Люксембуржцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Люксембуржцы
(Lëtzebuerger)
Агульная колькасць 414100
Рэгіёны пражывання  Люксембург — 351000

 Францыя — 43000
 Германія — 15000
 Бельгія — 4600

Мова люксембургская мова
Рэлігія каталіцызм
Блізкія этнічныя групы немцы, эльзасцы

Люксембу́ржцы (саманазва: Lëtzebuerger) — заходнееўрапейскі народ, карэннае насельніцтва Люксембурга. У больш шырокім сэнсе, прадстаўнікі палітычнай нацыі (грамадзяне) Люксембурга. Агульная колькасць (2023 г.) — 414 100 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. тэрыторыя Люксембурга ўваходзіла ў склад рымскай Галіі і была населена пераважна кельтамі. У V ст. заваявана франкамі. У 963 г. граф Зігфрыд Ардэнскі заснаваў на месцы рымскай крэпасці замак Castellum Lucilini (Lützelburg), які ператварыўся ў аснову Люксембургскай дзяржавы. У сярэднявеччы яе межы паступова пашыраліся. Манархі Люксембурга займалі важнае становішча ў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Відавочна, ужо да XV ст. на землях Люксембурга сфарміраваўся мозельскі дыялект верхняй нямецкай мовы, што адчуў моцны ўплыў раманскіх моў. Да першай трэці XIX ст. значную частку мясцовага насельніцтва складалі валоны.

У 1443 г. Люксембург быў захоплены бургундцамі і доўгі час уваходзіў у склад іншых дзяржаў (Іспаніі, Аўстрыі і Францыі). У 1815 г. Венскі кангрэс абвясціў Люксембург фармальна незалежным вялікім герцагствам у складзе Германскай канфедэрацыі, але дзяржава хутка стала месцам дамаганняў з боку Нідэрландаў і Бельгіі. У 1839 г. былі ўсталяваны сучасныя межы, і тэрыторыя Люксембурга склала толькі чвэрць ад сярэднявечных валоданняў. Валонскае насельніцтва было далучана да Бельгіі. У 1867 г. Люксембург быў абвешчаны палітычна нейтральнай дзяржавай.

У другой палове XIX ст. канчаткова ўкаранілася ідэя, што люксембуржцы маюць гістарычныя і культурныя правы на самастойнасць. Важнае значэнне мела набыццё люксембургскай мовай дзяржаўнага статусу. У 1859 г. з’явіўся нацыянальны дэвіз Mir wëlle bleiwe wat mir sin («Мы хочам застацца тымі, хто мы ёсць»). У гады I сусветнай, а потым II сусветнай войн, калі Люксембург быў акупаваны Германіяй, большасць грамадзян працягвала падтрымліваць незалежнасць. У другой палове XX ст. Люксембург адыгрываў важную ролю ў агульнаеўрапейскай інтэграцыі.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Да першай трэці XIX ст. Люксембург быў пераважна аграрнай краінай, але ў далейшым хутка развіваў гандаль і прамысловасць, так што большую частку насельніцтва склалі гараджане. Традыцыйна тут пашырана некалькі моў. Найбольш блізкай да люксембургскай мовы з’яўляецца нямецкая, але з XVII ст. вызначальнае месца ў культуры займала французская мова. У нашы дні ўсе гэтыя тры мовы маюць афіцыйны статус, прадстаўлены ў школьнай адукацыі і ў сродках масавай інфармацыі. Аднак ужыванне люксембургскай мовы адыгрывае вялікую ролю ў сацыяльнай стратыфікацыі. Іміграцыя з іншых краін Еўропы і другіх частак свету ў другой палове XX ст. прывяла да з’яўлення пластоў насельніцтва іншаэтнічнага паходжання. Карэнныя люксембуржцы імкнуцца адрозніваць сябе ад іх менавіта праз мову. Такім чынам, уменне размаўляць па-люксембургску дае ўмоўна больш высокі статус у грамадстве.

Уплыў суседніх культур таксама адчуваецца на іншых баках жыцця. Люксембургскія кулінарныя традыцыі развіваліся пад уплывам Паўночнай Францыі і ў меншай ступені — суседніх рэгіёнаў Германіі. Нацыянальная кухня прадстаўлена вэнджанай свінінай, смажанай рачной рыбай, бульбянымі аладкамі, мяккім плаўленым сырам, паштэтамі і інш. Вельмі папулярныя хатнія прысмакі — пірагі са слівамі. Люксембуржцы любяць мясцовае мозельскае віно. Захоўваецца традыцыя нядзельных хатніх абедаў, пасля якіх арганізуюцца пешыя шпацыры. У канцы лета ў Лексембургу праводзяцца масавыя святы з выступленнем аматарскіх аркестраў.

Хуткая мадэрнізацыя паўсядзённага жыцця ў канцы XX — пачатку XXI ст. выклікала крызіс традыцыйнай сям’і. У мінулым дамінавалі пашыраныя сем’і з трох пакаленняў сваякоў. У нашы дні каля трэці сем’яў аддаюць перавагу не ўсталёўваць афіцыйны шлюб. Сёмая частка ўсіх дзяцей выхоўваецца ў няпоўнай сям’і, якая складаецца з маці і дзяцей. Старыя бацькі жывуць асобна ад дарослых сыноў і дачок.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]