Маляваныя дываны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Язэп Драздовіч. Дыванок з вінаградам. Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе».

Маляваныя дываны — традыцыйнае беларускае рамяство, від жывапісу па палатне, народная размалёўка. З'яўляюцца маляванымі на тканіне (паперы, цыраце) вырабамі, прызначаўшыміся для ўпрыгожвання інтэр'еру хаты.

Гістарычныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Маляваныя дываны вядомы на Беларусі з канца 19 стагоддзя, але найбольшае іх распаўсюджванне адбылося ў 1930-х — 1950-х гадах, калі вялася інтэнсіўная адбудова вёскі, якая патрабавала адпаведнага народнаму густу аздаблення інтэр'еру. У гэтай галіне народнага жывапісу сфарміравалася ўласная паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. Гэтыя вырабы калісьці дарылі «на шчасце» ў беларускіх вёсках да вяселля ці да ўваходзін.

Маляваныя дываны падобныя да вышываных і тканых славянскіх насценных дэкаратыўных дываноў па матывах дэкору і характары кампазіцыі. Але яны з'яўляліся таннейшымі і менш працаёмкімі. На адзін выраб ішло два сшытых кавалка даматканага ільнянога палатна (1,5 х 2 м). Палотнішча фарбавалі ў чорны колер, потым на ім малявалі асноўныя дэталі сюжэта, часам ужывая трафарэты, выразаныя з кардона. Падмалёўка дробных дэталей і светлацені нанасіліся ад рукі.

Геаграфічныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

У пэўных мясцінах вылучыліся рэгіянальныя варыянты кампазіцыі і дэкору. Адметныя мастацкія рысы маюць маляваныя вырабы Віцебскай вобласці (Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі раёны) і Мінскай (Мядзельскі, Вілейскі).

Кампазіцыя дываноў часцей за ўсё ўяўляе размешчаны ў цэнтры букет кветак у вазе, кошыку, ці перавіты стужкай. Гэты цэнтральны малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальнае акаймленне — па краях гірляндай з кветак і лісця, або скіраванымі да цэнтра букетамі, рассыпанымі па ўсім полі. Таксама ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак — ластавак, галубоў, паваў, зязюль, і звычайна ініцыялы аўтара ці заказчыка.

Існавалі таксама эканом-варыянты дываноў: паўдываны — з аднаго палотнішча і макаткі — з палавіны палотнішча. Гэтым малым формам былі прысутны кампазіцыі з парамі ільвоў, аленяў, галубоў, выкананых у звычайнай наіўна-рэалістычнай манеры.

Ад арэала паходжання дываноў залежала і тэхніка малюнка. У Докшыцкім раёне ўжывалі клеевыя фарбы. Таму мясцовыя маляваныя дываны адрозніваюцца надзвычайнай дэкаратыўнасцю і ўмоўнасцю, моцнымі лакальнымі колерамі без паўтонаў і пераходаў.

Маляваныя дываны з другіх раёнаў Віцебскага рэгіёну выкананы алейнымі фарбамі. Таму яны адлюстроўваюць імкненне да рэалізму — у іх больш дэтальна намаляваны пялёсткі кветак, лісце, абрысы жывёл і птушак.

Абавязковым кампанентам дыванковых краявідаў з Віцебшчыны была водная стыхія, што тлумачыцца геаграфічнымі асаблівасцямі прыроднага асяроддзя лакацыі фарміравання гэтага віда мастацтва, ці выявы гісторыка-культурных помнікаў рэгіёна[1] .

Перыядычна ў Беларусі сустракаліся маляваныя дываны сюжэтна-тэматычнага характару. У іх ужываліся сюжэты катання на лодках, сустрэчы ці развітанні закаханых, архітэктурныя пейзажы ў характэрным наіўна-рэалістычным стылі. Таксама гэтыя сюжэты былі акаймлены арнаментальна-расліннымі матывамі. Прыкладамі гэтых дываноў з'яўляюцца творы Алены Кіш і Язэпа Драздовіча. Паслядоўнікам Драздовіча стаў таксама самабытны мастак Фёдар Сухавіла.

Сюжэтна-тэматычныя дываны Алены Кіш — гэта цалкам унікальная з'ява ў народным мастацтве Беларусі. Росквіт яе творчасці прыйшоў на 1930-я гады. Выявы людзей, жывёл і птушак на фоне традыцыйнага ці экзатычнага пейзажу напісаны чыстымі, гучнымі фарбамі белага, зялёнага, блакітнага, малінавага колераў і падмалёваны чорнымі лініямі па контурах. Па перыметру дываноў мастак ужывала акаймоўку з сакавітымі кветкавымі гірляндамі[2].

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У 1980-х гадах на Случчыне і Віцебшчыне пачалі адраджаць традыцыі маляваных дываноў. Дзякуючы намаганням даследчыка творчасці Алены Кіш, мастака Уладзіміра Басалыгі, удалося знайсці 13 дываноў, якія склалі аснову калекцыі маляванак Заслаўскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пазней да іх дабавілася значная колькасць маляваных дываноў Язэпа Драздовіча. У 1978 годзе Уладзімір Басалыга, будучы старшынёй Беларускага саюзу мастакоў, арганізаваў Першую рэспубліканскую выстаўку народных маляваных дываноў у мінскім Палацы мастацтва. Упершыню творы Алены Кіш убачыла шырокая аўдыторыя гледачоў. У сакавіку 1999 года ў Маскве адбыўся І Міжнародны фестываль «Інтэрмузей – 99», дзе таксама былі прадстаўлены беларускія маляваныя дываны Алены Кіш[3].

Народныя традыцыі захапілі такіх вядомых беларускіх мастакоў, як Аляксей Марачкін[4] і Віктар Маркавец[5], якія пачалі ствараць уласныя варыяцыі на тэму маляваных дываноў. Некаторыя з іх увайшлі ў альбом пад назвай «Беларускія маляваныя дываны», выдадзены ў Мінску ў 2005 годзе і састаўлены супрацоўнікамі Заслаўскага музея[6].

У Беларусі праводзіцца шэраг мерапрыемств, у працэсе якіх сучасныя носьбіты тэхнікі перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню мастакоў. Гэта майстар-класы, гурткі па маляванцы, экскурсіі. Традыцыя вырабу маляваных дываноў з’яўляецца лакальнай культурнай адметнасцю Беларусі, мастацкай традыцыяй з адмысловымі прыёмамі выканання і прызнаецца як элемент народнай спадчыны. Маляваныя дываны Віцебскага Паазер'я таксама ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэтае рашэнне было прынята на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі[7].

Адна з буйных калекцый маляваных дываноў знаходзіцца ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Перасоўная выстаўка дываноў з яго збораў экспанавалася ў верасні 2013 года ў Мінскай мастацкай галерэе твораў Леаніда Шчамялёва, а потым і па другіх гарадах краіны:

У снежні 2013 года таксама адбылася выстаўка маляваных дываноў Алены Кіш «На шчасце» са збору Заслаўскага музея ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Адкрываў вернісаж дырэктар гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі[8]:

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Маляваныя дываны Віцебскага Паазер'я ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Архівавана 5 сакавіка 2016.
  2. Я. М. Сахута Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) (і інш.). - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
  3. Спадчына Беларусі. Алена Кіш Архівавана 5 сакавіка 2016.
  4. Аляксей Марачкін. Дыван «Затапленне»
  5. Віктар Маркавец. Дыван «Сымон будны ў Заслаўі»
  6. Беларускiя маляваныя дываны
  7. У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прыняты 3 новыя элементы
  8. [https://web.archive.org/web/20210124201340/https://news.tut.by/culture/378720.html Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Выставка «маляванок» Алены Киш: произведения искусства, которые теперь пылятся на чердаках (руск.)] Архівавана 24 студзеня 2021.