Майсей

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
«Майсей», скульптура Мікеланджэла

Майсе́й (іўр.: משֶׁה, араб.: موسىٰ, стар.-грэч.: Mωυσής, лац.: Moyses), таксама сустракаецца напісанне Маісе́й — постаць рэлігійнай міфалогіі — прарок, які вызваліў старажытнаяўрэйскія плямёны ад прыгнёту егіпецкіх фараонаў. Шануецца іўдаістамі, хрысціянамі і мусульманамі.

У Бібліі (Стары Запавет) зяшчаецца драматычная легенда пра Майсея, напоўненая шматлікімі жыццёвымі выпрабаваннямі на ўсім працягу яго 120-гадовага жыцця. Паведамляецца, што нарадзіўся Майсей у Егіпце ў сям'і Амрама, праўнука Левія і прапраўнука яўрэйскага патрыярха Якава, у той час, калі егіпецкія фараоны, баючыся размнажэння яўрэяў пасля іх 200-гадовага знаходжання ў Егіпце, выдалі загад павівальным бабкам знішчыць народжаных яўрэйскіх хлопчыкаў, а іх целы паскідваць у раку Ніл. Маці Майсея Іахаведа доўгі час хавала яго, а калі далей хаваць дзіця дома стала немагчыма, паклала свайго сына ў засмаленым кошыку на беразе Ніла ў трыснягу. Тут яго знайшла дачка фараона і вырашыла захаваць яму жыццё. Яна аддала падкідыша на выхаванне сваёй маці, а пасля ўсынавіла яго. Атрымаўшы добрае выхаванне, Майсей з цягам часу ўзначаліў егіпецкае войска супраць эфіопаў, здабыў бліскучую над імі перамогу і заключыў выгадны для Егіпта дагавор. Гэта адкрывала яму прамы шлях да царскага трона.

Аднойчы ён, не ведаючы свайго сапраўднага паходжання, заступіўся за пакрыўджанага яўрэя і забіў егіпцяніна, які здзекаваўся над сваёй ахвярай. Баючыся адказнасці за гэты ўчынак, які пагражаў яму смерцю, Майсей пакінуў двор фараона і знайшоў сабе прытулак у арабскага святара Іафара. Ажаніўшыся на дачцы апошняга Сапфоры, ён каля 40 гадоў праслужыў пастухом у свайго цесця.

Бог з'явіўся Майсею на гары Сінай, перадаў яму дзесяць запаветаў і загадаў вызваліць яўрэйскі народ з егіпецкай няволі. Майсей спачатку адмовіўся ад такога даручэння, спасылаючыся на розныя цяжкасці і сваю нявартасць для выканання такой гістарычнай ролі. Але атрымаўшы ад бога запэўненне ў дапамозе, згадзіўся выканаць яго волю. Пераадольваючы ўсе цяжкасці і выпрабаванні, Майсей вывеў яўрэяў з Егіпта і павёў іх праз Чырвонае мора ў напрамку Палесціны. Аднак бог не дапусціў яўрэяў у абяцаную ім зямлю Палесціны за іх непаслушэнства і іхнія нараканні на Майсея, якога ён зрабіў для іх сваім заканадаўцам. Яны вымушаны былі разам з Майсеям на працягу 40 гадоў блукаць па пустынных месцах Сінайскага паўвострава, дзе і скончыўся жыццёвы шлях Майсей.

Біблейскае паданне прыпісвае Майсею напісанне першых пяці кніг Старога Запавету («Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы» і «Другі закон»), г.зв. Пяцікніжжа. Дзесяць запаветаў ляглі ў аснову рэлігійнага і маральнага вучэння спачатку іудзеяў, потым хрысціян і, у пэўнай меры, мусульманаў.


Літ.:

Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.130—131. ISBN 5-343-00151-3.