Марыя Сібіла Мерыян

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыя Сібіла Мерыян
ням.: Maria Sybilla Merian
Партрэт працы Георга Гзеля[de]
Партрэт працы Георга Гзеля[de]
Дата нараджэння 2 красавіка 1647(1647-04-02)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 1717(1717-01-13)[1][2][…] (69 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Матэўс Мерыян, старэйшы
Муж Іаган Андрэас Граф[d][6]
Дзеці Ёханна Хелена Геральт[d] і Даратэя Марыя Граф[d]
Род дзейнасці энтамолаг, лепідаптэрыст, батанік, натуралістка, мастачка, ілюстратарка, мастак-ілюстратар навуковых прац, батанічны ілюстратар, графік, артыстка
Вучоба у Якаба Марэла, Абрахама Мін'ёна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марыя Сібіла Мерыян (ням.: Maria Sybilla Merian; 2 красавіка 1647, Франкфурт-на-Майне, Германія — 13 студзеня 1717, Амстэрдам, Нідэрланды) — нямецкая мастачка, гравёршчыца і даследчыца жывой прыроды.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў сям’і вядомага швейцарскага мастака і гравёра Матэўса Мерыяна, выхоўваў яе і вучыў малюнку ўжо айчым, галандскі мастак Я. Марэль. У 17-гадовым узросце Марыя выйшла замуж за І. А. Графа, таксама мастака і вучня свайго айчыма. Сямейнае жыццё не ладзілася. Урэшце, сям’я фактычна распалася ў 1686 годзе, калі Марыі было амаль 40 гадоў. Марыя вярнула сабе прозвішча бацькі.

Марыя ўступіла ў секту лабадыстаў і, разам з маці і дзвюма дочкамі, пасялілася ў замку Валта ў Заходняй Фрысландыі, а праз 5 гадоў пераехала ў Амстэрдам. У 1699 годзе мастачка з дачкой Даратэяй Марыяй паехала ў Сурынам, дзе яны пражылі два гады.

Памерла ў Амстэрдаме, пасля двух гадоў цяжкай хваробы.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Марыя Сібіла мела двух дачок — Іагану Хелену і Даратэю Марыю. Малодшая дачка — Даратэя Марыя і яе муж Георг Гзель у 1717 годзе былі прыняты на рускую службу. У Санкт-Пецярбургу яны займаліся афармленнем экспазіцый Кунсткамеры, а затым выкладалі малюнак і жывапіс у новастворанай Акадэміі навук.

Дочкі М. С. Мерыян таксама займаліся ілюстраваннем. Вядома, што Даратэя Марыя Гзель у Пецярбургу замалёўвала рэдкіх птушак і расліны, на яе заказ у Пецярбургу выштукоўвалі пергамін. Паводле К. Р. Берка, у Пецярбургу знаходзіліся і малюнкі Іаганы Хелены, якая даслала іх малодшай сястры для завяршэння, што і было выканана з дадаткамі да іх на нідэрландскай мове, і Даратэя Марыя хацела іх прадаць. Цяпер, аднак, не вядомы лёс гэтых малюнкаў, як і ўсіх малюнкаў Даратэі Марыі Гзель.[7]

Дзейнасць і творчасць[правіць | правіць зыходнік]

М. С. Мерыян вырасла ў мастацкім асяроддзі (мастакамі былі яе бацька, айчым, браты), дзяўчынка яшчэ ў дзяцінстве асвоіла тэхніку гравіравання па медзі. Таксама, яна дапамагала маці ў вышыўцы шоўкам на продаж — вышывалі ніткамі ўласнай вытворчасці, шаўкавічныя дрэвы раслі ў садзе, чарвей гадавалі, кармілі і сартавалі самі. Напэўна, менавіта тады М. С. Мерыян зацікавілася назіраннямі над насякомымі. Мусіць, таму менавіта з апісання шаўкапраду М. С. Мерыян пачне сваю кнігу пра вусеняў і шаўкапраду ж прысвеціць яе тытульны аркуш.

Вялікую ролю ў станаўленні даследчыцкіх цікаўнасцей М. С. Марыян, пэўна, мела падарожжа ў Сурынам у 1699—1701 гадах. Трохмесячнае плаванне з маладой дачкой, на гандлёвым парусным судне, было вельмі небяспечнае — можна было чакаць пагаршэння надвор’я або нападзення піратаў. Французскі даследчык Р. Рэамюр лічыў, што М. С. Мерыян заклікала ў гэта падарожжа «гераічная любоў да насякомых». Вынікам падарожжа сталі сотні эскізаў, рысункаў, запісаў з назіраннямі, а таксама скрыні з калекцыямі: 20 каробак з матылямі, жукамі, калібры, светлячкамі, 1 кракадзіл, 2 вялікія змяі і 19 маленькіх, 11 ігуан, 1 гякон, 1 маленькая чарапаха, а ў 1705 годзе ў Амстэрдаме выйшла кніга «Метамарфозы сурынамскіх насякомых» («Metamorphosis insectorum surinamensium»). Варта адзначыць, што большасць сваіх кніг М. С. Мерыян выдавала сама і за ўласны кошт.

Для сваіх малюнкаў М. С. Мерыян. часцей за ўсё карысталася тонкім пергамінам charta non nata («ненароджаная скура»), грунтавала яго белым колерам, каб паверхня рабілася шаўкавістай, і працавала ў асноўным акварэллю і гуашшу.

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Акварэлі М. С. Марыян зберагаюцца ў навуковых установах краін Заходняй Еўропы, ЗША, Расіі і Японіі, яны дасюль прыцягваюць увагу не толькі гісторыкаў мастацтва, але і батанікаў і энтамолагаў. У канцы XX — пачатку XXI ст. цікавасць да біяграфіі і творчасці М. С. Мерыян пачаў узрастаць. У 1980 годзе выйшла грунтоўнае даследаванне Т. А. Лукіной на рускай мове жыцця і творчасці М. С. Мерыян. У Еўропе ў 2000-я гады арганізаваны шэраг выставак творчасці М. С. Мерыян, перавыданы яе кнігі.

Пецярбургская калекцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пецярбургская калекцыя акварэлей М. С. Мерыян — адна з найбуйных у свеце. Акварэлі захоўваюцца ў СПФ АРАН, трапілі туды з розных крыніц. Найперш гэта тыя, што купіў Пётр I і яго лейб-медык і захавальнік калекцый Р. К. Арэскін. Пятру I М. С. Мерыян была вядома яшчэ з часоў яго першага еўрапейскага падарожжа.

Паводле падання, Пётр I, які быў у Амстэрдаме ў 1717 годзе, прыйшоў у дом М. С. Мерыян у дзень яе смерці. Верагодна ж вядома, што Пётр I за значную суму купіў 2 тоўстыя кнігі малюнкаў на пергаміне, агульнай колькасцю болей 200 аркушаў. Гэтыя малюнкі Пётр I трымаў у сваім кабінеце, толькі пасля смерці імператара калекцыю перадалі ў Акадэмію навук, разам з усёй яго прыватнай бібліятэкай.

Арэскін купіў альбом «Studienbuch» з малюнкамі насякомых. На правым баку аркушаў альбома былі наклеены малюнкі на пергаміне або паперы ўстаўленыя ў рамкі з сіняй паперы. На адваротным баку — запісы Мерыян, якія рабіліся на працягу 30 гадоў. Агулам альбом змяшчаў 285 малюнкаў.

У 1733 годзе Даратэя Марыя, якая ездзіла з Пецярбурга ў Нідэрланды па ўласных справах, прывезла з сабою ў Расію акварэлі маці, з якіх 34 пазней былі куплены ў яе Акадэміяй навук. Да 1741 годзе ў пецярбургскім музеі захоўвалася, прынамсі, восем альбомаў з арыгінальнымі малюнкамі М. С. Мерыян.

Акварэлі М. С. Мерыян паступалі ў Акадэмію навук і ў XIX ст. Сваю калекцыю малюнкаў, у т.л. і аўтарства М. С. Мерыян, у 1864 годзе адказаў бібліятэцы Акадэміі навук доктар медыцыны Е. І. Раух. У канцы XIX ст. акадэмік М. С. Варонін падарыў Батанічнаму інстытуту 18 малюнкаў Мерыян, якія прывёз са сваёй паездкі ў Германію.

Рух малюнкаў Мерыян па інстытутах Акадэміі навук у Пецярбургу неаднаразова даследаваўся. Па стане на 2010 год, 184 акварэлі захоўвалася ў Санкт-Пецярбургскім філіяле Архіва РАН, куды яны трапілі ў 1939 годзе з Заалагічнага музея АН СССР. У Бібліятэцы РАН захоўваецца альбом «Studienbuch», а 18 акварэлей з калекцыі Вароніна — у бібліятэцы Батанічнага інстытута РАН.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

У навуковай літаратуры падрабязна разбіраліся даследаванні М. С. Мерыян. Між іншага, напрыклад В.-Д. Бэерам, было заўважана, што навуковая верагоднасць акварэлей Мерыян падпарадкавана агульнаму мастацкаму ўражанню, калі часта кіруючыся мастацкім густам на іх маляваліся лічынкі, ніяк не датычныя астатняга зместу выявы.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкае даследніцкае судна «Maria S. Merian» каля астравоў Трыстан-да-Кунья.

Зноскі

  1. а б Maria Sibylla Merian
  2. а б Maria Sybilla Merian — 2009.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  5. Merian, Maria Sibylla (Maria Sibila, Maria Sibilla, Maria Sibyla) // SIKART — 2006. Праверана 18 чэрвеня 2021.
  6. Union List of Artist Names — 2019. Праверана 21 мая 2021.
  7. Берк К. Р. Путевые заметки о России // Беспятых Ю. Н. Петербург Анны Иоанновны в иностранных описаниях. — СПб., 1997. — С. 196—197.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kathrin Schubert: Maria Sibylla Merian. Reise nach Surinam. Frederking & Thaler, München 2010, ISBN 978-3-89405-772-5.
  • Kurt Wettengl (Hrsg.): Maria Sibylla Merian. Künstlerin und Naturforscherin 1647—1717. Cantz, Ostfildern 2004, ISBN 978-3-7757-1226-2.
  • Беер В.-Д. Мария Сибилла Мериан и естествознание // Merian М. S. Leningrader Aquarelle. — Leipzig, 1974.
  • Копанева Н. Живые краски Мериан // «Наука из первых рук». № 1(31), 2010.
  • Лукин Б. В. К истории ленинградского собрания акварелей Марии Сибиллы Мериан // Merian М. S. Leningrader Aquarelle. — Leipzig, 1974;
  • Лебедева И. Н. Художественное и научное наследие Марии Сибиллы Мериан в Санкт-Петербурге // Петр I и Голландия. — СПб., 1997. С. 318—334.
  • Лукина Т. А. Мария-Сибилла Мериан, 1647—1717. — М.: Наука, 1980.
  • Уллманн Х. Мария Сибилла Мериан — её время, жизнь и творчество // Merian М. S. Leningrader Aquarelle. — Leipzig, 1974.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]