Лонданскі дагавор, 1839

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Лонданскі дагавор, таксама вядомы як Першы Лонданскі дагавор ці Канвенцыя 1839 года — дагавор, падпісаны ў Лондане 19 красавіка 1839 года прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Францыі, Прусіі, Расіі і каралеўства Аб'яднаныя Нідэрланды. У адпаведнасці з гэтым дагаворам еўрапейскія дзяржавы прызнавалі і гарантавалі незалежнасць і нейтральны статус Бельгіі, а таксама пацвердзілі незалежнасць Люксембурга. Шырокую вядомасць у гады Першай сусветнай вайны атрымала зневажальная ацэнка гэтага пагаднення германскага канцлера фот Бэтмен-Гольвега, які назваў Лонданскі дагавор "кавалачкам паперы", што было выкарыстана ў антыгерманскай прапагандзе краін Антанты.

Тэрытарыяльныя наступствы[правіць | правіць зыходнік]

З 1815 года Бельгія была часткай каралеўства Аб'яднаныя Нідэрланды. У адпаведнасці з дагаворам з паўднёвых правінцый гэтага каралеўства было ўтворана Каралеўства Бельгія, а правінцыя Лімбург была падзелена на бельгійскую і нідэрландскую часткі.

Тое ж самае здарылася з Вялікім Герцагствам Люксембург, на дзвюх трацінах тэрыторыі якога была ўтворана бельгійская правінцыя Люксембург. Само Вялікае герцагства засталося ў асабістай уніі з Нідэрландамі.

Зеландская Фландрыя была аддзелена ад Бельгіі і ўвайшла ў склад нідэрландскай правінцыі Зеландыя, з прычыны таго, што галандцы не жадалі, каб бельгійцы маглі кантраляваць вусце Шэльды; наўзамен ім прыйшлося гарантаваць свабодную навігацыю па Шэльдзе да Антверпена.