Лукая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лукая
Чэрап лукая
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Багамскія Астравы
Мова лукая
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы таіна, іньеры

Лука́я (ісп.: Lucayos) аравакскі народ, карэнныя жыхары Багамскіх астравоў, а таксама Цёркс і Кайкас. Сталі першымі індзейцамі, якія 12 кастрычніка 1492 г. сутыкнуліся з іспанскай экспедыцыяй Хрыстафора Калумба.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Запісы іспанцаў, а таксама археалагічныя знаходкі сведчаць, што па мове і культуры лукая былі блізкімі сваякамі індзейцаў-таіна Антыльскіх астравоў. Мяркуецца, што ў V - VIII стст. н. э. яны пачалі перасяленне з Гаіці і Кубы. На малых каралавых астравах таіна часткова змянілі свой лад жыцця, сталі больш залежнымі ад рэсурсаў акіяна.

Працэс перасялення з Антыльскіх астравоў працягваўся да прыходу еўрапейцаў. Археолагамі ўсталяваны той факт, што культура жыхароў Цёркс і Кайкас, а таксама некаторых Багамскіх астравоў значна змянілася да сярэдзіны 2 тысячагоддзя н. э. пад уплывам перасяленцаў з Гаіці і больш нагадвала культуру таіна.

Мяркуецца, што іспанскае слова Lucayos, якім пазначалі індзейцаў з Багамаў, паходзіць ад аравакскага Lukku-Cairi, літаральна "людзі астравоў". Колькасць лукая да з'яўлення іспанцаў магла дасягаць 40 тысяч чалавек.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Іспанцы апісвалі індзейцаў лукая як вельмі прыгожых і далікатных. Вопратка ў іх была даволі сціплая. Дзяўчыны, якія дасягалі сталага ўзросту, насілі баваўняныя спадніцы, а мужчыны - насцегнавыя повязі з лісця. Упрыгожваліся галаўнымі повязямі, пер'ем птушак, ракавінамі, караламі. Былі вядомы татуіроўка і плясканне галавы ў дзяцей. Галоўнымі заняткамі лукая былі рыбалоўства, земляробства, збіральніцтва і паляванне. Прычым, з-за адноснай беднасці прыроды малых астравоў збіральніцтва і паляванне не маглі адыгрываць надзвычай важнай ролі. Але лукая здолелі адаптавацца да мясцовых умоў жыцця.

Археалагічныя знаходкі на невялікім востраве Сан-Сальвадор сведчаць пра тое, што індзейцы з'явіліся на ім прыкладна ў 600 г. н. э. і стварылі каля 40 невялікіх паселішчаў. Паселішчы будавалі у 150 - 200 м ад акіяна або каля ўнутраных лагун, звычайна на пясчаных выдмах. Былі знойдзены рэшткі медзі і натуральнага шкла, якія на астравах не здабываюцца, што кажа пра сталыя кантакты лукая з вонкавым светам. Лукая таксама рабілі керамічныя пасудзіны, якія апрацоўвалі з дапамогай попелу і ракавін. Недахоп сыравіны для керамікі рабіў яе надзвычай каштоўнай. Ажыццяўляўся менавы гандаль керамічнымі вырабамі з іншымі астравамі. Каля паселішчаў знойдзены смеццевыя ямы з вялікай колькасцю ракавін малюскаў і костак рыб. На агародах вырошчвалі гарбузы, батат, тытунь, бавоўнік.

Практыкаваўся адлік сваяцтва па лініі маці, але на чале сем'яў і грамадства стаялі мужчыны. Відавочна, сем'і былі пашыраныя, на што паказвае апісанне іх жытла Х. Калумбам. Лукая жылі ў высокіх хацінах круглявай формы, якія будавалі з жэрдак і накрывалі саломай. Спалі ў баваўняных гамаках. У адной хаціне жыло да 20 чалавек.

Пра рэлігійныя вераванні лукая вядома мала. Хутчэй за ўсё, яны мелі шмат агульнага з рэлігіяй таіна. Знойдзены рытуальныя драўляныя статуэткі, а таксама рытуальныя месцы духа. Мяркуецца, што правядзеннем абрадаў займаліся правадыры-касікі.

Выміранне[правіць | правіць зыходнік]

Заняпад культуры лукая адбыўся на працягу ўсяго аднаго пакалення пасля таго, як 12 кастрычніка 1492 г. Хрыстафор Калумб дасягнуў першага адкрытага ім у Новым Свеце вострава Сан-Сальвадор. Сутыкненне з еўрапейскай цывілізацыяй магло выклікаць распаўсюджанне эпідэмічных захворванняў. Індзейцы лукая вывозіліся іспанцамі для працы на Гаіці і востраў Маргарыта. Лукая асабліва цаніліся як лаўцы жэмчугу. У 1500 г. Амерыга Веспучы захапіў і прывёз у Іспанію ў якасці рабоў 232 тубыльца з Багамаў.

У 1520 г. іспанскі кароль запатрабаваў ад губернатара Гаіці выратаваць выжылых карэнных насельнікаў Багамаў і даставіць іх на Гаіці. Было знойдзена толькі 11 чалавек, якія пазней змяшаліся з насельнікамі Антылаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]