Лямант (жанр)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Лямант, жанр)

Лямант (лац.: lamenta — плач) — жанр старажытнай беларускай літаратуры, празаічны або вершаваны твор элегічнага, панегірычна-дыдактычнага характару, напісаны з выпадку смерці якой-небудзь значнай асобы, а таксама вялікага асабістага ці грамадскага няшчасця. У ляманце нярэдка закраналіся важныя сацыяльна-палітычныя і нацыянальныя праблемы часу, выказваліся надзённыя думкі і імкненні, яны мелі выразную выхаваўча-асветную накіраванасць і выконвалі значную ідэйна-публіцыстычную ролю ў жыцці беларускага грамадства эпохі феадалізму. Вытокі жанру ў народных галашэннях-плачах, антычных жалобных песнях-трэнасах, пахавальных прамовах. З імі генетычна звязаны і блізкія паводле агульнага настрою, накіраванасці і прызначэння эпітафіі і некралогі.

Найбольш ранні твор гэтага жанру, напісаны на Беларусі, — ананімная вершаваная паэма на польскай мове «Лямант на смерць Рыгора Осціка» (каля 1580 г.), найбольш выдатныя — «Трэнас» М. Сматрыцкага (1610), які пераклікаецца з біблейскім «Плачам Ераміі», ананімны «Лямант на смерць Лявона Карповіча» (1620). Панегірычна-дыдактычныя ляманты нагадваюць і пахавальныя прамовы-некралогі «Казанне на пахаванне князя В. Галіцына» Лявонція Карповіча (1619) і «Казанье на честный погреб… Леонтия Карповича» Сматрыцкага (1620). Як мастацкі прыём (плач Багародзіцы) надзвычай удала і ярка выкарыстаны ў перакладной аповесці «Страсці Хрыстовы».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чамярыцкі, В. Лямант / Вячаслаў Чамярыцкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч / Рэдкал: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выданне. — Мн.: БелЭн, 2007. — 792 с.: іл. — С. 236. — ISBN 978-985-11-0394-8.