Лагойскае ўзвышша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лагойскае ўзвышша
Каардынаты: 54°10′ пн. ш. 27°32′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Лагойскае ўзвышша
Лагойскае ўзвышша

Лагойскае ўзвышша — частка Мінскага ўзвышша на поўначы Мінскай вобласці, пераважна ў Лагойскім раёне. Сярэдняя вышыня — да 250 м, максімальная — 342 м (гара Лысая).

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Узвышша абмежавана скразной далінай Ілія — Гайна на поўначы, Нарачана-Вілейскай нізінай на захадзе, Верхнебярэзінскай нізінай — на ўсходзе. Паступова пераходзіць у цэнтральную частку Мінскага ўзвышша на поўдні. Утварае водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў.

У ваколіцах в. Чэмкі

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўднёва-заходняй часткі Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з глініста-мергелістых парод сярэдняга дэвону, на поўдні невялікія ўчасткі альб-сенаманскіх мелавой сістэмы.

Магутнасць антрапагенавай тоўшчы ў асобных месцах да 200—250 м. Акумуляцыя ледавіковых адкладаў адбывалася на працягу ранняга і сярэдняга антрапагену, асабліва ў эпоху сожскага зледзянення. Сярод марэнных адкладаў пераважаюць валунныя суглінкі і супескі. У невялікіх паніжэннях участкі зандравых, алювіяльных, азёрна-балотных пяскоў і тарфянікаў. На схілах узвышша пашыраны маламагутныя (3—5 м) лёсападобныя суглінкі і дэлювіяльныя асадкі.

Геамарфалогія[правіць | правіць зыходнік]

А. Кузміч. «Лагойшчына», 1992

Узвышша — складаны геамарфалагічны комплекс, размешчаны паміж вілейскай і бярэзінскай ледавіковымі лопасцямі. Пад уздзеянем іх бакавога ціску сістэма канцова-марэнных град набыла субшыротны напрамак з выгінам на поўдзень. Краявыя ўтварэнні галоўным чынам напорныя, аб чым сведчаць шматлікія гляцыядыслакацыі. У познім плейстацэне і галацэне першасны буйнаўзгорысты і градавы рэльеф значна змяніўся ад уздзеяння паверхневых вод і працэсаў дэнудацыі. У басейне Дняпра расталыя воды паазерскага ледавіка ўтварылі шырокія лагчыны сцёку. Адступанне ледавіка садзейнічала фарміраванню скразных далін. У выніку перапрацоўкі паверхні адбылося зніжэнне водападзелаў і згладжванне стромкіх схілаў, эразійнае расчляненне, паглыбленне і расшырэнне рачных далін, утварэнне лагчын і яроў; у галацэне зніклі ледавіковыя катлавіны ў выніку спуску азёр і запаўнення іх асадкамі, на плоскіх участках з лёсападобных адкладаў утварыліся суфазійныя западзіны.

У рэльефе вылучаецца шэраг дугападобных град з групамі купалападобных узгоркаў (адносныя вышыні 30—35 м). Сярэдняўзгорысты і ўвалісты рэльеф на вышыні 250—280 м, паблізу рачных далін, дзе залягаюць лёсападобныя пароды; адносныя вышыні павялічваюцца за кошт яроў і лагчын. Невялікія ўчасткі плоскаўвагнутых зандравых раўнін ускладнены рачнымі далінамі, часам дзюнна-ўзгорыстымі формамі.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рака Вяча

Водападзельнае становішча ўзвышша абумоўлівае адсутнасць буйных рэк і балот. З невялікіх рэк басейна Дняпра тут пачынаюцца рэкі Гайна і яе прыток Усяжа, Вяча, басейна НёманаІлія з прытокам Рыбчанка.

Глебава-расліннае покрыва[правіць | правіць зыходнік]

Сцежка да гары Лысая

Глебам, асабліва на лёсападобных пародах, уласціва высокая прыродная ўрадлівасць. Пад ворывам каля 35-40% тэрыторыі. Пашыраны дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя глебы на марэнных суглінках і супесках. На вяршынях град і ўзгоркаў змытыя валунныя, друзаватыя, на пласкахвадістых участках і падэшвах узгоркаў намытыя глебы.

Прыродная расліннасць моцна разрэджана. Мяшаныя і ялова-хваёвыя лясы захаваліся невялікімі ўчасткамі на вяршынях, стромкіх схілах узгоркаў, днішчах далін і лагчын. На пясчаных і забалочаных паніжэннях хваёвыя і драбналістыя лясы, трапляюцца нізінныя балоты.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Гарналыжны цэнтр Сілічы

Папулярны аб'ект лыжнага і гарналыжнага турызму (гарналыжныя комплексы Лагойск, Сілічы і інш.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]