Марыя Кюры
Марыя Складоўская-Кюры (7 лістапада 1867 — 4 ліпеня 1934) — выбітная вучоная, фізік і хімік, даследчыца радыеактыўнасці, двойчы лаўрэат Нобелеўскай прэміі - Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1903) і Нобелеўскай прэміі па хіміі (1911). Яна была першай жанчынай-прафесарам ува ўніверсітэце ў Парыжы, а ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне ў Парыжы[1].
Яна нарадзілася ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. Яна пачала сваю навукова-практычную падрыхтоўку ў Варшаве. У 1891 годзе ва ўзросце 24 гадоў, яна рушыла ўслед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай вучыцца ў Парыж, дзе яна атрымала вышэйшую адукацыю і праводзіла наступную навуковую працу. Складоўская-Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, і з'яўляецца адзінай жанчынай, на сённяшні дзень, якая атрымала гэту ўзнагароду ў дзвюх абласцях.
Яе дасягненні ўключаюць тэорыю радыеактыўнасці, метады вылучэння радыеактыўных ізатопаў, а таксама адкрыццё двух элементаў, палонія і радыя. Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзены першыя даследаванні ў свеце ў вобласці лячэння наватвораў з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы і Варшаве, якія застаюцца найбуйнымі цэнтрамі медыцынскых даследаванняў сёння.
Змест |
Біграфія [правіць]
Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў Варшаве ў настаўніцкай сям’і. У 1891 годзе пераяжджае ў Парыж, дзе становіцца студэнткай факультэта прыродазнаўства Сарбонскага ўніверсітэта. У выніку напружанай працы праз тры гады яна атрымлівае два дыпломы ліцэнзіяту — па фізіцы і па матэматыцы. На працягу вучобы ва ўніверсітэце Марыя знаёміцца з П’ерам Кюры, кіраўніком навуковай лабараторыі ў Школе фізікі і хіміі пры Сарбонскім універсітэце. У 1895 годзе адбываецца іх вяселле, і Марыя пачынае працаваць у лабараторыі П’ера. 12 верасня 1897 года нарадзілася іх першае дзіця — дачка Ірэн.
У 1897 годзе Марыя Кюры пачынае вывучаць з'яву радыеактыўнасці, якую ўпершыню выявіў у 1896 годзе Анры Бекерэль. Яна вызначае, што крыніцай радыеактыўнасці ў даследаваных злучэннях з'яўляюцца атамы ўрану і торыю. У ходзе эксперыментаў выяўляецца, што некаторыя мінералы з вокісам урану маюць значна большую радыеактыўнасць, чым сам уран. Марыя Кюры высоўвае гіпотэзу, што прычынай гэтага ёсць прысутнасць у злучэннях дагэтуль невядомага навуцы высокарадыеактыўнага рэчыва. У гэты час да даследавання далучаецца і П’ер Кюры. Здагадка знаходзіць пацвярджэнне: далейшая праца прыводзіць да вылучэння ў 1898 годзе двух новых элементаў — палонію (названы ў гонар радзімы Марыі Польшчы) і радыю. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, П’ер і Марыя вырашаюць не патэнтаваць тэхналогію здабыцця радыю, а пакінуць яе адкрытай для навуковай грамадкасці.
1903 год становіцца для сям’і Кюры годам прызнання іхных навуковых дасягненняў. 25 ліпеня Марыя абараняе доктарскую дысертацыю. У лістападзе Лонданскае каралеўскае таварыства прысуджае ім адну з найвышэйшых узнагародаў — медаль Дэві. А 10 снежня П’ер і Марыя Кюры разам з Анры Бекерэлем становяцца лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па фізіцы. Такім чынам, Марыя Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала прэмію Нобеля.
З гэтага часу П’ер і Марыя Кюры становяцца сусветна вядомымі вучонымі. Яны працягваюць працу над вывучэннем уласцівасцей радыю і спосабаў яго прамысловай вытворчасці. У Сарбонскім універсітэце адкрываецца кафедра фізікі, загадчыкам якой становіцца П’ер Кюры. Марыя працягвае выкладанне ў Вышэйшай нармальнай школе для дзяўчын у Сеўры. Да таго ж, 6 снежня 1904 года ў іх нараджаецца другая дачка — Ева. Але 19 красавіка 1904 года ў выніку нешчаслівага выпадку П’ер Кюры памірае.
Пасля нечаканай смерці мужа Марыя Кюры становіцца на чале заснаванай для яго кафедры фізікі і атрымоўвае ступень прафесара Сарбоны. Яна працягвае даследванні, выкладае ў Сарбоне і ў Сеўры. Распрацоўвае першы і на той час адзіны ў свеце курс лекцыяў па радыеактыўнасці, рэдактуе і выдае «Працы П’ера Кюры», выдзяляе эталон радыю. З 1909 года яна ўзначальвае радыеактыўную лабараторыю ў новаадчыненым Інстытуце радыю. У 1911 годзе Марыя Кюры зноў становіцца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, гэтым разам па хіміі, — першы ў гісторыі выпадак, калі адзін чалавек двойчы атрымаў гэтую ўзнагароду. У час cусветнай вайны яна стварае «радыялагічную службу», арганізоўвае курсы падрыхтоўкі сясцёр-радыёлагаў, абсталёўвае 220 мабільных рэнтгенаўскіх установак. Пасля вайны яна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, уваходзіць у склад шэрагу міжнародных арганізацыяў, стварае Інстытут радыю на сваёй радзіме — у Варшаве.
Гады працы з радыеактыўнымі рэчывамі не прайшлі бясследна для вучонай. Яшчэ ў маладосці яна атрымала апёкі кісцей рук. Да гэтага часу лабараторныя сшыткі П’ера і Марыі Кюры захоўваюць высокі ўзровень радыяктыўнасці. А 4 ліпеня 1934 году Марыя Складоўская-Кюры памерла ад невядомай тады яшчэ хваробы — лейкеміі. Праз год выйшла апошняя кніга, якую яна паспела скончыць перад смерцю — фундаментальная праца «Радыеактыўнасць».
Зноскі
- ↑ «Marie Curie Enshrined in Pantheon». The New York Times
Літаратура [правіць]
- Эва Кюры, «Марыя Кюры»
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Марыя Кюры- Дэталёвая біяграфія. staff.amu.edu.pl
- Марыя Складоўская-Кюры. cambridge.org
- П'ер і Марыя Кюры. cyberquebec.ca
- Таварыства імя Марыі Складоўскай-Кюры
| Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 1901—1925 гадах | |
|---|---|
|
Рэнтген (1901) • Лорэнц / Зееман (1902) • Бекерэль / П. Кюры / М. Кюры (1903) • Рэлей (1904) • Ленард (1905) • Томсан (1906) • Майкельсан (1907) • Ліпман (1908) • Марконі / Браўн (1909) • Ван-дэр-Ваальс (1910) • Він (1911) • Дален (1912) • Камерлінг-Онес (1913) • фон Лаўэ (1914) • У. Г. Брэг / У. Л. Брэг (1915) • Баркла (1917) • Планк (1918) • Штарк (1919) • Гіём (1920) • Эйнштэйн (1921) • Н. Бор (1922) • Мілікен (1923) • Сігбан (1924) • Франк / Герц (1925) |
|
|
Поўны спіс | (1901—1925) | (1926—1950) | (1951—1975) | (1976—2000) | (2001—2025) |
| Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па хіміі ў 1901—1925 гадах | |
|---|---|
|
Якаб Хендрык вант Гоф (1901) • Эміль Фішэр (1902) • Свантэ Арэніус (1903) • Уільям Рамзай (1904) • Адольф Баер (1905) • Анры Муасан (1906) • Эдуард Бухнер (1907) • Эрнэст Рэзерфорд (1908) • Вільгельм Оствальд (1909) • Ота Валах (1910) • Марыя Кюры (1911) • Віктар Грыньяр / Поль Сабацье (1912) • Альфрэд Вернер (1913) • Тэадор Рычардс (1914) • Рыхард Вільштэтэр (1915) • Фрыц Габер (1918) • Вальтэр Нернст (1920) • Фрэдэрык Содзі (1921) • Фрэнсіс Астан (1922) • Фрыц Прэгль (1923) • Рыхард Зігмондзі (1925) |
|
|
Поўны спіс | (1901—1925) | (1926—1950) | (1951—1975) | (1976—2000) | (2001—2025) |
