Кяхцінскі дагавор (1727)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кяхцінскі дагавор
Дата падпісання 1727
Месца падпісання

Кяхцінскі дагавор 1727 — пра размежаванне і гандаль паміж Расійскай імперыяй і Кітаем.

Падпісаны 21 кастрычніка 1727 г. у г. Кяхта (Бурація) рускім паслом С. Л. Уладзіславічам-Рагузінскім і ўпаўнаважанымі кітайскага ўрада Чабінай, Тэгутам і Тулешынам. Для ўмацавання добрасуседскіх адносін, якія склаліся пасля падпісання Нерчынскага дагавора 1689 г., абодва ўрады пагадзіліся аддаць на забыццё ўсе назапашаныя да 1727 г. справы пра перабежчыкаў, абавязваючыся ў той жа час надалей выдаваць іх без прамаруджання. Дагавор зафіксаваў руска-кітайскую мяжу на ўчастку ад р. Аргунь (на ўсходзе) да перавала Шабін-дабаг (на захадзе), раней вызначаную адмысловым Бурынскім дагаворам 1727 г. Гандаль рускіх у Пекіне абмяжоўваўся дазволам адпраўляць адзін раз у тры гады караван колькасцю не больш за 200 чал. Аднак дзякуючы адкрыццю бязмытнага памежнага гандлю ў гарадах Кяхта і Цурухайту агульны аб’ём гандлёвых аперацый у параўнанні з папярэднім перыядам значна ўзрастаў. Дагавор юрыдычна аформіў існаванне ў Пекіне Рускай духоўнай місіі. Урэгуляванне мясцовых памежных спрэчак ускладалася на памежных адміністратараў абодвух бакоў. Заключныя артыкулы вызначалі парадак прыёму пасольстваў і юрысдыкцыю парушальнікаў мяжы. Дагавор служыў прававой асновай узаемаадносін Расійскай імперыі з Кітаем аж да сярэдзіны XIX ст. (да прыняцця Айгунскага дагавора 1858 г. і Пекінскага трактата 1860 г.). З цягам часу асобныя яго артыкулы ўдакладняліся адпаведнымі дагаворамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Русско-китайские отношения 1689—1916: Документы. — М., 1958.