Маргарэт Мід

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Маргарэт Мід
Margaret Mead
Margaret Mead NYWTS.jpg
Дата нараджэння:

16 снежня 1901

Месца нараджэння:

Філадэльфія

Дата смерці:

15 лістапада 1978

Месца смерці:

Нью-Ёрк

Краіна:

ЗША

Навуковая сфера:

антрапалогія

Альма-матэр:

Калумбійскі ўніверсітэт

Навуковы кіраўнік:

Франц Боас

Маргарэт Мід на ВікіСховішчы

Ма́ргарэт Мід (англ.: Margaret Mead; 16 снежня 1901 г., Філадэльфія — 15 лістапада 1978 г., Нью-Ёрк) — прадстаўніца амерыканскай культурнай антрапалогіі, даследчыца праблем полавай і ўзроставай культурнай сацыялізацыі. Апублікавала 44 кнігі і каля 1000 артыкулаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маргарэт Мід нарадзілася 16 снежня 1901 г. у Філадэльфіі (штат Пенсільванія) у сям'і Эдварда Шэрвуда Міда, прафесара Ўортанскай школы Пенсільванскага ўніверсітэта, і Эмілі Фог-Мід, сацыёлага і даследчыцы італьянскай іміграцыі. Была іх старэйшай дачкой.

Вывучала псіхалогію і антрапалогію ў Калумбійскім універсітэце, дзе пазнаёмілася з Францам Боасам, які быў яе першым навуковым кіраўніком. У 1924 г. атрымала ступень магістра (M.A.), а ў 1929 г. абараніла доктарскую дысертацыю (Ph.D.).

Займалася даследаваннем праблем полавай і ўзроставай культурнай сацыялізацыі на Самоа, Новай Гвінеі, Балі. У 1926 - 1969 гг. займала шэраг пасад у Амерыканскім музеі натуральнай гісторыі. Узначальвала Таварыства прыкладной антрапалогіі, Сусветную федэрацыю псіхічнага здароўя, Амерыканскую антрапалагічную асацыяцыю, Амерыканскую асацыяцыю садзейнічання развіцця навукі. Супрацоўнічала з ААН у якасці эксперта. Апублікавала 44 кнігі і каля 1000 артыкулаў, у тым ліку публіцыстычных.

Тройчы мела шлюб. Ад трэцяга мужа нарадзіла дачку Мэры Кэтрын Бейтсан (1939 г.).

Памерла ад рака 15 лістапада 1978 г.

Навуковыя погляды[правіць | правіць зыходнік]

Маргарэт Мід развівала ідэю Франца Боаса аб першасным уплыве выхавання і культурнага асяроддзя на станаўленне асобы. У 1924 г. адправілася на Самоа, каб практычна давесці тэзу Боаса аб неабавязковай прыродзе юнацкіх канфліктаў у сям'і. На прыкладзе традыцыйнай самоанскай культуры паказала, што юнацкія канфлікты не прадвызначаюцца фізіялагічнымі зменамі, а набываюцца ў выніку сацыялізацыі. У адрозненні ад заходняга грамадства, на Самоа юнакі не маюць шырокіх магчымасцяў выбару культурнай і сацыяльнай арыентацыі, не трапляюць у траўматычныя сітуацыі, таму канфлікты паміж юнакамі і дарослымі тут амаль не вядомы. Маргарэт Мід стала першай жанчынай-антраполагам, якая апісала этнічную сексуальную культуру. Яе кніга "Набыццё сталасці на Самоа" (Coming of Age in Samoa) (1928 г.) стала адным з першых навуковых бестселераў.

У Новай Гвінеі і на Балі Маргарэт Мід вывучала асаблівасці полавай культурнай сацыялізацыі ў традыцыйным грамадстве. Адвяргала думку, што ваяўнічасць, падначаленне і іншыя сацыяльна-культурныя ўласцівасці дыктуюцца культурай. На Балі багата выкарыстоўвала фотаздымкі. Звяртала ўвагу на моўныя асаблівасці культурнага асяроддзя.

Працы Маргарэт Мід адыгралі важную ролю ў спрэчках вакол ролі дзяцінства ў жыцці чалавека, гендарнай сістэмы грамадства, захаванні культурных традыцый і г. д. Аднак у апошнія гады яе жыцця і асабліва пасля смерці многія высновы яе даследаванняў былі падвергнутыя крытыцы. Так, новазеландскі даследчык Дэрэк Фрымен (1982 г.) заявіў, што традыцыйная самоанская культура і лад жыцця былі апісаны ёю не верна. Яна або стала ахвярай містыфікацыі з боку дзяўчын-інфарматараў, або не зразумела асаблівасцяў мясцовага жыцця. Далейшыя даследаванні культуры арапеш на Новай Гвінеі таксама паказалі, што апісанне Маргарэт Мід гэтага народу як мірных земляробаў не адпавядае рэчаіснасці.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Coming of Age in Samoa (1928) ISBN 0-688-05033-6
  • Growing Up in New Guinea (1930) ISBN 0-688-17811-1
  • The Changing Culture of an Indian Tribe (1932)
  • Sex and Temperament in Three Primitive Societies (1935)
  • Male and Female (1949) ISBN 0-688-14676-7
  • New Lives for Old: Cultural Transformation in Manus, 1928-1953 (1956)
  • People and Places (1959)
  • Continuities in Cultural Evolution (1964)
  • Culture and Commitment (1970)
  • Blackberry Winter (1972; біяграфічныя працы) ISBN 0-317-60065-6

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]