Магматычныя горныя пароды

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Граніт
Базальт

Магматычныя горныя пароды ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды.

Сярод магматычных горных парод пераважаюць сілікаты. Па колькасці крэмнязёму (SiO2) яны падзяляюцца на кіслыя (>65%, граніты, рыяліты, дацыты), сярэднія (55-65%, гранітадыярытыы, дыярытыы, андэзіты), асноўныя (40-55%, габра, базальты, піраксеніты) і ультраасноўныя (<40%, дуніты, алівініты, перыдатыты).

Горныя пароды магматычнага паходжання складаюць асноўную частку аб'ёму зямной кары. Яны развіты ў складкавых абласцях, падмурку і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне.

З магматычнымі пародамі звязаны карысныя выкапні: медзь, волава, вальфрам, золата, плаціна, тытан, магній, нікель, хром, апатыты і інш. Магматычныя горныя пароды выкарыстоўваюцца як будаўнічы матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў.