Мангры

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Мангры, штат Керала, Індыя

Мангры, або мангравыя зараснікі, або мангровы (ад англ.: mangrove) — дрэвава-хмызняковыя раслінныя супольнасці, якія развіваюцца на перыядычна затапляемых участках марскіх узбярэжжаў і вусцяў рэк, абароненых ад прыбоя і штармоў каралавымі рыфамі ці прыбярэжнымі астравамі.

Распаўсюджанне манграў

Мангры сканцэнтраваны на плоскіх берагах усходняга і заходняга (Гвінейскія мангры) узбярэжжаў Афрыкі, на востраве Мадагаскар, Сейшэльскіх і Маскарэнскіх астравах, па берагах Паўднёвай Азіі і Паўночнай Аўстраліі, Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі.[1] Найбольш паўночны раён распаўсюдджання манграў — каля 32° пн.ш. у Фларыдзе і на Бермудскіх астравах, у Чырвоным моры (заліў Акаба) і на поўдні Японіі. У Паўднёвым паўшар'і мангровы адыходзяць яшчэ далей ад экватара. На ўсходнім узбярэжжы Афрыкі яны дасягаюць наваколляў Дурбана (33° пд.ш.), а ва Усходняй Аўстраліі — 38° пд.ш. Найменшую працягласць арэал манграў мае на Ціхаакіянскім узбярэжжы Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі да 3°48' пд.ш. у Паўднёвай Амерыцы — паўднёвей яе распаўсюджанне абмяжоўвае халодную плынь Гумбальдта. У Атлантычным акіяне мангровы дасягаюць 28°20' на поўдні Бразіліі. На ўзбярэжжы Афрыкі яны прымеркаваны галоўным чынам да эстуарыяў буйных рэк, і распаўсюджанне іх да поўдня спыняе каля 9° пд.ш. сухі клімат кантынента. Такім чынам, з пункту гледжання геаграфіі мангравыя біяцэнозы лічацца інтразанальнымі.

Мангры складаюцца звычайна з вечназялёных дрэў вышынёй 10-15 м. Найбольш высокаствольныя дрэвы (да 27-30 м) сустракаюцца ў манграх Усходняга паўшар'я. У залежнасці ад частаты і працягласці затаплення, характару субстрата (глеісты ці пясчаны), суадносінаў прэснай і марской вады (у вусцях рэк) расліны ў мангравых зарасніках размешчаны паясамі, у кожным з якіх дамінуюць адзін-два (часам некалькі) відаў.

Колькасць відаў раслін, якія ўтвараюць мангравыя зараснікі, адносна невялікі — каля 20 відаў, што адносяцца да сямействаў рызафоравых, вярбенавых, мірысінавых, санятарыевых и камбрэтавых.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. БЭ ў 18 т. Т. 10. С. 75.
Commons