Літоўская Тарыба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
20 членаў Літоўскай Тарыбы
Літоўская дзяржаўная Тарыба. Коўна, 1918 год.

Літоўская Тарыба (літ.: Lietuvos Taryba — Літоўскі Савет), з 11 ліпеня 1918 года Літоўская Дзяржаўная Тарыба — прадстаўнічы орган літоўскага народа і краёвай улады ў Літве ў 1917—1920 гадах.

Выбрана на літоўскай канферэнцыі (18—23 верасня 1917 года, Вільня) у складзе 20 чалавек (старшыня Антанас Смятона). Ставіла за мэту адраджэнне ў этнаграфічных межах самастойнай незалежнай Літоўскай дзяржавы, скліканне ў Вільні Устаноўчага сейма.

Прадстаўнікі выслалі тэлеграму галоўнакамандуючаму нямецкіх войск на ўсходзе, інфармуючы аб стварэнні Тарыбы, і ў адказ нямецкі бок выказаў спадзяванне, што ў склад Тарыбы ўвойдуць прадстаўнікі нямецкай, польскай, беларускай і яўрэйскай нацыянальнасцей. Было вырашана вылучыць у складзе Тарыбы да чвэрці месцаў для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Ад іх патрабавалася ўхваляць незалежнасць Літоўскай дзяржавы і разумець літоўскую мову. Адной з першапачатковых мэт Тарыбы быў пошук падтрымкі, як сярод мясцовага насельніцтва, так і за мяжой сярод літоўскай дыяспары[1].

11 снежня 1917 года абвясціла Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы са сталіцай Вільня ў саюзе з Германіяй.

16 лютага 1918 года абвясціла Дэкларацыю незалежнасці Літвы.

23 сакавіка 1918 года на аснове Дэкларацыі Літоўскай Тарыбы ад 11 снежня 1917 года Германія прызнала незалежнасць Літвы. У кастрычніку 1918 года германскія акупацыйныя ўлады перадалі Літоўскай Тарыбе цывільную ўладу на тэрыторыі Обер-Оста.

Як паведамляе «Гоман», 1 лістапада ў Літоўскай Тарыбе была дэлегацыя Рады БНР, якая перадала Тарыбе мемарандум пра незалежнасць Беларусі[2]. Літоўскія крыніцы маўчаць пра гэту дэлегацыю і хутчэй за ўсё яе праігнаравалі.

2 лістапада 1918 года прынята часовая канстытуцыя Літвы, 11 лістапада 1918 года сфарміраваны першы кабінет міністраў.

У выніку дамоўленасці паміж Літоўскай Тарыбай і Віленскай беларускай радай (ВБР), у аснове якой ляжала ідэя стварэння федэратыўнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, 27 лістапада 1918 года ў склад Літоўскай Тарыбы былі кааптаваны 6 прадстаўнікоў ВБР (В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, У. Талочка, К. Фалькевіч) і ўтворана міністэрства беларускіх спраў, а таксама Беларускі Сакратарыят.

9 снежня 1918 года Я. Варонка быў прызначаны міністрам без партфеля па беларускіх справах і працаваў на гэтай пасадзе да 19 чэрвеня 1920 года. З 19 чэрвеня 1920 года да 23 лютага 1923 года міністрам быў Д. Сямашка.

Беларускі Сакратарыят павінен быў разам з міністрам беларускіх спраў прапаноўваць кандыдатуры дзяржаўных служачых у паветы, дзе пражывала беларускае насельніцтва. Таксама беларусы маглі ўдзельнічаць у працы Тарыбы, але часта паўставала моўная праблема[1].

У сувязі з наступам Чырвонай Арміі Тарыба і ўрад 1 студзеня 1919 года эвакуяваліся з Вільні ў Коўна і аддзяліліся ад рэшты беларускіх устаноў. Пры літоўскіх уладах застаўся толькі Беларускі Сакратарыят, які не праводзіў амаль ніякай прыкметнай дзейнасці.

На Другой дзяржаўнай канферэнцыі было прынята рашэнне папоўніць склад Тарыбы трыма новымі ўдзельнікамі беларускай нацыянальнасці. 4 красавіка 1919 года Літоўская Тарыба кааптавала прадстаўнікоў Беларускай рады Гродзеншчыны (выбрана на Беларускім нацыянальным кангрэсе Гродзенскага краю 1—3 снежня 1918 года, выступала за далучэнне Гродзеншчыны да Літвы) І. Карчынскага і К. Бялецкага. Трэцяй асобай стаў міністр беларускіх спраў Я. Варонка.

Пасля ўвядзення пасады прэзідэнта Літвы ў красавіку 1919 года Літоўская Тарыба страціла свае заканадаўчыя функцыі. Фармальна праіснавала да склікання Устаноўчага сейма 15 мая 1920 года.

Зноскі

  1. а б Томаш Блашчак. Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918—1940) пераклад з польскай мовы Андрэя Вашкевіча. — Смаленск, Інбелкульт, 2022. — С. 59-60, 118, 126—127. — ISBN 978-5-00076-059-8
  2. Дэлегацыя рады Беларускай Народнай Рэспублікі да Літоўскай Тарыбы // Гоман — 1918. — № 88. — С. 2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]