Максіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Максіі, максітаны (стар.-грэч.: Μάξυες, лац.: Maxitani) — берберскія плямёны, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Туніса прынамсі з канца II тысячагоддзя да н. э. Магчыма ўдзельнічалі ў нападах лівійцаў на Егіпет падчас нашэсця «народаў мора» і згадваюцца ў надпісах з Медзінет-Абу пад назвай «мешвеш» (M-s'w-s'(w)). Пацвярджэннем гэтай гіпотэзы можна лічыць легенду, паводле якой максіі звязвалі сябе з траянцамі [1].

Герадот называе галоўным заняткам максіяў земляробства і тым самым супрацьпастаўляе іншым — качавым берберскім плямёнам, хоць прызнае, што максіі таксама разводзілі авечак і коз.

На тэрыторыі, якая належала максіям, фінікійцы заснавалі свае калоніі — Уціку, Гіпон Акру, Гадрумет, Карфаген. У 814 г. да н.э. правадыр максіяў Ярбас сватаўся да карфагенскай царыцы Элісы, верагодна, спадзяючыся атрымаць яе горад у «пасаг», але няўдала [2]. Па некаторых даных, пасля гібелі Элісы карфагеняне вымушаны былі ваяваць з максіямі і вайна завяршылася не на карысць фінікійцаў — некалькі стагоддзяў Карфаген выплачваў максіям даніну.

У 50-х гг. VI ст. да н.э. ваенныя дзеянні аднавіліся і карфагенскі камандуючы Малх нанёс максіям паражэнне. Карфаген быў вызвалены ад выплаты даніны, а максіі ператварыліся ў саюзнікаў пунійцаў — ужо ў канцы VI ст. да н.э. яны разам змагаліся са спробамі грэкаў заснаваць свае калоніі на афрыканскім узбярэжжы.

У далейшым берберскіх саюзнікаў карфагенян у асноўным называлі нумідыйцамі, а пра назву «максіі» нагадвалі толькі этнонімы «масілы» (усходнія нумідыйцы) і «масесілы» (заходнія нумідыйцы).

Зноскі

  1. Герадот. IV , 191
  2. Юстын, XVIII , 6, 1