Лагаграфы

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Лагагра́фы (стар.-грэч.: λογογράφος, мн. л. λογογράφοι logographoi ад λόγος, logos — слова, празаічны твор і γράφω, grapho — пішу)

1) першыя старажытнагрэчаскія гісторыкі і географы, якія пісалі гістарычную прозу. З’явіліся ў вобласці Іонія ў сярэдзіне VI ст. да н.э. Адрозніваюць 2 пакаленні: старэйшае (VI – 1-я палова V стст. да н.э.; Кадм Мілецкі, Гекатэй Мілецкі, Харон, Скілак і інш.) і малодшае (2-я палова V ст. да н.э.; Ксанф, Ферэкід, Геланік і іншыя). На аснове міфаў і паданняў яны спрабавалі ўзнавіць гісторыю грэчаскіх полісаў, «варварскіх» краін, генеалогію арыстакратычных родаў (як гэта відаць з фрагментаў, якія дайшлі да нас «Генеалогіі» Гекатэя, «Персідскіх спраў» Харона, «Лідзійскіх спраў» Ксанфа), апісвалі чужыя землі і побыт народаў. Некаторыя працы заснаваны на асабістых уражаннях ад вандраванняў, утрымоўваюць каштоўныя этнаграфічныя і геаграфічныя звесткі (фрагменты «Землеапісанне» Гекатэя, «Падарожжв па Індыі» Скілака. Малодшыя лагаграфы на аснове гарадскіх хронік, спісаў службовых асоб і г.д. спрабавалі ўсталяваць храналагічную паслядоўнасць падзей старажытнагрэчаскай гісторыі. Найболей вядомая «Аціда» Геланіка – летапіс падзей з гісторыі Афін і іншых грэчаскіх полісаў.

Лагаграфы лічылі, што ў аснове эпічнай традыцыі ляжаць рэальныя падзеі і спрабавалі выявіць іх, але ішлі па шляху наіўна рацыяналістычнага тлумачэння міфаў, ухіленні з іх нязгоднасцяў, звышнатуральнага элемента. Росквіт дзейнасці лагаграфаў быў абумоўлены развіццём палітычнай самасвядомасці грамадзян, у першую чаргу дэмакратычных полісаў.

2) Складальнікі судовых прамоў кліентаў у Старажытных Афінах (з канца V ст. да н.э.; Дэмасфен, Лісій і іншыя) для выступленняў іх у час спрэчак усудзе. Рыхтавалі прамовы паводле характару, адукаванасці і іншых рыс кліента.

3) У эпоху позняй старажытнарымскай дзяржавы чыноўнікі імператарскай адміністрацыі, якія адказвалі за фінансы.

Фрагменты лагаграфаў[правіць | правіць зыходнік]

Ад твораў лагаграфаў захаваліся толькі ўрыўкі:

  • Müller C. Fragmenta historicum Graecorum. Vol. 1 – 5. – Paris, 1846 – 1870.
  • Jacoby F. Die Fragmente der griechischen Historiker. Vol. 3. – Leiden, 1950 – 1958.
  • Jacoby F. Die Fragmente der griechischen Historiker. Vol. 3. – Aufl., 1961.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Pearson L. Early Jonian historians. – Oxford, 1939.