Літва, зямля

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Літоўская зямля)
Перайсці да: рух, знайсці

«Літва», «Літоўская зямля» (у тапанімічным сэнсе) — назва зямлі (тэрыторыі) у Вялікім Княстве Літоўскім з сярэдзіны XIII ст. па канец XVIII ст.

Першапачатковая лакалізацыя

Межы «Літвы» да сярэдзіны XIII ст. паводле Міколы Ермаловіча

Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, першапачаткова (да сярэдзіны XIII ст.) «Літва» («Літоўская зямля») вядома як тэрыторыя балцкага племені «літва» альбо саюзу балцкіх плямён пад агульнай назвай «літва» і размяшчалася ў верхнім цячэнні ракі Вілія, на сучаснай паўночна-заходняй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і паўднёва-усходняй Рэспублікі Літва: раёны вакол сучасных населеных пунктаў Вільнюс, Тракай, Варэна, Ліда, Ашмяны, Крэва, Смаргонь, Вілейка, Астравец[1][2][3][4]. Паводле меркаванняў іншых даследчыкаў, «Літва» («Літоўская зямля») першапачаткова была шырэй і ахоплівала таксама тэрыторыю плямён нальшчаны, дзяволтва і жамойты, якія былі не самастойнымі балцкімі плямёнамі, а складовымі часткамі балцкага племені «літва» (альбо саюзу балцкіх плямён пад агульнай назвай «літва»). На поўдні і ўсходзе межавала з Руссю — Полацкай зямлёй і Гарадзенскім княствам з чым, магчыма, была звязана ўзвышэнне гэтай тэрыторыі і яе князёў.

Паводле меркавання беларускага публіцыста Міколы Ермаловіча, балцкае племя «літва» яшчэ да сярэдзіны XIII ст. знаходзілася паміж Слонімам і Мінскам (цалкам на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь), а толькі пасля назва «Літва» («Літоўская зямля») разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі ўсходніх балтаў у выключна палітычным сэнсе (у якасці палітоніма). Але канцэпцыя Міколы Ермаловіча пабудавана на тэндэнцыйнай інтэрпрэтацыі крыніц, таму ўспрынятая гісторыкамі як прынцыпова няслушная або вельмі сумніўная.

«Літва» як зямля Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага

З пачаткам тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага (з сярэдзіны XIII ст.) і далейшым пашырэннем уладанняў яшчэ першых вялікіх князёў літоўскіх (Міндоўга, Войшалка і іх пераемнікаў) назва «Літва» ахоплівае землі вакол сучаснага горада Вільнюс, Нальшаны, Дзяволтву, Упіту (землі, вядомыя пазней як Аўкштота); а таксама распаўсюджваецца на землі Верхняга Панямоння (землі вакол Навагрудка, Слоніма, Ваўкавыска і Гродна уключна)[5]. Прычыны і наступствы распаўсюджання назвы «Літва» на ўсе тыя землі ў навукоўцаў выклікаюць дыскусіі: напрыклад, ці мела гэта этнічныя наступствы і пераасэнсаванне першапачатковага значэння тэрміна[6]. У той жа час у пісьмовых крыніцах часта з'яўляецца і асобна фігуруе «Жамойць».

У XIV — першай палове XVI ст. назва «Літва» з'яўляецца не толькі скарочаным абазначэннем Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, але і тапонімам, бо сучаснікі абазначалі тапонімам «Літва» тэрыторыю на ўсход ад ракi Нявежыс (вакол гарадоў Алітус, Укмергэ, Анікшчай, Рокішкіс) і на захад па лініі БраслаўЛагойскМінскНясвіжГанцавічыІвацэвічыПружаны ўключна[7]. Такі рэгіянальны сэнс назвы «Літва» адрозніваў гэтую зямлю ад «Русі» (зямель «рускіх» княстваў, уключаных у склад ВКЛ у XIV ст., а не ў XIII ст.) і ад «Жамойці»[8]. Напрыклад, у 1440 г. сын Ягайлы вялікі князь літоўскі (1440—1492) Казімір тытулаваўся як «великий князь Казимир, королевич всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель»[9], а ў Жалаванай грамаце аб пашырэнні праў і прывілеяў феадалам ВКЛ ад 2 мая 1447 г.[10] пазначыў сябе як «мы, Казимир, с божьей милости выбраный король польскый и великий князь литовский, и рускый, и жемоитскый и иных земель»[11]. У ВКЛ вылучаюць і такія землі як «Палессе» і «Падляшша», якія часам сустракаюцца як тапонімы ў пісьмовых дакументах[12].

Пазней тапанімічнае выкарыстанне назвы яшчэ больш пашыраецца: у XVII—XVIII ст. назва «Літва» у якасці тапоніма ўжо трывала выкарыстоўваецца пры азначэнні ўсёй заходняй і цэнтральнай частак ВКЛ (акрамя Жамойці) і яго насельніцтва (раёны вакол гарадоў Трокі, Вільня, Гародня, Навагрудак, Мінск, Слуцк, Брэст, Пінск, Мазыр, Бабруйск, Барысаў, Браслаў і інш.), адсоўваючы на ўсход (у дачыненні толькі да падзвінскіх і падняпроўскіх паветаў і ваяводстваў) арэал назвы «Русь» у якасці тапоніма, што захавалася да часу падзелаў Рэчы Паспалітай і пазней[13][14].

Карты

Гл. таксама

Зноскі

  1. Насевіч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага... С. 17—18; Насевіч, В.Л. Літва.
  2. Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі»
  3. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381, 390.
  4. Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — С. 104—105, 203.
  5. Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы... С. 7, 9, 22; Белы, А. Хроніка «Белай Русі»... С. 158.
  6. Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы; Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі.
  7. Спиридонов, М.Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в.; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994–2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё. — С. 69—71.
  8. Насевіч, В.Л. Літва
  9. Насевіч, В.Л. Літва; Узята Вячаславам Насевічам з Дагаворнай граматы вялікага князя літоўскага Казіміра з Вялікім Ноўгарадам аб устанашленні міру і ўмоў вядзення гандлю з Полацкам і Віцебскам. Гл.: Акты, относящиеся к истории Западной России... Т. 1, 1846. — С. 52—53.
  10. Грамата датавана 2 мая 1457 г., але выказваюцца меркаванні, што там памылка і ў сапраўднасці грамата выдана 2 мая 1447 г.
  11. Акты, относящиеся к истории Западной России... Т. 1, 1846. — С. 73—77.
  12. Спиридонов, М.Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в.; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994–2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё... С. 73, 97.
  13. Белы, А. Белая Русь... С. 307; Спірыдонаў, М.Ф. Уступ / М.Ф. Спірыдонаў // Гістарычны атлас Беларусі. — Т. 1. — С. 21, 28; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994–2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё... С. 46, 94—95.
  14. Насевіч, В.Л. Літва

Літаратура