Лістасцябловыя імхі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Лістасцябловыя імхі
Barbula spadicea (Sporenkapseln) IMG 0434.JPG
Barbula spadicea
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bryopsida (Limpr.) Rothm.

Сінонімы
Падкласы
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   15754
NCBI   3214
EOL   3774

Лістасцябловыя імхі, сапраўдныя імхі (Bryopsida) — клас мохападобных.

Адрозніваюцца: андрэевыя імхі, брыевыя імхі і сфагнавыя імхі.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны з радыяльна або двухбакова аблісцелым сцяблом (даўжыня 1 мм — 60 см), прымацаваныя да субстрату рызоідамі (акрамя сфагнавых). Лісце сядзячае, суцэльнае, рознае па анатамічнай будове.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Самы буйны клас мохападобных. Ён уключае 700 родаў, каля 15 тыс. відаў (паводле іншых звестак да 25 тыс.). На Беларусі каля 315 відаў. Пашыраны ўсюды, асноўныя дамінанты ніжняга яруса балотных, лясных, лугавых фітацэнозаў, першасныя глеба- і торфаўтваральнікі. Ствараюць суцэльнае мохавае покрыва.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Размнажэнне вегетатыўнае, палавое і бясполае. Спарагоны на ножках, верхавінкавыя ці бакавыя. Каробачка ад цыліндрычнай да грушападобнай, прамастойная ці гарызантальная, з каўпачком. Споры аднаклетачныя.

Гаметафіт лістасцябловых імхоў расчленены на сцябло і лісты. Сцябло мае радыяльную будову, на ім цеснай спіраллю размяшчаюцца лісты. На сцябле фарміруюцца органы палавога размнажэння – антэрыдыі і архегоніі. Спарафіт (спарагон) развіваецца з аплодненай яйцаклеткі і складаецца з каробачкі, ножкі і гаўсторыі (ступні). У каробачцы фарміруюцца толькі споры, элатэры адсутнічаюць. Са споры развіваецца пратанема ў выглядзе доўгай разгалінаванай ніці, радзей яна пласціністая. У каробачцы большасці мхоў ёсць перыстом (апарат для рассейвання спор, яго няма ў сфагнавых і андрэевых імхоў).

Значэнне ў прыродзе[правіць | правіць зыходнік]

Маюць водаахоўнае значэнне ў жыцці лесу; часам спрыяюць забалочванню мясцовасці, значна ўплываюць на агульную забяспечанасць сушы вільгаццю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лістасцябловыя імхі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1999. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
  • Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6