Купалле

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Купалле
Купалле
М. М. Філіповіч. «На Купалле». 1921
Тып народны
інакш Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень, Свята Сонца і кахання, Іван Вядзьмацкі, Іван Калдунскі
Значэнне «апоўдні года»
Адзначаецца ўсходнімі славянамі
Дата ў ноч з 23 чэрвеня (6 ліпеня)

на 24 чэрвеня (7 ліпеня)

Святкаванне паліць вогнішчы і скакаць праз іх, вадзіць карагоды, плесці вянкі
Традыцыі збіраць травы
Звязана з гадовым сонцастаяннем

Купа́лле (Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень) — старажытнае народнае земляробчае свята, звязаны з летнім сонцастаяннем. Адзначаецца ў самую кароткую ноч з 21 на 22 чэрвеня. У Юлiянскім календары адбыўся зрух на 6 ліпеня паводле Грыгрыянскага календара і цяпер часта Купалле адзначаюць у гэты дзень, хоць час летняга сонцастаянне не залежыць ад зрухаў календара.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Слова «купала», як і «Купалле», мае некалькі трактовак. Найбольш пашыраная — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляецца таксама індаеўрапейскі корань «куп» — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон.

Пад рознымі назвамі свята вядома ўсім індаеўрапейскім народам. Ва ўсходніх славян згадваецца ў летапісах з 1175 г., у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найбольшага росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі фалагічнай школы лічылі Купалле святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы.


Абрады[правіць | правіць зыходнік]

Купалле мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да антычных вакхічных культаў. Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у Купалле колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі (брат-і-сястра), які тлумачыцца як узаемасувязь асноўных процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асноўнымі міфамі славянскай міфалогіі.

Свята характарызавалася комплексам абрадаў, павер'яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з іншых плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежыла вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на Купалле была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле народных павер'яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова Купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некаторых мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак).

Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купалле дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня с. ст.). Традыцыя Купалля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. ХХ ст. У наш час існуе як традыцыйнае народнае свята без абрадавай дзейнасці.

Глядзі таксма[правіць | правіць зыходнік]

Commons

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія народныя абрады. — Мінск, 1994.
  • Васілевіч Ул. А. Беларускі народны каляндар (бел.) . — Мінск: 1992.
  • Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]