Лабары

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лабары (ад лац.: labor — праца)[1] — прафесійныя зборшчыкі ахвяраванняў для цэркваў. Лабарамі называлі мужчын, жыхароў мястэчка Янава (сучаснае Іванава Брэсцкай вобласці), якія збіралі грошы на пабудову і рэстаўрацыю цэркваў. Многія святары карысталіся паслугамі лабараў.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

З даўніх часоў мястэчка Янава належала каралям Рэчы Паспалітай, і гэта давала яго жыхарам некаторыя ільготы. Сяляне, што адбывалі так званую «мілевую павіннасць» (гэта значыць, пастаўлялі па патрабаванню каралеўскай адміністрацыі некаторую колькасць падводаў), былі свабодныя ад іншых павіннасцяў. так здарылася, што вольнага часу янаўцы мелі шмат, а вось зямлі — не так ужо многа. І яны знайшлі шлях ператварыць лішку часу ў грошы. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі дзейнасць лабараў не спынілася. Болей таго, яны адчулі заступніцтва з боку новых уладаў, якія таксама прытрымліваліся праваслаўя.

Прафесійныя вандроўнікі лічылі свой лад жыцця набожным і адзіным правільным, аднак стаўленне навакольных да іх занятку не было на столькі адназначным[1]. Шмат хто не любіў дакучлівых хадакоў.

Адзежа і звычаі[правіць | правіць зыходнік]

Ад жыхароў суседніх вёсак лабары адрозніваліся нават вопраткай. Традыцыйныя беларускія «магеркі» саступілі месца шапкам з казырком. Лапцей лабары не насілі прынцыпова, абувалі боты з высокаю халявай. У халоднае надвор’е насілі расшытыя паўшубкі. Жонкі лабараў былі хваткімі і знаходлівымі. Шмат было пісьменных.[1]

Месца і час дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Арэал дзейнасці лабараў быў вельмі шырокім: ад Украіны да Прыбалтыкі, ад Малдовы да Цэнтральнай Расіі[1]. Не грэбавалі лабары ніякай ахвярай: грошы, палатно, пяньку, лён, воўну, — усё прымалі. І значная частка сабраных сродкаў сапраўды ішла на будаўніцтва і рэстаўрацыю цэркваў.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што з дапамогай лабараў захаваліся да нашых дзён дзве драўляныя царквы 18 стагоддзя: Мікалаеўская царква ў в. Дружылавічы і Петрапаўлаўская ў в. Махро. Лабарскі занятак існаваў у Янава да пачатку 1940-ых гадоў, калі мястэчка, як і ўся Заходняя Беларусь, увайшло ў склад СССР. Сёння іванаўская інтэлігенцыя мае на мэце паставіць у горадзе помнік лабару.

Гаворка[правіць | правіць зыходнік]

За гады вандроўніцтваў для пазбаўлення ў дарозе ад чужых вушэй у лабараў сфарміраваўся свой асаблівы дыялект, многія словы з якога беззваротна страчаныя. Але супрацоўнікі іванаўскай раённай бібліятэкі стварылі «Дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі», які ўключае ў сябе 299 словаў. Самі лабары называлі сваю гаворку «ліберска гаврідня».

Этнолаг Таццяна Луцэвіч, якая прысвяціла свае навуковыя працы лабарам, лічыць, што гэтая штучная мова — збор слоў з самых розных моў і дыялектаў. Многія словы былі запазычаны з грэчаскай, лацінскай, нямецкай і іншых замежных моў, другія з’яўляліся вузкалакальнымі і сустракаліся толькі ў якой-небудзь адной мясцовасці. Былі і проста скажоныя словы і новаўтварэнні. Жанчыны гэтай гаворкі не ведалі, бо не мелі патрэбы ў таямнічых гаворках, а вось усіх хлопчыкаў абавязкова вучылі мясцоваму дыялекту з сямі гадоў.

Зноскі

  1. а б в г Sergey. История(нявызн.). janowlib.by. ГОСУДАРСТВЕННОЕ УЧРЕЖДЕНИЕ КУЛЬТУРЫ "ЦЕНТРАЛЬНАЯ РАЙОННАЯ БИБЛИОТЕКА им. Ф.И. ПАНФЕРОВА". Праверана 4 лютага 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Курков, И. Тяжкий лаборский ставер // Брестчина : легенды , события, люди (руск.). — Минск: Медиафакт, 2005. — С. 61–64.
  • Луцэвіч (Мікуліч) Т. Янаўскія лабары: гісторыка-этнаграфічны нарыс // Беларуская мінуўшчына. −1994. — № 4 — С. 58 — 60.
  • Максимов С. В. Бродячая Русь Христа-ради / [сочинение] С. Максимова. — С.-Петербург : Типография Товарищества «Общественная польза», 1877. — [2], 467 с. ; 22 см.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]