Масква (кінатэатр, Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кінатэатр Масква, Мінск)
Кінатэатр
Кінатэатр "Масква"
53°54′35,29″ пн. ш. 27°32′51,32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктар Віктар Уладзіміравіч Крамарэнка, Уладзімір Іванавіч Шчарбіна, Міхаіл Кліменцьевіч Вінаградаў і Анатоль Анатолевіч Сувораў
Будаўніцтва 19761980 гады
Стан Працуе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Масква́» — шырокафарматны кінатэатр у Мінску, размешчаны на праспекце Пераможцаў, 13. Насупраць кінатэатра размешчаны Палац спорту.

Вітраж «Масква — сталіца нашай Радзімы» 1970—1980-х гадоў з’яўляецца помнікам мастацтва рэспубліканскага значэння — Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Ж000214шыфр 712Ж000214.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кінатэатр «Масква» пабудаваны па індывідуальным праекце архітэктараў «Белдзяржпраект» В. Крамарэнкі, У. Шчарбіны, М. Вінаградава. Узвядзенне кінатэатра пачалі ў 1976 годзе будаўнікамі трэсту № 7 камбіната «Мінскбуд». Адкрыты ў 1980 годзе, на той час гэта быў найбуйнейшы кінатэатр у рэспубліцы.

Першапачаткова праекціроўшчыкамі прадугледжвалася і памяшканне для музея, у якім планавалася адкрыць экспазіцыю фатаграфій і кінадакументаў, прысвечаных гораду-герою Маскве і кінастудыі «Масфільм». У архітэктурным рашэнні фасада і інтэр’ераў будынка аўтарамі праекта шырока выкарыстаны элементы манументальнага мастацтва.

Абсталяванне[правіць | правіць зыходнік]

Аснашчаны стэрэагукавой сістэмай DTS Surround System. Фільмы ў кінатэатры дэманструюцца з гукам па сістэме Dolby. Кінатэатр мае два залы — на 260 месцаў і на 1070 месцаў, разлічаных на паказ кінафільмаў, правядзенне канферэнцый ці канцэртаў. У фае кінатэатра размешчаны выставачная зала, лекцыйная зала на 120 месцаў, прызначаны таксама для паказу кароткаметражных фільмаў[1]. Таксама ў ім знаходзіцца тэатр-студыя кінаакцёра, разлічаная на 260 месцаў, «Парадыз Шоу», ёсць більярдная зала, бар, праходзяць вячэрнія дыскатэкі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Фантан

Арганічна ўключаны ў агульную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ансамбля праспекта Пераможцаў[2].

Будынак вырашаны кампактным сіметрычным аб’ёмам. У кампазіцыі галоўнага фасада дамінуе тарцовая частка вялікай глядзельнай залы (на 1070 месцаў), якая кансольна навісае над суцэльным зашкленнем фае і вестыбюля. Галоўны фасад аформлены анадзіраванымі і чаканенымі панелямі са свяцільнікамі з каляровага шкла. Пластыку ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф) і інш. Процілеглы фасад сфарміраваны лаканічным аб’ёмам малой залы на 260 месцаў (выкарыстоўваецца тэатрам-студыяй кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом «Масква — сталіца нашай Радзімы» (мастакі Г. Вашчанка і М. Вашчанка), люстрамі ў выглядзе каскада каляровых шкляных трубак. Вакол вялікай глядзельнай залы размешчаны выставачная зала-фае, лекцыйная зала (таксама і для паказу кароткаметражных фільмаў), кафэ. У аздобе інтэр'ераў выкарыстаны ракушачнік, драўляныя і анадзіраваныя панелі, дэкаратыўная тынкоўка[2].

Перад кінатэатрам невялікая плошча з творамі архітэктуры малых форм[2] і двума фантанамі.

Зноскі

  1. А. А. Воінаў. «Масква», кінатэатр у Мінску // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 301.
  2. а б в 233в. Кінатэатр «Масква» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]