівасцю крэольскіх моў з’яўляецца тое, што яны фарміруюцца на аснове мовы-суперстрата (мовы-донара). Суперстратная мова можа доўгі час паралельна выкарыстоўвацца ў якасці другой гутарковай мовы, літаратурнай мовы, афіцыйнай мовы і г. д. Яна ператвараецца ў аснову крэольскай мовы, у якую ў вялікай колькасці трапляюць запазычанні з іншых моў і дыялектаў, жарганізмы, прафесійная лексіка і г. д. Паступова ў крэольскай мове фарміруюцца самастойныя правілы выкарыстання слоў, пабудовы сказаў, новыя словы і выразы. У сувязі з гэтым сучасная класіфікацыя крэольскіх моў будуецца на суперстратнай мове. Таму вылучаюцца крэольскія мовы на аснове французскай, англійскай, партугальскай і інш. На самай жа справе некаторыя крэольскія мовы, накшталт пап’ямента, маюць больш складаную аснову з некалькіх моў-донараў, і іх класіфікацыя мае ўмоўны характар.

Першапачаткова даследчыкі звярталі ўвагу на крэольскія мовы еўрапейскіх калоній. Але ў пазнейшы час паняцце «крэольская мова» было пашырана на мовы на аснове турэцкіх і арабскіх моў у Паўночнай Афрыцы, суахілі, моў на аснове паўднёвакітайскіх гаворак у Паўднёва-Усходняй Азіі і інш. Болей за тое, выказваюцца гіпотэзы аб крэольскім паходжанні некаторых еўрапейскіх моў, напрыклад, англійскай[1].

Тэорыі паходжання крэольскіх моў[правіць | правіць зыходнік]

Монагенетычная тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Монагенетычная тэорыя паходжання піджынаў і крэольскіх моў заснавана на вывучэнні гаворак былых еўрапейскіх калоній. Адзін з яе стваральнікаў Гуга Шухарт лічыў, што ўсе крэольскія мовы маюць адзіную першааснову — піджын, што ўзнік на аснове партугальскай мовы ў Заходняй Афрыцы і адтуль распаўсюдзіўся ў іншыя калоніі. У далейшым прыхільнікі гэтай тэорыі сканцэнтраваліся на значных падабенствах у структуры крэольскіх моў, што, на іх думку, можа быць пацверджаннем адзіных каранёў гэтай з’явы.

Полігенетычная тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Полігенетычная тэорыя паходжання піджынаў і крэольскіх моў сфарміравалася ў выніку крытыкі прац прыхільнікаў монагенетычнай тэорыі. Яе распрацоўшчыкі зыходзілі з меркавання, што паняцце «крэольская мова» павінна разглядацца шырэй, чым тое прапануюць межы еўрапейскай каланізацыі, і кожная крэольская мова мае самастойную гісторыю ўзнікнення. Памылковасць тэзіса аб паходжання розных крэольскіх моў ад адзінага піджына на аснове разгляду структур сучасных крэольскіх моў яны тлумачаць тым, што піджыны наогул неструктураваны. Наўзамен высоўваюцца гіпотэзы аб паходжанні крэольскіх моў з розных еўрапейскіх дыялектаў або аб наўмысным спрашчэнні сваіх моў плантатарамі пры камунікацыі з рабамі і іншаземцамі, што ў далейшым дазваляла развіваць спрошчаную аснову дзякуючы ўключэнню ў яе слоў іншых моў.

Білінгвістычная тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Білінгвістычная тэорыя паходжання крэольскіх моў заснавана на вывучэнні іншых кантактных моў. Яна дапускае, што ўзнікненню пэўнай крэольскай мовы папярэднічала сітуацыя двухмоўя або нават суіснавання ў адным грамадстве некалькіх моў. У розных сацыяльных сітуацыях магчымасці толькі адной з гэтых моў былі абмежаванымі, таму патрабаваліся запазычанні з другой мовы. Такім чынам, працэс утварэння крэольскіх моў расцягваўся на некалькі пакаленняў.

Універсалісцкая тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікі гэтай тэорыі спасылаюцца на ўніверсальныя ўласцівасці развіцця чалавечых моў. Найбольш распрацаваны ўніверсалісцкі варыянт узнікнення крэольскіх моў быў прапанаваны канадскім даследчыкам Стывенам Пінкерам у працы «Мова як інстынкт» (1994). Спасылаючыся на тэорыю Ноама Хомскага, ён сцвярджае, што крэольскія мовы ўзнікаюць як вынік асаблівасці чалавечага мозга ствараць і развіваць мову як сродак зносінаў. На яго погляд, піджыны ствараюцца дарослымі людзьмі для пашырэння кантактаў, а крэольскія мовы фарміруюцца ў асяроддзі дзяцей, што вымушаны карыстацца піджынамі з маленства і несвядома для сябе ўскладняюць іх да паўнавартай мовы для паўсядзённага ўжывання.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]