Леў Францавіч Лубенскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Леў Лубенскі)
Леў Лубенскі
польск.: Leon Kazimierz Łubieński
герб «Помян»
герб «Помян»
дэпутат II Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Магілёўскай губерні
1907 — 1907
сенатар Польшчы ад Навагрудскага ваяводства
1922 — 1927
сенатар Польшчы ад Келецкага ваяводства
1928 — 1930

Нараджэнне 15 сакавіка 1861(1861-03-15)
Смерць 9 жніўня 1944(1944-08-09) (83 гады)
Месца пахавання
Род Лубенскія
Бацька Францішак Лубенскі[d]
Маці Ганна з Любамірскіх[d]
Жонка 1) графіня Гелена Лубенская (1859—1902); 2) графіня Леапальдзіна (Леапальдзіна-Эльжбета) Чапская (1887—1969). Шлюб у 1905 г.
Дзеці ад Лубенскай: 1) Сафія (1887—1962), 2) Станіслаў (1889—1903); ад Чапскай: 3) Юзэфа-Яніна (1906—1988), 4) Ежы (1907—1958), 5) Францішак (1909—1939), 6) Людвік (1912—1996).
Веравызнанне каталік
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Леў Лубенскі, Леў Францавіч Лубенскі, Леў Францішкавіч Лубенскі, Леан Лубеньскі (польск.: Leon Łubieński, руск.: Лев Францевич Лубенский; 15 сакавіка 1861, в. Казімежа Велька, Келецкая губерня, Расійская імперыя — 9 жніўня 1944, Варшава, Польшча) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Належаў да графскага роду Лубенскіх. Член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі. Быў дэпутатам II Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Магілёўскай губерні, дзе ўваходзіў у дэпутацкую групоўку «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» (1907) і належаў да краёўцаў-кансерватараў. Дыпламат і сенатар (1922—1930) Польшчы.

Паходжанне роду і сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 15 сакавіка 1861 года ў родавым маёнтку Казімежа-Велька (Келецкая губерня Расійскай імперыі) ў сям’і камер-юнкера расійскага двара графа Францішка Лубенскага (1834—1891) і яго жонкі — князёўны Ганны Любамірскай (1838—1917). Быў ахрышчаны ў каталіцтва. Належаў да польскай арыстакратыі.

Яго бацька Францішак Лубенскі (1834—1891) быў сынам польскага графа Казіміра Лубенскага (1801—1870) і графіні Марыяны Корвін-Красінскай (1810—1862), валодаў двума цукровымі заводамі ў Келецкай губерні і стаў аўтарам навуковых работ на тэму вырабу цукру[1].

Яго маці князёўна Ганна Любамірская (1838—1917) была дачкой князя Канстанціна (Канстанціна-Станіслава-Ксаверыя) Любамірскага (1786—1870) ад яго жонкі — рускай графіні Кацярыны Мікалаеўны Талстой (1789—1870). Ганна Любамірская (1838—1917) належала да «літоўскай» галіны роду Любамірскіх, якая асела ў 1780-х гг. на Аршаншчыне, купіўшы ў Рыгора Пацёмкіна маёнтак Дуброўна ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесніцтва (Расійскай імперыі); прынесла ў пасаг мужу маёнткі ў Аршанскім павеце.

Першай жонкай Льва Лубенскага стала графіня Гелена Лубенская (1859—1902), якая была дачкой графа Уладзіслава Лубенскага (1817—1880) і яго жонкі-полькі Марыі Арсэці (Orsetti) (1830—1903). Ад першай жонкі меў двух дзяцей: 1) Сафія (1887—1962) — выйшла за Аляксандра Русаноўскага (1883—1925); 2) Станіслаў (1889—1903) — памёр маладым[1].

Другой жонкай Льва Лубенскага ў 1905 г. стала графіня Леапальдзіна (Леапальдзіна-Эльжбета) Чапская (1887—1969), якая была дачкой графа Ежы Эмерыкавіча Чапскага і жыхаркай Мінскай губерні. Ад другога шлюбу меў чатырох дзяцей: 1) Юзэфа-Яніна (1906—1988) — стала манашкай-уршулянкай і супрацоўніцай Люблінскага каталіцкага ўніверсітэту (Katolicki Uniwersytet Lubelski); 2) Ежы (1907—1958) — стаў афіцэрам войска міжваеннай Польшчы, байцом французскага руху супраціўлення ў час Другой сусветнай вайны, а пасля вайны — эмігрантам і грамадзянінам Францыі; 3) Францішак (1909—1939) — ваяваў у польскім войску з пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 г. і прапаў без следу; 4) Людвік (1912—1996) — ажаніўся з графіняй Эльжбетай-Марыяй Тышкевіч (1921—1996), стаў юрыстам, сакратаром Юзафа Бека (Józef Beck), афіцэрам II Польскага корпусу генерала Уладзіслава Андэрса, а пасля супрацоўнікам Радыё Свабодная Еўропа (RWE)[1].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Тэхналагічны інстытут у Грацы (Аўстра-Венгрыя).

Маёнтак[правіць | правіць зыходнік]

Сядзібна-паркавы ансамбль графа Льва Лубенскага ў маёнтку Межава (сучасны стан).

Валодаў спадчыннымі маёнткамі Казімежа-Велька (Kazimierza Wielka) і Белзаў (Bełzów) у Піньчаўскім павеце Келецкай губерні, а таксама маёнткам Межава (каля 700 дзесяцін зямлі) у Аршанскім павеце Магілёўскай губерні.

Гаспадарчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сканчэння інстытута пачаў займацца гаспадаркай у родавых маёнтках Казімежа-Велька (Kazimierza Wielka) і Белзаў (Bełzów) у Піньчаўскім павеце Келецкай губерні (Расійская імперыя)[1]. У 1903 годзе ў Мінску быў надрукаваны яго «Даклад аб дэнатуралізацыі спірту і аб ужыванні яго для хімічных і тэхнічных мэт».

Верагодна, па прычыне знаёмства і шлюбу з графіняй Леапальдзінай Чапскай (1887—1969), якая была жыхаркай Мінскай губерні, Леў Лубенскі пераносіць сваю дзейнасць з польскіх у літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі і кіруе сваімі маёнткамі ў Аршанскім павеце. Будуе ў сваім маёнтку Межава (Аршанскі павет) сядзібна-паркавы комплекс[2]. Стаў аўтарытэтам сярод землеўласнікаў-католікаў Магілёўскай губерні, членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (з 1891 г.[3].) і Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі і хутка стаў адным з уплывовых кіраўнікоў абодвух гэтых сельскагаспадарчых таварыстваў — увайшоў у склад іх Рад[1][4]. Прычынай такога павароту падзей, верагодна, стала паразуменне з дваранамі-каталікамі Мінскай і Магілёўскай губерняў і ўсё той жа шлюб Льва Лубенскага з Леапальдзінай Чапскай, якая была дачкой графа Ежы Чапскага — аднаго з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і заможнага маянткоўца Мінскай губерні. Паводле ацэнкі лідара Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча, Лубенскі праяўляў прыкметную актыўнасць у арганізацыі[5]. Граф Леў Лубенскі быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў 1903—1917 гг.[6]

Стаў членам нагляднай камісіі Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню).

Упамінаецца, што ў 1913 г. ад Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў прадстаўніком у Варшаўскім параённым камітэце — па рэгуляванні масавых перавозак грузаў на чыгунцы[7].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У Расійскай імперыі (1905—1917)[правіць | правіць зыходнік]

6 лютага 1907 года граф Леў Лубенскі выў выбраны (ад агульнага складу выбаршчыкаў Магілёўскай губерні) дэпутатам II Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі — за яго прагаласавалі дваране-католікі, яўрэі і 26 сялян, але не прагаласаваў ніводны рускі землеўласнік Магілёўскай губерні[8]. У II Дзяржаўнай Думе ўваходзіў у дэпутацкую групоўку «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» (1907) і належаў да краёўцаў-кансерватараў[9].

Пасля ўвядзення ў 1911 годзе ў Магілёўскай губерні земскага самакіравання быў абраны членам у Магілёўскае губернскае земства ад «польскай» (каталіцкай) курыі. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915—1917 гадах як прадстаўнік Магілёўскага губернскага земства арганізаваў санітарную дапамогу для цывільных бежанцаў (грамадзян Расійскай імперыі) у тылах расійскага войска — у Магілёўскай губерні[1].

У паслярэвалюцыйнай Беларусі (1917—1918)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расіі ўвайшоў у маі 1917 года ў склад Польскай рады Мінскай зямлі[10], якая спачатку (у перыяд кіравання Часовага Урада Расіі на чале з Аляксандарам Керанскім) будзе выступаць за дзяржаўную незалежанасць Беларусі ад Расіі і самастойнасць, а толькі пасля падзення Часовага Урада Расіі і ва ўмовах пагрозы захопу Беларусі бальшавікамі ў канцы 1918 г. стане выступаць за раўнапраўны федэрацыйны саюз Беларусі і Польшчы[11].

У жніўні 1917 года таксама стаў яшчэ і паралельна членам і віцэ-старшынёй Польскай рады міжпартыйнага аб’яднання (Rada Polska Zjednoczenia Międzypartyjnego) у Маскве, бо Польская рада Мінскай зямлі, хоць і не далучылася да Польскай рады міжпартыйнага аб’яднання, але дазволіла сваім членам індывідуальнае членства ў маскоўскай арганізацыі[12].

З-за пагрозы арышту бальшавікамі ўцёк на захад ад лініі руска-нямецкага фронту і летам 1918 года апынуўся у нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Баранавічах[1].

У справе польска-беларускай федэрацыі (1918—1921)[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1918 года, калі нямецкія войскі пачалі (паводле Брэсцкага мірнага дагавора) адходзіць з Магілёўскай губерні на захад, Польская рада Беларускіх зямель, не жадаючы, каб Магілёўшчына была занята бальшавікамі, звярнулася ў сярэдзіне 1918 г. з мемарыялам да кіраўніцтва Обер-Оста з просьбай выслаць у Магілёўшчыну польскіх жаўнераў замест нямецкіх[13]. Мемарыял быў падрыхтаваны прадстаўнікамі маянткоўцаў-католікаў Магілёўскай губерні — графам Львом Лубенскім, Міраславам Абязерскім і Эдмундам Івашкевічам[13][14]. Польская рада Беларускіх зямель таксама дамагалася, каб у Варшаве быў створаны спецыяльны камітэт па справам беларускіх зямель — і з кастрычніка 1918 г. у Варшаве пачаў дзейнічаць Камітэт па ўсходніх справах (Komitet do Spraw Wschodnich) на чале з прафесарам Вітальдам Камянецкім[13]. У нарадах гэтага Камітэта адразу пачалі актыўна ўдзельнічаць прадстаўнікі Польскай рады Мінскай зямлі — Міраслаў Абязерскі, граф Леў Лубенскі і Уладзіслаў Рыбінскі, а галоўнай іх мэтай было пагадненне паміж Польшчай, Беларуссю і Літвой (палякамі, беларусамі і літоўцамі) і падрыхтоўка матэрыялаў да мірнай канферэнцыі пасля заканчэння Першай сусветнай вайны[13]. Камітэт (з падачы маянткоўцаў-католікаў Беларусі) стаяў на пазіцыях аднаўлення былога Вялікага Княства Літоўскага (з беларуска-літоўскіх зямель) з захаваннем прынцыпаў раўнапраўя ўсіх яго народаў і раўнапраўнай уніі літоўска-беларускай дзяржавы з Польшчай[15]. Ад польскага ўраду патрабавалася дапамога «пры ўзнаўленні ўсталяванага Ягелонамі саюза літоўска-беларускіх зямель з Польшчай»[16]. Аднак запасным планам дзейнасці Камітэта па ўсходніх справах варшаўскія палітыкі бачылі адмову ад тэрыторый Літвы і Беларусі, адмову ад задавальнення інтарэсаў маянткоўцаў-католікаў Беларусі і стварэнне польскай дзяржавы выключна з этнаграфічных польскіх зямель, што пакідала б маянткоўцаў Беларусі без маёнткаў — апошнія ў такім выпадку аўтаматычна адыходзілі пад уладу бальшавікоў і нацыяналізаваліся[17].

З пачаткам арганізацыі ў Польшчы сойма, лідары Польскай рады Беларускіх зямель звярнуліся з просьбай прызначэння дэпутатамі ў польскі сойм таксама і тых 20 прадстаўнікоў, якіх выбяруць члены Польскай рады Беларускіх зямель, апялюючы, што цяперашні польскі сойм трэба разглядаць нашчадкам соймаў былой польска-літоўскай Рэчы Паспалітай[18]. Ад Польскай рады Беларускіх зямель, у склад якой уваходзіла і Польская рада Мінскай зямлі, граф Леў Лубенскі ў лістападзе 1918 г. быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сойма Польшчы і выступаў (як і ўсе дэлегаты ад Польскай рады Беларускіх зямель) за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай[19]. Польскай радай Беларускіх зямель удакладняліся справы, якімі павінны займацца яе дэлегаты ў польскім сойме: 1) злучанасць Літвы і Беларусі з Польшчай; 2) падтрымка добрых адносін з дзяржавымі Антанты; 3) пытанне прамысловай мадэрнізацыі літоўска-беларускіх зямель і выдзялення матэрыяльнай дапамогі для іх; 4) не закранаць пытанне аграрнай рэформы[18]. Мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель у лютым 1919 г. не былі прызнаны польскім соймам і дэлегаты не ўвайшлі дэпутатамі ў склад польскага сойму[20].

У лістападзе 1918 г., калі скончылася Першая сусветная вайна, ад імя арганізацый дваран-каталікоў Беларусі (на чале якіх стаяў Эдвард Вайніловіч) быў выбраны і адпраўлены з Варшавы ў якасці свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Францыю — для супрацоўніцтва з Польскім нацыянальным камітэтам (KNP) у Парыжы, каб выказваць інтарэсы дваран-каталікоў Беларусі на Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—1920)[21][22]: дваране-каталікі Беларусі выступалі за непадзельнасць тэрыторыі Беларусі і унію Беларусі з Польшчай[23].

«Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі» — карта шасці губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі. Надрукавана ў выдавецтве газеты «краёўцаў» «Kurjer Litewski», паміж 1905—1910 гг.
Межы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), аб’яўленыя 25 сакавіка 1918 г. на падставе «этнічнага крытэрыя» (як гэта разумелася палітыкамі і ідэолагамі БНР) — на падставе прац беларускага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага

У Парыжы на мірнай канферэнцыі граф Любенскі адхіляў прэтэнзіі польскіх эндэкаў непасрэдна ўключыць у склад Польшчы частку беларускіх зямель былой Гродзенскай губерні: ён указваў Раману Дмоўскаму, што землі на ўсход ад Брэста павінны ўваходзіць не ў склад Польшчы, а ў склад Беларусі, бо яны населены ў сваёй большасці непалякамі[24]. Дэлегацыя ад маянткоўцаў-католікаў Беларусі (граф Л. Лубенскі, Б. Крыжаноўскі і К. Рыбінскі) 21 студзеня 1919 г. у Парыжы ў сваім звароце Польскаму нацыянальнаму камітэту ўказвала, што інкарпарацыйная канцэпцыя (непасэднага ўключэння ў склад Польшчы толькі часткі тэрыторыі Беларусі — каталіцкай) не вырашае справы Беларусі, а толькі яе дзеліць на дзве часткі, што ў будучым можа стаць толькі прычынай міжэтнічных канфліктаў у Польшчы — беларускага ірэдэнтызма. Дэлегацыя прапанавала унію Польшчы і літоўска-беларускай дзяржавы, бо: 1) гэта меншае зло, чым падзел Беларусі на дзве часткі; 2) мяжу 1772 г. з Расіяй (да першага падзела Рэчы Паспалітай у 1772 г.) лягчэй бараніць, бо гэта этнічная мяжа паміж Беларуссю і Расіяй; 3) за унію Польшчы і Беларусі выступаюць усе палякі ў Беларусі; 4) існуюць трывалыя эканамічныя сувязі літоўска-беларускіх зямель з Польшчай; 5) федэрацыя Польшчы і Беларусі (а не інкарпарацыя часткі Беларусі ў склад Польшчы) дазволіць пазбегнуць міжнароднага асуджэння ў польскім імперыялізме[23]. У той час Дмоўскі згадзіўся з патрабаваннямі Лубенскага[25]. Да звароту дадавалася пастанова, прынятая землеўласнікамі-католікамі Мінскай губерні, аб тым, што землеўласнікі згаджаюцца аддаць часткі сваіх зямельных уладанняў на патрэбы вызвалення края ад бальшавікоў — у першую чаргу, перадаць бясплатна тым жаўнерам-палякам і тым добраахвотнікам, якія будуць змагацца на беларускіх тэрыторыях[26]. А маянткоўцы Пінскага і Мазырскага паветаў Мінскай губерні згадзіліся перадаць такім жаўнерам аж 1/3 сваёй зямлі[26].

Акрамя таго, граф Леў Лубенскі, выказваючы меркаванне суполак каталіцкіх дваран Беларусі на чале з Эдвардам Вайніловічам, не згаджаўся з пазіцыямі Дамініка Сямашкі (прадстаўніка дэлегацыі беларускіх нацыял-дэмакратаў на Парыжскай канферэнцыі) і Мітрафана Доўнар-Запольскага (які падрыхтаваў у 1918 г. этнічную карту рассялення беларусаў), што ў склад Беларусі павінны таксама ўваходзіць часткі былых Смаленскай, Пскоўскай, Калужскай і Чарнігаўскай губерняў[25].

На паседжанні Польскага нацыянальнага камітэта (ПНК) у Парыжы граф Лубенскі прадставіў свой даклад «Zagadnienia polityczne na Białej Rusi» («Палітычнае пытанне на Беларусі»), дзе абмяжоўваў этнічную тэрыторыю беларусаў на ўсходзе толькі тэрыторыямі былых Магілёўскай і Віцебскай губерняў уключна — без Смаленшчыны і Браншчыны[27]. Лубенскі лічыў прэзентаваныя ў 1919 г. у Парыжы і іншых сталіцах Еўропы тэрытарыяльныя жаданні беларускіх нацыял-дэмакратаў (Антона Луцкевіча, Дамініка Сямашкі, Мітрафана Доўнар-Запольскага) адносна ўсходняй мяжы Беларусі занадта перабольшанымі, бо яны датычылі смаленскіх і бранскіх зямель, дзе беларусы, на думку Лубенскага, былі ў меншасці[27]. У дакладзе Лубенскі выказваў неабходнасць уніі Польшчы і Беларусі і паказваў, што гаспадарчыя сувязі (у тым ліку плынь рэк Беларусі) натуральна «пхалі Беларусь» у заходнім кірунку і што гэта разумелі продкі, прымаючы унію[27]. У адказ на тэрытарыяльныя прэтэнзіі польскіх эндэкаў, што на Віленшчыне дамінуе польскае насельніцтва, Лубенскі заявіў у дакладзе, што на Віленшчыне ёсць польскае насельніцтва, а літоўскае (балцкае) насельніцтва сканцэнтравана на тэрыторыі былой Ковенскай губерні і толькі на заходніх частках былой Віленскай губерні[27]. «Гэтае шасцівяковае сумеснае жыццё палякаў, літоўцаў, беларусаў, агульныя прыродныя ўмовы, глебы, клімат стварылі праблему, якую з чыста этнаграфічнага пункту гледжання немагчыма вырашыць». Адсюль найлепшым рашэннем, на думку Лубенскага, ва ўмовах немагчымасці дакладнага вызначэння этнаграфічных межаў паміж народамі і этнічнай стракатасці края будзе адбудова літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага — з шасці былых літоўска-беларускіх губерняў (Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай). Існаванне і супольнае жыццё народаў павінна абапірацца на прынцыпы роўнасці і супрацоўніцтва ўсіх народаў літоўска-беларускай дзяржавы (са сваім соймам), звязанай з Польшчай адпаведнымі гаспадарчымі дамовамі[27]. Гэтыя пастулаты Лубенскага былі пастулатамі дзеячоў «краёвасці»[27].

2 сакавіка 1919 г. на паседжанні ПНК Лубенскі зноў пачаў бараніць для літоўска-беларускай дзяржавы межы Вялікага Княства Літоўскага напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. — г.зн. межы былых шасці губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі[27]. Каб схіліць польскіх эндэкаў да польска-беларускай федэрацыі, у сваёй аргументацыі Лубенскі выкарыстоўваў ужо і моманты стратэгічнага характару — указаў на наяўнасць у Беларусі важных транспартных вузлоў (Віцебск, Орша, Жлобін, Гомель) і шмат каштоўных лясных масіваў, а таксама спецыяльна закрануў чуллівую для польскіх эндэкаў тэму — астраўкі польскага насельніцтва ў Беларусі[27].

Падобныя аргументы Лубенскі зноў паўтарыў у Парыжы ў сваім мемарыяле «Stan economiczny na Litwie i Białej Rusi» («Эканамічнае становішча ў Літве і Беларусі»), пададзеным у сакавіку 1919 года ў ПНК, а таксама выслаў ліст у Генеральны сакратарыят Польскага нацыянальнага камітэта ў Парыжы аб неабходнасці прыняцця ў ПНК кансультантаў, якія б арыентаваліся ў сітуацыі ў Беларусі і Літве[28]. Аднак ідэі польска-беларускай федэрацыі не сустракалі згоды ў многіх членаў ПНК[29]. Галоўнымі саюзнікамі ў справе федэрацыі Польшчы і Беларусі для маянткоўцаў-католікаў Беларусі бачыліся польскія арыстакраты ў складзе ПНК: 15 сакавіка 1919 г. Эдвард Вайніловіч разам з Аляксандрам Мяйштовічам і Раманам Скірмунтам у Варшаве сустрэўся з графам Маўрыцам Замойскім, віцэ-старшынёй ПНК у Парыжы і адным з лідараў польскай арыстакратыі, адносна ўсходніх межаў будучай федэрацыі[23].

З Парыжа Леў Лубенскі адправіў да арганізацый дваран-каталікоў Беларусі справаздачу, якую дваране (у тым ліку Эдвард Вайніловіч) зачыталі 21 мая 1919 года ў Варшаве і з якой даведаліся, што на Парыжскай мірнай канферэнцыі справа непадзельнасці тэрыторыі Беларусі несуцяшальная, бо польскія эндэкі не жадаюць уніі, а толькі інкарпарацыі часткі Беларусі[30].

11 кастрычніка 1919 года ў занятай польскімі войскамі Вільні адбылося ўрачыстае адкрыццё Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя, які быў створаны па загаду Юзафа Пілсудскага. Пад урачыстым мемарыялам у гонар адкрыцця ўніверсітэта значыўся (у спісе ганаровых асоб — Юзафа Пілсудскага (на чале), Фердынанда Рушчыца і інш.) і аўтограф графа Льва Лубенскага[31].

У лістападзе 1919 года ў Варшаве граф Леў Лубенскі прысутнічаў разам з іншымі кансерватыўнымі маянткоўцамі-католікамі Беларусі, Украіны і Літвы (граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Станіслаў Лапацінскі, Аляксандр Мяйштовіч, граф Марыян Плятар, Томаш Зан, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Горват, Ігнат Шэбека, прафесар Шыман Ашкеназы) на сустрэчы з адным з лідараў польскіх арыстакратаў князем Станіславам Любамірскім у варашаўскім палацы Патоцкіх. Група маянткоўцаў казала князю Любамірскаму, што Польшча мае юрыдычныя і гістарычныя правы на граніцы да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., а, каб не дапусціць шкоднага знаходжання на тэрыторыі польскай дзяржавы зашмат няпольскага насельніцтва і тым пагражаць этнічнай гамагеннасці Польшчы, трэба заключыць унію з літоўска-беларускай дзяржавай, падпісаўшы эканамічныя і адміністрацыяйныя дагаворы. У праекце меж плануемай літоўска-беларускай дзяржвы маянткоўцы-католікі (з-за ваенных цяжкасцей на ўсходнім фронце з бальшавікамі) ужо вымушана адмаўляліся ад усходніх частак Магілёўскай губерні (да Дняпра), уключалі ўсю Літву («Ковенскую Літву»), «Польскія Інфлянты», а ўсклад Польшчы прапанавалі ўключыць толькі Галіцыю і Валынь з адмовай ад Кіеўшчыны і Падолля[32]. Любамірскі прыхільна сустрэў праект федэралізацыі — і адпаведны мемарыял быў накіраваны «Начальніку Дзяржавы» Юзафу Пілсудскаму[33].

Лубенскі прыняў грамадзянства Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай).

У міжваеннай Польшчы (1921—1944)[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі, маёнткі Лубенскага на Магілёўшчыне, як і многіх іншых землеўласнікаў, аказаліся на савецкім баку і былі нацыяналізаваны. У Лубенскага захаваліся маёнткі ў Келецкім ваяводстве Польшчы.

У 1921—1922 гадах Леў Лубенскі быў ганаровым аташэ польскага пасольства ў Парыжы (Францыя). На міжнародных Генуэзскай канферэнцыі (1922) і Гаагскай канферэнцыі (1922) прадстаўляў польскія інтарэсы адносна маёмасці (у тым ліку нерухомасці) польскіх грамадзян, якая засталася на тэрыторыі, падкантрольнай СССР.

У міжваеннай Польшчы стаў сенатарам (1922—1930) першых дзвюх кадэнцый Сената. У Сенат I кадэнцыі (1922—1927) быў абраны ад Навагрудскага ваяводства — ад спіса № 22 «Дзяржаўнае аб’яднанне на Крэсах» (Państwowe Zjednoczenie na Kresach); уваходзіў у групоўку сенатараў (KChN); уваходзіў у склад сенацкіх камісій — па рэгламенту (стаў яе старшынёй), вайсковай і замежных спраў; быў удзельнікам польска-французскай парламенцкай групы (старшыня эканамічнай секцыі) і міжпарламенцкіх кангрэсаў у Рыме (Італія), Лондане (Велікабрытанія) і Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія)[1].

У Сенат II кадэнцыі (1928—1930) быў абраны ад Келецкага ваяводства — ад спіса № 1 «Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам» (BBWR, Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem), які падтрымліваў палітыку Юзафа Пілсудскага; уваходзіў у склад сенацкай камісіі па рэгламенту[1]. Пасля 1930 г. адышоў ад палітычнай дзейнасці.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Другой сусветнай вайны жыў у Варшаве на вуліцы Фільтрова ў доме № 69 кватэры № 35[34]. У пачатку Варшаўскага паўстання (1944) быў цяжка хворы — не хадзіў з-за хваробы сэрца і нырак. 8 жніўня 1944 года быў схоплены ў сваім доме ў Варшаве і вывезены на інвалідскім крэсле жаўнерамі арганізацыі пранямецкіх калабарантаў (паводле адной інфармацыі — украінскай, а паводле другой — Расійскай вызваленчай народнай арміяй)[34]. 9 жніўня 1944 года быў імі застрэлены на Ахоце ў Варшаве — у аколіцах Зяленяка (Zieleniec) — і там пахаваны ў агульнай магіле разам з іншымі асобамі. Эксгумацыя рэшткаў расстраляных з магілы адбылася ў лютым-маі 1945 года.[1]

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Доклад о денатурализации спирта и о потреблении его для химических и технических целей / Л. Ф. Лубенский. ― Минск, 1903.[35]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Leon Łubieński(недаступная спасылка) // sejm.gov.pl
  2. Каменные кресты Межево
  3. Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  4. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 79.
  5. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 64, 79.
  6. Памятная книга Минской губернии на 1903 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Паровая типо-литография Б. И. Соломонова, 1903. — С. 102; Памятная книга Минской губернии на 1907 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Губернская типография, 1906. — С. 96; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1909; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1910. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1910. — С. 94; Памятная книга Минской губернии на 1917 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Типография инвалидов, 1916. — С. 85.
  7. Государственный архив Пермского края. Фонд 556. — опись 1. — дело 110. Список членов Варшавского Порайонного Комитета на 1 марта 1913 года. Гл.: http://forum.vgd.ru/post/37/25929/p696552.htm
  8. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 196.
  9. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 171, 173; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 467.
  10. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego… С. 73.
  11. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego… С. 67, 72, 79.
  12. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego… С. 74.
  13. а б в г Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 30.
  14. Эдмунд Івашкевіч быў скарбнікам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
  15. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 30, 32—33.
  16. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 33.
  17. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 31.
  18. а б Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 37.
  19. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 340; Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 37—38.
  20. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 38.
  21. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 231.
  22. Прадстаўніком ад арганізацый дваран-каталікоў Украіны ў Парыж быў выбраны граф Юзаф Патоцкі. Гл.: Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 231.
  23. а б в Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 45.
  24. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 41.
  25. а б Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 42.
  26. а б Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 96.
  27. а б в г д е ё ж Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 43.
  28. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 43—44.
  29. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 44.
  30. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 247; Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)… С. 47—48, 51.
  31. Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich… С. 79.
  32. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa… С. 220—221.
  33. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa… С. 221.
  34. а б Strona główna ›Historia ›Senat RP w latach 1922—1939 ›Senatorowie II RP Leon Łubieński
  35. Лев Францевич Лубенский

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  • Боиович, М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Второй созыв. / М. М. Боиович. — Москва : Тип. И. Д. Сытина, 1907. — 519 с.
  • Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922) / К. Гамулка; пераклад з польскай мовы. — Вільня, 2008. — 256 с.
  • Лубенский Лев Францевич Архівавана 8 снежня 2015. // Государственная дума Российской империи: 1906—1917 : Энциклопедия. / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва : РОССПЭН, 2008. — С. 334.
  • Памятная книга Минской губернии на 1903 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Паровая типо-литография Б. И. Соломонова, 1903. — 220 с.
  • Памятная книга Минской губернии на 1907 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Губернская типография, 1906. — 208 с.
  • Памятная книга Минской губернии на 1917 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Типография инвалидов, 1916. — 249 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — С. 344.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1909.
  • Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1910. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1910. — 146 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]