Лівонская вайна, 1558-1583

З Вікіпедыя.

(Пасля перасылкі з Лівонская вайна)
Перайсці да: рух, знайсці

Лівонская вайна[1] (15581583), вайна, якая вялася паміж Рускай (Маскоўскай) дзяржавай, з аднаго боку, і Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай), Швецыяй за кантроль над Лівоніяй.

Змест

[правіць] Перад падзеямі

На сярэдзіну 16 ст. Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі, і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Масква, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць выхад да Балтыйскага мора і, т.ч., на гандлёвыя шляхі ў Еўропу. У 1557 быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы.

[правіць] Ваенныя дзеянні

[правіць] Вайна ў Лівоніі

У студзені 1558 рускія войскі пачалі вайну супраць Лівонскага ордэна і хутка занялі шэраг гарадоў і замкаў (Нарва, Дэрпт, Нейгауз і інш.) у ўсходняй частцы Лівоніі. Кіраўніцтва ордэна заключыла перамір'е (1559) з Масквой, і звярнулася па дапамогу да еўрапейскіх манархаў, але згоду на вайсковую дапамогу даў толькі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст. Летам 1559 у Вільні быў скліканы вальны сойм, які разглядаў гэтую просьбу вялікага магістра Готарда Кетлера. Узамен за пераход усяго Ордэну пад пратэктарат ВКЛ, Жыгімонт абавязаўся (31.8.1559) скіраваць пасольства да Івана IV з патрабаваннем спыніць вайну, а ў выпадку адмовы, пачаць вайну з Масквой.

У лістападзе 1559, пасля адмоўнага адказу Івана IV, войска ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам (некалькі тысяч наймітаў) пачало баявыя дзеянні на тэрыторыі Інфлянтаў. Тры разы ў Інфлянты хадзіла паспалітае рушэнне. У 1560 рускія войскі занялі Марыенбург, Эрмес, Фелін. У ліпені 1561 войска ВКЛ на чале з Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбітае пад Пярну.

У выніку новых ваенных няўдач лівонскі ордэн фактычна распаўся. Часткі ордэнскай тэрыторыі перайшлі да Даніі і Швецыі. Нарэшце, у лістападзе 1561 у Вільні было падпісанае пагадненне, згодна з якім вялікі магістр ордэна Готард Кетлер аб'яўляўся свецкім князем у Курляндыі і губернатарам у астатняй частцы Лівоніі, якая станавілася правінцыяй пад уладай Вялікага княства Літоўскага (з 1569 — Рэчы Паспалітай).

Тымчасам, Маскоўская дзяржава заключыла перамір'е з Швецыяй (1561) і пачала вайну супраць ВКЛ.

[правіць] Вайна ў ВКЛ

У 1562 маскоўскія войскі, карыстаючыся тым, што войска ВКЛ было ў Інфлянтах, здзейснілі рад нападаў на усходнія землі ВКЛ (Дубоўна, Копысь, Шклоў, Орша, Віцебск). Быў узяты Невель, каля якога ў жніўні 1562, 4-тысячнае войска ВКЛ білася з 15-тысячным войскам Масквы на чале з Андрэем Курбскім.

Увесь гэты час афіцыйнага стану вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай не было. Аднак, у 1562 Іван IV распаўсюдзіў свае планы на землі ВКЛ, называючы сваёй вотчынай ужо "усю Літоўскую зямлю".

У 1563 вялікае маскоўскае войска на чале з самім Іванам IV выйшла з Вялікіх Лукаў, і абклала Полацк, які здаўся пасля двутыднёвай аблогі (31 студзеня — 15 лютага), адкрываючы шлях углыб ВКЛ, да Вільні (200 км). Войска ВКЛ, высланае на дапамогу Полацку, было разбітае пад Глыбокім. Ваеначальнікі ВКЛ у перамовах (люты 1563) здолелі дамагчыся перамір'я да лістападу 1563. Паводле ўмоваў перамір'я, войскі ВКЛ не маглі падступаць да Полацкай зямлі, яшчэ не цалкам занятай маскоўскім войскам, што дало Івану IV свабоду дзеянняў у гэтых землях (разбурэнне Лукомля 8 жніўня 1563, спаленні і разбурэнні іншых паселішчаў Полаччыны).

Вялікае пасольства Жыгімонта ў Маскве (Ю. Хадкевіч, Р. Валовіч) спрабавала дасягнуць міру з Іванам IV, але перамовы (канец 1563 — 9 студзеня 1564) сарваліся, бо абодва бакі не жадалі саступаць, нават часова, правы на Полацкі павет і Інфлянты.

Ваенныя дзеянні ўзнавіліся ў 1564 наступам на ВКЛ вялікіх войскаў (корпусаў) Шуйскага і братоў Сярэбраных. Аднак, перамогі войска ВКЛ над Улай і над Дуброўнай сарвалі маскоўскі паход. Драбнейшыя ваенныя дзеянні (набегі) працягваліся ўвесь 1564 год. Моцна пацярпелі усходнія землі Беларусі, войскі ВКЛ хадзілі на маскоўскую частку Інфлянтаў і Вялікія Лукі.

Паражэнні 1564 абвастрылі брацьбу рускага баярства супраць Івана IV. У красавіку 1564 у ВКЛ збег Андрэй Курбскі.

У 1565 тактычныя дзеянні працягваліся, войскі ВКЛ пустошылі Пскоўшчыну, перамаглі пад Красным Гарадком, хадзілі на Севершчыну, панеслі паразу пад Чарнігавам (пад кам. гетмана П. Сапегі). Саюзнік Жыгімонта хан Даўлет-Гірэй хадзіў на Разаншчыну.

Зацягнутая вайна схіліла Івана IV да ўзнаўлення мірных перагавораў. У жніўні 1565 ваенныя дзеянні былі спыненыя, аднак вялікае пасольства Жыгімонта Аўгуста (Ю. Хадкевіч, Ю. Тышкевіч, М.Галабурда і інш.) прыехала ў Маскву толькі ў маі 1566. Па-ранейшаму несумяшчальныя патрабаванні абодвух бакоў прывялі да адкладу далейшых перагавораў у ліпені 1566.

Земскі сабор (1566) ухваліў вайну Івана IV за Лівонію, таму падрыхтоўка да ваенных дзеянняў працягвалася. Маскоўская дзяржава ў 1566—1569 ставіла на Полацкай зямлі свае замкі (Усвяты ў ліпені 1566, Сокал на Дрысе, Ула на Дзвірне ўвосень 1566, таксама Суша, Сітна, Красны, Казьян, Усвят, Туроўля). У час узвядзення чарговага замку Кап'е на возеры Суша, летам 1567, войска ВКЛ напала і разбіла маскоўскі 8-тысячны ахоўны корпус, не зважаючы на замірэнне. У тыя самыя дні лета 1567 маскоўскае пасольства прыбыло ў Горадню, проста на сойм, але выставіла такія непрыймальныя патрабаванні, што перагаворы практычна не адбыліся.

У жніўні 1567 ізноў пачаліся актыўныя ваенныя дзеянні. Вялікае войска Масквы сабралася каля Вялікіх Лукаў і пайшло на Інфлянты, але вярнулася да Вялікіх Лукаў і Тарапца, даведаўшыся пра збор паспалітага рушэння ВКЛ. Ваенныя дзеянні ізноў перайші ў дробныя пагранічныя сутычкі (напрыклад, войска ВКЛ узяло Сітна зімой 1567, хадзіла ў паходы на Веліж і Усвяты, потым на Белае на Смаленшчыне ў студзені 1568, перамагло пад Веліжам у студзені 1568).

Сабранае глыбокай восенню 1567 паміж Маладзечнам і Лебедзевым войска земскай службы ВКЛ (да 50 тыс.ч.) паспрабавала перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, але дзейнічала нерашуча, і ў выніку пад вясну 1568 рушэнне разыйшлося, нічога не дасягнуўшы. Пасля няўдалага паходу на Маскву, у 1568 працягваліся малазначныя тактычныя дзеянні (перамога ВКЛ у баі пад Лепелем, узяцце Улы ў верасні; спаленне Віцебску маскоўскім войскам). Новае перамір'е было парушанае маскоўскімі нападамі на замкі ў Інфлянтах.

[правіць] Перамір'е ВКЛ і Масквы

Польскія феадалы нічым не дапамагалі свайму саюзніку, а толькі чакалі зручнага моманту для атрымання карысці з цяжкага становішча ВКЛ, і такі момант наступіў, калі пачаліся перамовы ў Любліне.[2] Аднак, пасля падпісання Люблінскай уніі, Маскоўскай дзяржаве давялося мець справу ўжо з сіламі дзвюх дзяржаваў. Таксама, у 1569 татарска-турэцкае войска зрабіла паход на Астрахань. На гэты час абодва бакі ўжо моцна стаміліся ад вайны, і ў канцы 1569 у Маскву выехала новае вялікае пасольства, гэтым разам ад Рэчы Паспалітай. Ізноў абодва бакі не адступалі ад свайго жадання мець Полацк і Рыгу. У выніку, згодна з умовамі 3-гадовага трактату аб прымірэнні (1570), Полацкая зямля была падзеленая. Да Масквы тымчасова адыйшлі Полацк, Сітна, Азярышча, Усвяты і замкі Туроўля, Сокал, Крэчэт, Красны, Суша. У 1572 перагаворы ўзнавіліся, Жыгімонт Аўгуст жадаў вярнуць Полацк, але Іван IV не згаджаўся. Неўзабаве Жыгімонт памёр і Полацк застаўся пад маскоўскай уладай.

[правіць] Узнаўленне вайны ў Лівоніі

У 1571 крымскі хан Даўлет-Гірэй спаліў Маскву. Карыстаючыся безуладдзем у Рэчы Паспалітай (1572—1575), Іван IV узнавіў вайну супраць Швецыі (1572), заняў у Лівоніі Вейсенштэйн (1572) і Пернаў (1575), да 1577 — амаль усё ўзбярэжжа, узяў у аблогу Рэвель.

[правіць] Узнаўленне вайны ў ВКЛ

Ян Матэйка "Стэфан Баторый пад Псковам"
Ян Матэйка "Стэфан Баторый пад Псковам"

Новаабраны кароль РП Сцяпан Батура ажыццявіў у 1577—1579 энергічную падрыхтоўку да ўзнаўлення вайны за Полаччыну. 41-тысячнае войска выйшла з Дзісны на Полацк у ліпені 1579, і абклала горад 11 жніўня 1579. 30 жніўня горад здаўся. Пры ўступленні ў горад войскаў РП была спаленая бібліятэка Сафійскага сабору.

На працягу ліпеня—жніўня быў заняты рад меншых маскоўскіх замкаў, 4 верасня ўзятая Туроўля, 11 верасня штурмам узятая і разбураная крэпасць Сокал, 16 кастрычніка без бою занятая крэпасць Суша. У снежні 1579 была ўзятая Няшчэрда.

На працягу 1580 у час паходу войска Рэчы Паспалітай на Маскву былі вернутыя і тыя землі Полаччыны, якія пасля 1579 заставаліся пад уладай Масквы (Себеж, Завалачча, замкі Азярышча, Усвяты). Былі занятыя Вялікія Лукі, атакаваныя Холм і Старая Руса. Шведскае войска заняло Карэлу (1580), Нарву, Івангорад, Ям, Капор'е (усё — 1581), абклалі Арэшак (1581).

У 1581 Баторый з р-на Дзісны рушыў да Вострава (узяты 21.8.1581) і Пскова. Атрад Радзівіла Рудога 5.8.1581 выйшаў з Віцебска на Веліж, Таропец, Старую Русу і злучыўся пад Псковам з галоўнай арміяй. 26 жніўня 1581 войска РП пачало 5-месячную няўдалую аблогу Пскова.

[правіць] Канец вайны

Незадаволенасць вайной у Рэчы Паспалітай і няўдача аблогі Пскова вымусілі Баторыя пачаць перагаворы, і 15.1.1582 быў заключаны Ям-Запольскі 10-гадовы мір. Лівонія, Веліж і Полацк вярнуліся ў ВКЛ. Паводле Плюскага міру (1583) за Швецыяй засталіся Паўночная Эстонія, Нарва, Ям, Капор'е, Івангорад.

  1. У польскай і частцы сучаснай беларускай гістарыяграфіі асобна выдзяляецца Інфлянцкая вайна (15581570).
  2. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. – Мн.: Універсітэцкае, 1992. 270с....

[правіць] Літаратура

[правіць] Крыніцы

  • Генадзь Сагановіч. Полацкая вайна: 1563—1579 гг. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1. С.63—82.
  • А. А. Яноўскі. Лівонская вайна // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.6. Кішынёў — Манцэвічы / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел.Сав.Эн., 1972. — 624 с.: іл., карты. . С.361.