Культ карга

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рытуальны крыж культа Джон-Фрум, Вануату, 1967

Культ ка́рга або каргаі́зм (англ.: cargo cult, cargoism, ад англ.: cargo "груз") — агульная назва сацыяльна-рэлігійных рухаў у Меланезіі, заснаваных на выкарыстоўванні магіі і рэлігійных рытуалаў з мэтай атрымання дабрабыту.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Карані каргаізму крыюцца з аднаго боку ў веры ў імітацыйную магію і ўяўленні дабрабыту як уласцівасці, якая можа пераходзіць ад аднаго чалавека да іншага шляхам пераўтварэнняў, характэрных для меланезійцаў і папуасаў. З другога, культ карга стаў адным з наступстваў сутыкнення прымітыўнага ладу жыцця абарыгенаў Меланезіі з еўрапейскай цывілізацыяй.

У сваёй аснове культ карга быў сінкрэтычным і часткова абапіраўся на хрысціянскае вучэнне. Распаўсюджанне каргаізму суправаджалася шматлікімі вяшчунствамі, у тым ліку пра хуткі канец свету.

Праявы[правіць | правіць зыходнік]

Амерыканскі ваенны дае поплатак меланезійцу, Саламонавы астравы, 1942

Культ карга не быў адзіным рухам. Гэтае паняцце было ўведзена антраполагамі для тлумачэння розных праяў і культаў, якія мелі розныя назвы — культ Джон-Фрум (John Frum) на Саламонавых астравах, культ прынца Філіпа ў Вануату, культ Мансрэна ў Новай Гвінеі і г. д.

У літаратуры культ карга часта блытаецца з імітацыйнай магіяй, калі абарыгены Меланезіі імітавалі дзейнасць белых (будавалі радыёлакатары і самалёты з дрэва, паўтаралі дзеянні амерыканскіх ваенных і інш.), што павінна было забяспечыць ім прыток падарункаў. На самой справе, такія дзеянні часта суправаджалі культ карга, але не выяўлялі яго сутнасць.

Вера меланезійцаў і папуасаў у тое, што кожны чалавек валодае пэўным дабрабытам дзякуючы яго ўнутраным уласцівасцям, і тое, што гэтыя ўласцівасці могуць перайсці да іншых людзей у выніку магічных дзеянняў або забойства носьбіта дабрабыту, існавала здаўна. Гэтым некаторыя даследчыкі тлумачаць рытуальны канібалізм пад час войнаў. Паяданне забітага праціўніка павінна перанесці яго адвагу, поспех і дабрабыт да пераможцаў.

Хрысціянскія місіянеры былі аднымі з першых, хто пазнаёміў мясцовае насельніцтва з еўрапейскай цывілізацыяй. На некаторых астравах місіянеры з'яўляліся адзінымі белымі людзьмі, якіх бачылі тубыльцы. Так або інакш, цывілізацыя і яе праявы ўспрымалася імі ў цеснай сувязі з рэлігіяй. Поспех у распаўсюджванні хрысціянства тлумачыцца выкарыстаннем папярэдніх мясцовых традыцый і вераванняў, а таксама ў абяцаннях будучага дабрабыту. З пункту гледжання хрысціянства, гэты дабрабыт дасягаецца выратаваннем. Але тубыльцы ўспрымалі дабрабыт літаральна. Былі зафіксаваныя выпадкі, калі мясцовыя жыхары прымалі хрысціянства, а пасля патрабавалі за гэта маёмасць.

У 1930-ых гг. на ўзбярэжжы Новай Гвінеі распаўсюджваліся чуткі аб хуткім зыходзе белых людзей. Меркавалася, што яны пакінуць свае рэчы для мясцовых жыхароў. Гэта прывяло да непадпарадкавання каланіяльнай адміністрацыі і спынення выплаты падаткаў.

Дзіўныя формы культ карга атрымаў ва ўсходніх раёнах Новай Гвінеі, дзе да II Сусветнай вайны панавалі Нідэрланды. Сярод мясцовых хрысціян распаўсюдзілася вера ў тое, што галандцы схавалі ад іх некаторыя старонкі Бібліі, у якіх кажацца пра вяртанне Мансрэна, міфічнага продка-стваральніка свету. Яго прыход прывядзе да пераўтварэнняў, калі чорныя людзі стануць белымі, а белыя - чорнымі, маёмасць белых пяройдзе да папуасаў, клубні пачнуць расці на дрэвах, а садавіна — у зямлі і г. д. Японская акупацыя першапачаткова была прынята веруючымі як праява праўдзівасці прароцтва. Людзі збіраліся ў вялікіх вёсках і рыхтаваліся да далейшых змен. Японскія ўлады былі занепакоены рухам і паспрабавалі раззброіць папуасаў, што прывяло да кровапраліцця. Узброеныя дзідамі на малых лодках папуасы атакавалі японскія караблі, паколькі верылі ў сваю недатыкальнасць і тое, што вада прыцягне кулі. Аднак японцы расстралялі папуасаў з кулямётаў.

Пад час II Сусветнай вайны армія ЗША імкнулася прыцягнуць мясцовых жыхароў да свой бок з дапамогай перадачы гуманітарнай дапамогі. Ваенныя прыцягвалі мясцовых жыхароў да працы, прычым шчодра адплачваліся. Пасля зыходу ваенных абарыгены засталіся ў чаканні вяртання шчодрых раздатчыкаў дабрабыту, якія сімвалізавалі канец звыклага жыцця, і імкнуліся паскорыць яго шляхам рэлігійных і магічных рытуалаў, у тым ліку імітацыйных. Культ карга быў накіраваны супраць каланіяльнай адміністрацыі, якая, як лічылі, хавае ад іх дабрабыт.

Практыка каргаізму была найбольш характэрна для Меланезіі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў XX ст., але яе праявы можна сустрэць і ў наш час.

Іншыя вызначэнні[правіць | правіць зыходнік]

Паняцце "культ карга" часам выкарыстоўваецца як сінонім культу рэчаў у сучаснай заходняй культуры. Культам карга таксама называюць пэўныя высілкі для пабудовы рыначнай эканомікі і дэмакратыі па вобразу заходняга грамадства шляхам знешняй імітацыі або правядзенне рэформ без разумення іх сутнасці.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]