Македонская Праваслаўная Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Македонская праваслаўная царква
Македонска православна црква

Царква Святога Панцеляймона ў Охрыдзе
Асноўная інфармацыя
Аўтакефалія 1958 (самаабвешчана)
Прызнанне аўтакефаліі не прызнана
Прадстаяцель у наш час Стэфан (Вельяноўскі)
Цэнтр Скоп'е
Юрысдыкцыя (тэрыторыя) Сцяг Паўночнай Македоніі Паўночная Македонія (аспрэчваецца)
Мова набажэнстваў царкоўнаславянская і македонская
Каляндар Юліянскі каляндар
Колькасць
Епіскапаў 10
Епархій 11
Манастыроў 12
Прыходаў 2000

Македонская праваслаўная царква — Охрыдская архіепархія — аўтакефальная праваслаўная царква, якая аб’ядноўвае ⅔ праваслаўных вернікаў Паўночнай Македоніі. Царква набыла аўтаномны статус у рамках Сербскай праваслаўнай царквы ў 1959 і абвясціла сваю аўтакефалію ў 1967, што не было прызнана іншымі памеснымі цэрквамі. У 2018 Канстанцінопальскі патрыярхат пагадзіўся разгледзець пытанне пра яе статус, 9 траўня 2022 Сербская праваслаўная царква аднавіла літургічныя зносіны з Македонскай, а 24 траўня 2022 сербскі патрыярх Парфірый абвясціў пра рашэнне Сінода СПЦ прызнаць аўтакефалію МПЦ.

Прадстаяцелем царквы з 1999 з’яўляецца Стэфан (Вельяноўскі), які носіць тытул архіепіскапа Охрыдскага і Македонскага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Белград, 19.5.2022.

Хрысціянства на македонскія зямлі прыйшло, як лічыцца, з місіянерскай дзейнасцю апосталаў Паўла і Андрэя Першазванага . У першыя стагоддзі нашай эры Македонія была пад уладай Рымскай імперыі, і таму яе межы і этнічны склад мяняўся, аднак ужо да IV ст. хрысціяне Македоніі мелі цэрквы з царкоўнай іерархіяй, а іх епіскапы ўдзельнічалі ў мясцовых і сусветных саборах. У V ст. існавалі метраполіі ў Салуне, Скоп’е, Хераклеа, Баргала і Стобі.

У часы праўлення візантыйскага імператара Юстыніяна, які нарадзіўся непадалёк ад Скоп’е, мясцовы мітрапаліт быў абвешчаны аўтакефальным архіепіскапам. У VII ст. тэрыторыі сучаснай Македоніі былі каланізаваныя славянамі, што прывяло да змешвання карэннага насельніцтва са славянскім, хрысціянства пры гэтым выцяснялася паганствам.

У IX ст. тэрыторыя Македоніі аказваецца пад уладай Балгарскага царства. Вядучую ролю ў хрысціянізацыі славян мелі Кірыл і Мяфодзій, якія стварылі адзін з першых славянскіх алфавітаў, і перавялі на стараславянскую мову выбраныя месцы з Евангелля, Псалтыр, апостальскія пасланні. Вялікую ролю ў зацвярджэнні хрысціянства мелі вучні Кірыла і Мяфодзія — Клімент і Навум — іх намаганнямі ў канцы IX ст. была заснавана Охрыдская школа пісьменства і Охрыдскі манастыр.

У 927 г. была створана аўтакефальная царква (патрыярхат) з цэнтрам у Охрыдзе (Охрыдская праваслаўная царква). Гэтая царкоўная незалежнасць пастаянна аспрэчвалася Канстанцінопалем. Менавіта з Охрыдскай царквы прыйшлі ў Кіеў першыя мітрапаліты, царкоўная арганізацыя і (па некаторых дадзеных) хрышчэнне.

З разгромам Балгарскага царства ў 1018 г., царква была падпарадкавана Канстанцінопалю, было створана Охрыдскае архіепіскапства. У другой палове X ст. у Охрыдзе было створана аўтакефальнае Охрыдскае архіепіскапства, якое праіснавала, нягледзячы на асманскую акупацыю Македоніі з XIV ст. да 1767 г.

У 1767 г. у часы Асманскай імперыі Охрыдскае архіепіскапства губляе аўтакефалію, падпарадкоўваючыся Канстанцінопальскаму Патрыярхату. З таго часу ажыццяўляліся спробы аднавіць Охрыдскае архіепіскапства, якія асабліва ўзмацніліся з уздымам нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць асманскай акупацыі. У 1874 г. Македонская царква пераходзіць пад юрысдыкцыю Балгарскага экзархата.

З заканчэннем сусветнай вайны вялікая частка Македоніі трапляе пад уладу Сербскага каралеўства. Разам з тым большасць праваслаўных прыходаў Македоніі падпарадкоўваюцца Сербскай Праваслаўнай Царкве. На працягу анэксіі Македоніі Балгарыяй, якая брала ўдзел у II сусветнай вайне на баку Нямеччыны, македонскія прыходы вяртаюцца да юрысдыкцыі Балгарскага экзархата.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны тэрыторыя Македоніі была ўключана ў Югаслаўскую федэратыўную Рэсбуліку. У гэты час у Македоніі ўтворана тры епархіі, да якіх належалі большасць жыхароў гэтай вобласці; затым пасля прыходу да ўлады камуністаў спачатку была ўтворана Федэральная Македонская Рэспубліка, а затым улада пагадзілася і на стварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Епархіі Македонскай праваслаўнай царквы

У кастрычніку 1958 г. ў Охрыдзе адбыўся царкоўны і нацыянальны сабор, які сабраў 220 святароў і вернікаў, на якім было вырашана аднавіць і старажытную архіепіскапскую кафедру ў Охрыдзе, і аўтаномію Македонскай праваслаўнай царквы. На саборы было абрана тры новыя епіскапы для трох новых епархій, адпаведна і такое абранне было расцэнена як некананічнае, паколькі на ім прысутнічаў усяго адзін біскуп. Аднак новая царква заявіла, што знаходзіцца ў кананічным адзінстве з Сербскай праваслаўнай царквой у асобе сербскага патрыярха. У чэрвені 1959 г. сербскі Святы Сінод прызнаў царкву за факт, які адбыўся, і ў наступным месяцы выбраныя епіскапы былі высвечаныя сербскімі праваслаўнымі епіскапамі.

Восенню 1966 г. МПЦ афіцыйна звярнулася да сербскага патрыярха з просьбай прадаставіць ёй аўтакефальны статус, але ў траўні 1967 г. сабор епіскапаў сербскай царквы адхіліў просьбу. Аднак македонцы настойвалі на сваім, і 17-19 ліпеня 1967 г. склікалі сабор у Охрыдзе. 19 ліпеня, грунтуючыся на рэзалюцыі сабора, Святы Сінод македонскай царквы абвясціў аўтакефалію праваслаўнай царквы Македоніі. Мітрапаліт атрымаў новы тытул «Архіепіскап Охрыдскі і Македонскі». Усё гэта адкрыта падтрымлівалася ўрадам Македоніі, чальцы якога прысутнічалі на пастаўленні архіепіскапа і аддалі яму належны гонар.

У верасні 1967 г. Сінод сербскай царквы абвясціў Македонскую праваслаўную царкву раскольніцкай рэлігійнай арганізацыяй і парваў з ёю усе літургічныя і кананічныя адносіны. Такое рашэнне было падтрымана іншымі праваслаўнымі цэрквамі — ні адна да сёння не прызнала кананічнасці македонскай царквы. Аднак пасля надання Канстанцінопальскім патрыярхатам аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Украіны ў экспертным асяроддзі сталі пашырацца чуткі, што Усяленскі Патрыярх неўзабаве можа надаць аўтакефалію і Македонскай праваслаўнай царкве, вырашыўшы тым самым пытанне царкоўнага расколу і ў гэтай краіне.

Колькасць вернікаў МПЦ сёння складае прыкладна 1,2 млн чал. ці 2/3 насельніцтва Паўночнай Македоніі (усе яны маюць славянскае паходжанне). Акрамя таго МПЦ мае абшчыны ў ЗША і Аўстраліі. У цяперашні час прадстаяцелем Македонскай праваслаўнай царквы з’яўляецца архіепіскап Охрыдскі і Македонскі Стэфан (Вельяноўскі).