Марыя Мікалаеўна Косіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыя Мікалаеўна Косіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 30 лістапада 1850(1850-11-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 28 сакавіка (10 красавіка) 1911 (60 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца, паэтка
Кірунак фалькларыстка, этнограф
Мова твораў беларуская
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марыя Мікалаеўна Косіч, у дзявоцтве Уладзімірава (1850, в. Расуха Мглінскага пав. Чарнігаўскай губ. — 28 сакавіка 1911, там жа) — беларуская фалькларыстка, этнограф і пісьменніца.

Аўтограф

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Жыла ў маёнтку дзеда Г. М. Сілевіча каля вёскі Расуха сярод беларускага насельніцтва са своеасаблівымі этнаграфічнымі і моўнымі рысамі. Адукацыю атрымала ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З маленства палюбіла народныя песні, прывязалася сэрцам да народа. Мела багатую бібліятэку. Ведала французскую мову[1].

Марыя Мікалаеўна ўзяла шлюб з ветэрынарным урачом, але дзяцей не мела. Узімку яна з мужам з'яжжала з Расухі ў Чарнігаў, дзе працавала ў рэдакцыі. Зямлю звычайна здавалі ў арэнду.

У 1911 г. у «Русской музыкальной газете» з'явіўся некралог аб смерці Марыі Косіч. У 1917 г. яе маёнтак і бібліятэка былі разрабаваныя мясцовымі сялянамі. Пахаваная ў Разрытаўскім манастыры (цяпер разбураны) за 6 км ад в. Расуха.

Этнаграфічная праца[правіць | правіць зыходнік]

Першая старонка працы Косіч пра ліцвінаў-беларусаў Чарнігаўшчыны

Ужо ў юнацтве пачала вывучаць фальклор (у 60-я гг. стала даследваць беларускую народную песню). З 1897 г. пад уплывам вядомага ўкраінскага грамадскага дзеяча А. Русава, які пасяліўся непадалёку, прыступіла да сістэматычнага збору народных песень. Аўтар працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызавала жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. У 1906 г. надрукавала этнаграфічны артыкул «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні». Гэтыя працы былі выкарыстаны ў сваёй рабоце беларускім мовазнаўцам Паўлам Растаргуевым.[2].

Літаратурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Ад этнаграфічна-фалькларыстычнай працы М. Косіч перайшла да ўласнай творчасці на беларускай мове. У вершаваным творы «На перасяленне: Расказ Цёткі Домны з Палесся» раскрыла характэрную асаблівасць жыцця беларускай парэформеннай вёскі — масавае перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір. Выдатнае веданне вясковых рэалій і народнай мовы, шчырае спачуванне народу дазволілі ёй намаляваць даволі яркія сцэны падрыхтоўкі сялян да перасялення, развітання з роднымі мясцінамі.

Левыя коскі Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сібіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.

Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія. Лецечкам святым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца, і брусніца, касцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсць там! Чорна ягада смародыня — і тая расце па лугам. Ды што па вясне, як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе, ня знайдзеш ній-дзе у цэлай акрузе. У нас крэпка душна улетку ня бывае. Ды што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе— люба! Пасканні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на «паньскае», нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць![3].

Правыя коскі

Адначасова яна працавала над «пералажэннямі» баек Крылова на беларускую мову. Па сутнасці, гэта былі не пераклады, а пераробкі-перапрацоўкі, творы ў многім самастойныя. Выклаўшы сюжэт байкі Крылова, Косіч пераходзіла потым на блізкія сітуацыі з бытавога і грамадскага жыцця роднай вёскі. У яе творах парушаны байкавы памер — вольны верш[4].

Левыя коскі Уздумаў Воўк у дарогу сабірацца
Прыходзіць ён з зязюляй папрашчацца
- Не ноч мая тут, кажа, -жыць!
Ну ды й народ! Вор на вару!
Усё б ён біў ды грабіў;
Хоць сам пан-чорт —
І той яму б не ўладзіў.
Воўк і зязюля[5].
Правыя коскі

У 1901 г. перадала рукапіс сваіх пералажэнняў 11 баек Крылова ў кіеўскую цэнзуру. Рукапіс разглядаўся ў Галоўным упраўленні па справах друку, ва ўпраўленні Віленскай навучальнай акругі. Рукапіс забаранілі, але нейкім чынам у 1903 г. Марыі Мікалаеўне ўдалося выдаць сваю кнігу ў друкарні Чарнігаўскага земства.

У 1902 г. звярнулася да Льва Талстога з просьбай дазволіць ёй перакласці на «беларускую гаворку» яго камедыю «Першы вінакур, або як чарцянё акрайчык заслужыла». У якасці ўзору мовы да пісьма былі прыкладзены пералажэнні баек Крылова «Лебедзь, рак і шчука» і народных песень «літвінаў-беларусаў». Л. Талстой даў згоду на пераклад, яго рукапіс М. Косіч накіравала ў віленскую цэнзуру, якая дазволу на друкаванне камедыі не дала.

Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ўзяла на свой склад і прадавала кнігі Косіч[6].

Асобныя яе рукапісы і аўтографы зберагаюцца ў сховішчах Мінска, Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Невялікія творы альбо ўрыўкі з іх некалькі разоў змяшчаліся ў разнастайных хрэстаматыях, але буйныя работы дагэтуль не перадрукаваныя.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Яўхім Карскі ў сваёй рабоце «Беларусы» ацаніў Марыю Мікалаеўну наступным чынам: Гаворачы пра А Ельскага немагчыма не прыгадаць і дзейнасць іншага народалюбца, звязанага з этнаграфічным вывучэннем Чарнігаўскай Беларусі. Маю на ўвазе даволі вядомую даследчыцу М. Н. Косіч, якая ў 1902 г. выпусціла «Літвіны беларусы Чарнігаўскай губерні, іх быт і песні»… — даволі каштоўную этнаграфічную працу. З штучных твораў, якія належаць яе пяру і маюць на мэце асвету народу, адзначым дзве брашуры: 1. На піресялення. Расказ цёткі Домны з Палесья. Чарнігаў, 1903…К(ошт)10 к(ап). Верш пачынаецца з апісання вёскі і яе ваколіц. Апісваецца клімат, адлюстроўваецца мясцовае жыццё.

У вершы шмат пачуццяў, безумоўна праводзіцца добрая думка, але замала складу, не заўважна знаёмства з тэхнікай верша, яшчэ больш памылак друку, як і ў асноўнай этнаграфічнай рабоце аўтара, назва якой прыведзена вышэй.

2. У тым жа родзе, што датычыцца вершаў і брашура «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускае нарэчча». Чарн(ігаў). 1903…К(ошт)15 к(ап). Да перакладаў і пераробак часта далучаныя павучанні і вывады, якія маюць злабадзённы мясцовы характар. У якасці вываду аўтар закранае недахопы ў справах мясцовых грамадскіх устаноў[7].

Салідарызуецца з Карскім і беларускі літарутаразнавец Янка Казека: …"пералажэнні" М. Косіч, як і іншыя яе працы, не страцілі сваёй этнаграфічнай цікавасці. І ў «пералажэннях» крылоўскіх баек ёсць цікавыя дэталі этнаграфічнага характару; напісаны гэтыя творы з захаваннем асаблівасцей гаворкі беларускага насельніцтва былых Мглінскага і Суражскага паветаў (цяпер Бранскай вобласці).

«Пералажэнні» Марыі Косіч у мастацкіх адносінах досыць прымітыўныя. Прыстасаваўшы крылоўскія байкі да тых ці іншых мясцовых здарэнняў, пісьменніца збядніла і здрабніла іх змест, пазбавіла іх вострай грамадскай накіраванасці і сатырычнай сілы. …не магла наша літаратура, якая мела ўжо «Тараса на Парнасе», «Пінскую шляхту», «Дудку беларускую» і «Смык беларускі», лічыць гэтыя «пералажэнні» сваім значным здабыткам[8].

А вось ацэнка беларускім паэтам Нілам Гілевічам песеннага матэрыяла, сабранага беларускай «прагрэсіўнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай фалькларысткай»: 'Песенны матэрыял, сабраны Косіч, вельмі разнастанйны ў жанравых і тэматычных адносінах. Абрадавая лірыка ахоплівае бадай што ўсе вядомыя этнаграфічныя рубрыкі. Шырока пададзена таксама сямейна-бытавая лірыка, салдацкія і рэкруцкія песні («на прызывы»), балады, розныя хлапечыя песні, затым — гульнёвыя, турэмныя і гістарычныя («Пра Платона-казака»). Вельмі многа песень і прыпевак жартоўных, вясёлых — яны аб'яднаны пад загалоўкам «Ігрышчы або вечарніцы».

З каляндарна-абрадавых песень хочацца адзначыць цудоўны варыянт папулярнай і сёння купальскай песні «Ой рана на Йвана».

Левыя коскі
Ой рана на Йвана
Проці Йвана ночка мала,
Йдзе Купала начавала?
Начавала ў чыстым полі
У чыстым полі ў густом жыці
Што Купала вячэрала?
Вячэрала варэнікі
Чым Купала запівала?
Запівала гарэлачкай.
[9].
Правыя коскі

Такім чынам, большасць даследчыкаў высока ацэньваючы этнаграфічную частку яе працы, лічуць літаратурную творчасць Марыі Мікалаеўнаы дастаткова аматарскай.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

У 1909 г. адна з першых беларускіх перакладчыц Тэрэза Гардзялкоўская прасіла рэдакцыю Нашай Нівы выслаць ёй кнігі Марыі Косіч «На перасяленне» і «Басні Крылова на беларускую мову пераложанныя».[10]

Адзін з піянераў беларускага руху, Антон Луцкевіч, так напісаў пра яе:

Левыя коскі Вось жа, ня дзіва, што беларускі адраджэнскі рух у першыя гады свайго існавання налічвае ў сваіх радах дужа мала дзяўчат і кабет беларускіх. Праўда, ужо ў канцы 90-х гадоў мінулага сталецця з'яўляюцца ў беларускай літаратуры першыя жаноцкія імёны, да якіх належыць, прыкладам, Марыя Косіч, аўтар этнаграфічных прац аб беларусах Чарнігаўшчыны і апавяданняў, ды перакладчыца баек Крылова. але гэта яшчэ адзінкі — прадстаўніцы старэйшых інтэлігентных пакаленняў, сярод якіх ніколі не заміраў нейкі асаблівы «сантымент» да беларушчыны[11]. Правыя коскі

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Косич М. Н. На пирисяленьня. Рассказ тётки Домны из Полесья. Чернигов, 1903.
  • Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. II, СПб, 1901, С. 221—260.
  • Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. III—IV, СПб, 1901, С.1 — 88.
  • Косич М. Н. О постройках белорусского крестьянина Черниговской губернии, Мглинского уезда: деревни Бородинки и Амелькина хутора // Живая старина. Вып. I, 1906, С. 74 — 93.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Растаргуеў П. А. Северско-белорусский говор. Ленинград, 1927. С. 49
  2. Мы маем шэраг крыніц, якія ўтрымліваюць фальклорныя запісы, даюць магчымасць зазірнуць у мінулае слоўніка, аддаленае ад нас перыядам часу ў 100 і больш гадоў. Якая каштоўнасць гэтых крыніц як лексікаграфічных матэр'ялаў? Канешне, не ўсе яны аднолькавай каштоўнасці. Найбольшае значэнне, як па аб'ёме, так і па якасці матэр'ялу мае мае работа М. М. Косіч «Літвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні». Запісы рабіліся амаль выключна паводле слоў асоб жаночага полу ва ўзросце да 78 гадоў, прычым пераважна ад асоб ва ўзросце ад 40 да 65 гадоў. З указанай колькасці запісаў толькі 35 зроблены паводле слоў маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Запісы рабіліся ў розныя часы; найбольш раннія з іх адносяцца да 50-х гг. ХІХ ст., пазнейшыя — да канца стагоддзя. найбольшая колькасць запісаў прыходзіцца на 90-я гг. ХІХ ст. Мэта працы М. М. Косіч — літаратурна-этнаграфічная: паказаць, як у песнях адлюстраваліся розныя бакі сялянскага быту. Але не без цікавасці яна ставіцца і да мовы запісаў, у прыватнасці да слоўнікавага саставу. Ёй указана (у тэксце і зносках, значэнне многіх слоў: барджэй, магерка, брыль, мушкаваны, хліп, бурдзяны, шапавал, намётка, ксціны, брахнійка, прыкліка, абыдзень і інш. Расторгуев П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины. Мн., 1973. С. 13 — 14.
  3. Гарэцкі М. І. Хрэстаматыя беларускай літаратуры. Вільня, 1922. С. 242.
  4. Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 368.
  5. .Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 327.
  6. Supołka «Zahlanie sonca i u naše wakonce» wydała pokul što i pradaje…// Nasza Niwa, 1908, № 11, С. 8
  7. Е. Ф. Карский. Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. Кн. 3. Художественная литература на народном наречии. — Петроград. 1922. С. 140—142
  8. Казека Я. Беларуская байка. Мн., 1960. С. 56
  9. . Паводле Гілевіч Н. С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 104—105.
  10. Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1, Спр. 73, Арк. 64.)
  11. Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне. Вільня — Беласток, 2009. С. 312

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне. Вільня — Беласток, 2009. С. 312, 370.
  • Бас І. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследванні. Мн., 1969.
  • Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 327—330, 368.
  • Казека Я. Беларуская байка. Мн., 1960. С. 48 — 56.
  • Карский Е. Белорусы. Т. III. Вып. 3. Петроград. 1922. С. 140—142
  • Гарэцкі М. І. Хрэстаматыя беларускай літаратуры. Вільня, 1922. С. 242.
  • Гілевіч Н. С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 103—106.
  • Кісялёў Г. В. Косіч Марыя // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 3. — Мн. 1994. — С. 386—387.
  • Пятроўская Г. А. Косіч Марыя Мікалаеўна // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 8. Мн., 1999. -С. 430.
  • Расторгуев П. А. Северско-белорусский говор. Ленинград. 1927.
  • Расторгуев П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины. Мн., 1973.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]