Махамед Рэза Пехлеві

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Махамед Рэза Пехлеві
перс.: محمد رضا پهلوی‎
Шах
16 верасня 1941 — 11 лютага 1979
Папярэднік Рэза Пехлеві[d]

Нараджэнне 26 кастрычніка 1919(1919-10-26)[1][2][…]
Смерць 27 ліпеня 1980(1980-07-27)[2][3][…] (60 гадоў)
Месца пахавання
Род Pahlavi dynasty[d]
Бацька Рэза Пехлеві[d]
Маці Tadj ol-Molouk of Iran[d]
Жонка Фаўзія Фуад[d][4], Soraya Esfandiari-Bakhtiari[d] і Фарах Пехлеві[4]
Дзеці Shahnaz Pahlavi[d], Reza Pahlavi[d], Farahnaz Pahlavi[d], Ali Reza Pahlavi[d] і Leila Pahlavi[d]
Веравызнанне шыіты
Адукацыя
Дзейнасць палітык, манарх
Аўтограф Выява аўтографа
Бітвы
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Махамед Рэза́ Пехлеві́ (26 кастрычніка 1919 — 27 ліпеня 1980) — трыццаць пяты і апошні шах Ірана з 1941 па 1979 з дынастыі Пехлеві[5]. Пры Махамедзе Рэза Пехлеві ўзмацнілася вестэрнізацыя Ірана, былі зроблены крокі ў бок раўнапраўя жанчын, што выклікала апазіцыю шырокіх народных мас і мусульманскага шыіцкага духавенства. Сам шах спрабаваў парваць з многімі ісламскімі традыцыямі, нават увёў ненадоўга летазлічэнне не ад хіджры, а ад пачатку дынастыі Ахеменідаў (1976 год ад Ражства Хрыстова быў абвешчаны ім замест 1355 года хіджры 2595 годам шахіншахскай улады); неўзабаве, аднак, ён быў вымушаны адмяніць гэта непапулярнае новаўвядзенне. У 1973 годзе ў Іране быў усталяваны аўтарытарны аднапартыйны рэжым, усім грамадзянам было загадана належаць да кіруючай партыі, а ўсе іншыя грамадскія аб’яднанні былі забаронены; была заснавана таксама тайная паліцыя. Ісламская рэвалюцыя 1979 года зрынула шаха, які быў вымушаны пакінуць краіну і памёр у выгнанні ў Каіры ў наступным годзе. На хвалі рэакцыі супраць рэформ апошніх шахаў да ўлады прыйшлі ісламскія фундаменталісты на чале з аяталой Хамейні.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Махамед Рэза нарадзіўся 26 кастрычніка 1919 года ў Тэгеране ў сям’і палкоўніка Рэзы-хана, у той час камандзіра Персідскай казачай брыгады, а пазней — галоўнакамандуючага іранскімі ўзброенымі сіламі і ваеннага міністра. У канцы 1925 года Рэза-хан зрынуў Ахмед-шаха Каджара і абвясціў сябе шахам Ірана, прыняўшы для сваёй дынастыі прозвішча Пехлеві.

У 19251930 гадах Махамед Рэза Пехлеві вучыўся ў Персідскім кадэцкім корпусе, затым у школе-пансіёне Institut Le Rosey у Швейцарыі, у 19361938 гадах — у афіцэрскім вучылішчы ў Тэгеране[5].

Другая сусветная вайна і пачатак кіравання[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1941 года, пасля акупацыі Ірана англійскімі і савецкімі войскамі і адрачэння і ссылкі свайго бацькі Рэзы Пехлеві, Махамед Рэза Пехлеві быў абвешчаны шахіншахам Ірана і разам з урадам выказаў жаданне супрацоўнічаць з Вялікабрытаніяй і СССР, падпісаўшы з імі ў 1942 годзе саюзны дагавор. 9 верасня 1943 года шах сваім указам абвясціў вайну нацысцкай Германіі. У 1946 годзе савецкія войскі былі выведзены з поўначы Ірана.

Спачатку шах мала ўмешваўся ў кіраванне краінай, урад быў падсправаздачны меджлісу. Сам шах лічыўся нявопытным і нерашучым кіраўніком. Становішча стала змяняцца пасля няўдалага замаху на шаха, здзейсненага 4 лютага 1949 года. Падчас наведвання шахам урачыстай цырымоніі ў Тэгеранскім універсітэце ў яго з адлегласці трох метраў выстраліў Фахр-Арай, але шах быў толькі лёгка паранены ў шчаку. Фахр-Арай быў застрэлены на месцы афіцэрамі. У Іране было ўведзена ваеннае становішча. Народная партыя Ірана, да якой належаў забойца, была абвешчана па-за законам, адбыліся арышты апазіцыйных дзеячаў. У 1949 годзе Устаноўчы сход ухваліў змены ў канстытуцыі, падаўшы шаху шырэйшыя паўнамоцтвы ў кіраванні дзяржавай, уключаючы права распускаць меджліс.

Палітычны крызіс пачатку 1950-х гадоў[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Другой сусветнай вайны разгарэлася вострая барацьба за ўплыў у Іране паміж Вялікабрытаніяй, якая займала там дамінуючае становішча, і ЗША, якія імкнуліся выцесніць яе. Пачаліся перамовы пра падзел прыбыткаў Англа-Іранскай нафтавай кампаніі паміж брытанскімі акцыянерамі і Іранам. У той жа час у Іране пачаліся заклікі да нацыяналізацыі нафтавай прамысловасці. У сакавіку 1951 года прэм’ер-міністр Алі Размара выказаўся супраць нацыяналізацыі, праз чатыры дні ён быў застрэлены пры выхадзе з мячэці.

У красавіку 1951 года шах прызначыў прэм’ер-міністрам Махамеда Масаддыка які выступаў за нацыяналізацыю, а 1 мая падпісаў закон аб нацыяналізацыі Англа-Іранскай нафтавай кампаніі, пасля таго як ён быў аднагалосна прыняты меджлісам. Пасля нацыяналізацыі здабыча нафты практычна спынілася з-за ад’езду брытанскіх спецыялістаў і ўведзенага Брытаніяй нафтавага эмбарга. 16 ліпеня 1952 года, пасля таго як Масаддык запатрабаваў для сябе надзвычайных паўнамоцтваў і падпарадкавання яму арміі, шах адправіў яго ў адстаўку. Гэта выклікала ўсеагульны страйк і паўстанне ў Тэгеране. 22 ліпеня 1952 года шах быў вымушаны зноў прызначыць Масаддыка прэм’ер-міністрам.

У кастрычніку 1952 года ўрад Масаддыка разарваў адносіны з Англіяй. У лютым 1953 года Масаддык прапанаваў шаху пакінуць Іран, заявіўшы, што манарх павінен валадарыць, а не кіраваць. У той жа час брытанцам удалося дамагчыся амерыканскай падтрымкі ў звяржэнні Масаддыка, пагадзіўшыся на падзел нафтавых прыбыткаў з імі. Планаваны пераварот атрымаў назву Аперацыя Аякс. 16 — 18 жніўня шах знаходзіўся ў часовым выгнанні ў Багдадзе (Ірак), 18 — 22 жніўня — у Рыме (Італія). У жніўні 1953 года звязаныя з тронам ваенныя на чале з генералам Ф. Захедзі пры англа-амерыканскай падтрымцы здзейснілі дзяржаўны пераварот і зрынулі ўрад Нацыянальнага фронту Масаддыка. З тых часоў у рукі шаха фактычна перайшла ўся паўната ўлады ў краіне.

19 верасня 1954 года ўрад Ірана падпісаў пагадненне з Міжнародным нафтавым кансорцыумам (ухвалена меджлісам 21 кастрычніка). Паводле гэтага пагаднення 95 % акцый Міжнароднага нафтавага кансорцыума (скарочана МНК) належыць 8 кампаніям: 40 % у былой АІНК, пераназванай у «British Petroleum»; 14 % у англа-галандскай «Royal Dutch Shell»; 35 % у амерыканскай «вялікай пяцёркі» («Стандарт ойл оф Нью-Джэрсі», «Сокані мобіл ойл», «Стандарт ойл оф Каліфорніа», «Тэксака», «Галф ойл карпарэйшн») і 6 % — у французскай «Кампані франсез дэ петроль». Іран атрымліваў 50 % чыстага прыбытку. Тэрмін дзеяння пагаднення вызначаны на 25 гадоў — да канца 1979 года з наступным падаўжэннем да 1994 года. Пагадненне фактычна ліквідавала пастанову 1951 года пра нацыяналізацыю нафтавай прамысловасці.

У 1957 годзе — пры садзейнічанні ЦРУ і Масада была створана тайная палітычная паліцыя САВАК.

Знешняя палітыка Ірана[правіць | правіць зыходнік]

Махамед Рэза Пехлеві і прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан з Патрысіяй Ніксан.
Шах у палацы Ніяваран.

1950-я гады[правіць | правіць зыходнік]

11 кастрычніка 1955 года Іран далучыўся да багдадскага пакту.

У 1957 годзе Іран абвясціў сваёй тэрыторыяй Бахрэйн, які быў калоніяй Вялікабрытаніі. У 1971 годзе, пасля правядзення ў Бахрэйне рэферэндуму, на якім большасць насельніцтва выказалася за незалежнасць ад Вялікабрытаніі, але і супраць уваходжання ў склад Ірана, было створана новая дзяржава, з якім Іран усталяваў дыпламатычныя адносіны.

1960-я і 1970-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У 1960-х і 1970-х гадах у знешняй палітыцы Ірана адбыліся істотныя змены і з’явіліся прынцыпова новыя яе кірункі. Па-першае, шах рэзка пашырыў маштабы эканамічнага супрацоўніцтва з сацыялістычнымі краінамі. Гэта было абумоўлена нежаданнем Захаду садзейнічаць будаўніцтву базавых галін прамысловасці Ірана; схаднейшымі ўмовамі знешнеэканамічнага супрацоўніцтва з СЭУ; імкненнем Тэгерана да выгоднага балансавання паміж дзвюма супрацьстаялымі сістэмамі, што дазваляла праводзіць больш самастойную знешнюю палітыку; спробай забяспечыць Ірану тылы на яго паўночных межах на выпадак узнікнення канфлікту ў раёне Персідскага заліва; надзеямі нейтралізаваць уплыў Багдада на фарміраванне савецкай палітыкі на Сярэднім Усходзе. Асноўным аб’ектам савецка-іранскага супрацоўніцтва стаў Ісфаханскі металургічны камбінат. Важнае значэнне для абедзвюх краін мела «ўгода стагоддзя» пра пастаўку па Трансіранскім газаправодзе іранскага газу ў Закаўказзе і аналагічнай колькасці сібірскага газу ў Заходнюю Еўропу па ірана-еўрапейскіх кантрактах, што адкрыла Тэгерану «акно ў Еўропу». Паралельна савецка-іранскаму супрацоўніцтву развіваліся сувязі Ірана з краінамі Усходняй Еўропы, асабліва з Румыніяй, якая мела занадта вялікія для яе магутнасці па вытворчасці нафтаздабываючага абсталявання.

Імператарскі Штандар Шаха Ар’ямехра

Па-другое, Тэгеран прыняў актыўны ўдзел у стварэнні АПЕК і барацьбе нафтаздабываючых краін за ўсталяванне раўнапраўных адносін з прамыслова развітымі краінамі Захаду і перш за ўсё, за павышэнне коштаў на нафту і павелічэнне адлічэнняў за права яе здабычы. У 1973 годзе ўся маёмасць МНК была перададзена Іранскай нацыянальнай нафтавай кампаніі (ІННК) з гарантыяй паставак нафты ў распараджэнне МНК на працягу 20 гадоў і адлічэння апошняй на карысць Тэгерана 60 % сумы прыбыткаў. У выніку павышэння коштаў на нафту і адлічэнняў ад МНК на карысць ІННК нафтавыя даходы Ірана выраслі з 2,4 млрд дол. у 1972 годзе да 20 млрд у 1974 годзе.

Па-трэцяе, у знешняй палітыцы шаха з’яўляюцца не толькі праімперыялістычныя, але і імперыялістычныя рысы, падмацаваныя імклівым ростам ваеннага патэнцыялу Ірана (ваенныя расходы за 1970-я гады выраслі ў 20 разоў), планамі ўсталявання кантролю Ірана над «газавай бочкай» планеты — Персідскім залівам, што паставіла б сусветную капіталістычную эканоміку ў пэўную залежнасць ад Тэгерана. Стварыўшы наймацнейшы ў свеце флот на паветранай падушцы, самую дасканалую ў трэцім свеце ракетную сістэму ППА, пераўзыходзячы па ВПС і верталётнаму парку ўсіх членаў НАТА, акрамя ЗША, Іран дамагаўся поўнага кантролю над найважнейшай транспартнай нафтавай артэрыяй свету — Армузскім пралівам. Дамагаючыся прысутнасці на іншым беразе Праліва, Шах умяшаўся ва ўнутраны канфлікт у Амане і паслаў свае войскі супраць партызанскага руху ў гэтым султанаце. З астатнімі арабскімі дзяржавамі ў Тэгерана склаліся напружаныя адносіны. Шах прыкладаў вялікія высілкі да падтрымання дружалюбных адносін з Пакістанам і Афганістанам, паколькі асцерагаўся сепаратызму белуджаў.

Шах карануе імператрыцу Фарах на цырымоніі каранацыі ў 1967 годзе.

1 снежня 1971 года, пасля вываду англійскіх войскаў з Персідскага заліва і ўтварэння Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў іранскія войскі занялі тры астравы ў Армузскім праліве: Абу-Муса, Тамбэ Базорг і Тамбэ Кучэк пад маркай, што гэтыя астравы былі да прыходу англічан іранскай тэрыторыяй (англа-іранскія перамовы і пратэсты некаторых арабскіх краін з гэтай нагоды працягваліся да кастрычніка 1972 года).

Шах падтрымліваў манархіі Персідскага заліва. Падчас грамадзянскай вайны ў Емене (19621970) Іран аказваў падтрымку манархістам. Падобная палітыка праводзілася ў Амане, куды ў 1973 годзе быў адпраўлены экспедыцыйны корпус, які адыграў важную ролю ў прыгнечанні там антыманархічнага партызанскага руху ў правінцыі Дафар.

Шах падтрымліваў дружалюбныя адносіны з Савецкім Саюзам. Махамед Рэза тройчы наведваў СССР у 1956, 1965 і 1972 гадах.

У 1963, 1966 і 1972 гадах паміж СССР і Іранам былі заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў эканамічнай і тэхнічнай сферы, будаўніцтве розных прамысловых аб’ектаў і да т.п.

Махамед Рэза быў першым з мусульманскіх лідараў, які ўсталяваў дыпламатычныя адносіны з Ізраілем, што выкарыстоўвала радыкальнае мусульманскае духавенства для крытыкі шаха як «памочніка палітыкі сіяністаў».

Досыць напружаныя адносіны захоўваліся з Іракам. У 1975 годзе было падпісана Алжырскае пагадненне з Садамам Хусейнам. Канфлікт, аднак, перайшоў у адкрытую вайну толькі пасля звяржэння шаха, калі рэвалюцыя і рэпрэсіі саслабілі іранскую армію настолькі, што Садам Хусейн вырашыўся напасці на Іран.

Унутраная палітыка шаха і серыя радыкальных рэформ[правіць | правіць зыходнік]

Шах размяркоўвае зямельныя ўчасткі.

У 1963 годзе шах распачаў буйную праграму радыкальных эканамічных і сацыяльных рэформ, якая атрымала назву «Белая рэвалюцыя». Першапачаткова праграма складалася з 6 пунктаў, пасля да іх было дададзена яшчэ 13. Праграма складалася з зямельнай рэформы, падчас якой урад, выкарыстоўваючы даходы ад экспарту нафты, выкупляў зямельныя ўчасткі ў памешчыкаў і прадаваў іх сялянам, якія апрацоўвалі іх, па кошце на 30 % ніжэйшым за рыначны ў растэрміноўку. Да 1970 года зямлю атрымалі 1,2 млн сялянскіх сем’яў (каля паловы ўсіх іранскіх сялян). Былі нацыяналізаваны лясы і пашы. Разгарнулася індустрыялізацыя, пры садзейнічанні дзяржавы будаваліся сучасныя металургічныя, машынабудаўнічыя, нафтахімічныя, аўтамабілебудаўнічыя, суднабудаўнічыя і самалётабудаўнічыя прадпрыемствы. У той жа час частка дзяржаўных прадпрыемстваў была прыватызавана з распаўсюджваннем праграм удзелу рабочых у прыбыткі.

Радыкальныя рэформы выклікалі апазіцыю шырокіх народных мас і мусульманскага шыіцкага духавенства. Сам шах спрабаваў парваць з многімі ісламскімі традыцыямі, нават увёў ненадоўга летазлічэнне не ад хіджры, а ад пачатку дынастыі Ахеменідаў (1976 год быў абвешчаны ім замест 1355 года хіджры 2535 годам шахіншахскай улады); неўзабаве ён быў вымушаны адмяніць гэта непапулярнае новаўвядзенне. У 1973 годзе ў Іране быў усталяваны аўтарытарны аднапартыйны рэжым, усім грамадзянам было загадана належаць да кіруючай партыі, а ўсе іншыя грамадскія аб’яднанні забаронены.

Выгнанне і смерць шаха[правіць | правіць зыходнік]

Ісламская рэвалюцыя 1979 года ў Іране зрынула шаха, і ён пакінуў краіну. На хвалі рэакцыі супраць рэформ апошніх шахаў да ўлады прыйшлі ісламскія фундаменталісты на чале з аяталай Хамейні. Першапачаткова Махамед Рэза накіраваўся ў Егіпет, затым жыў у выгнанні ў Марока, на Багамах і ў Мексіцы. Ісламскія ўлады Ірана патрабавалі яго выдачы, тым часам стан здароўя былога манарха пагоршыўся. У яго была выяўлена няходжкінская лімфома. Прыбыццё Махамеда Рэзы на лячэнне ў ЗША выклікала ў лістападзе 1979 года захоп мусульманскімі экстрэмістамі амерыканскага пасольства ў Іране і востры міжнародны крызіс. Зрынуты шах пакінуў ЗША і перабраўся ў Панаму, а затым ізноў у Егіпет, дзе яму была аказана тэрміновая медыцынская дапамога, у тым ліку спленэктамія, выкананая доктарам Майклам Дэбейкі[6], але ўсё ж памёр ад ускладненняў макраглабулінеміі Вальдэнстрэма (тып няходжкінскай лімфомы) 27 ліпеня 1980 года, ва ўзросце 60 гадоў. Прэзідэнт Егіпта Анвар Садат абвясціў нацыянальную жалобу і распарадзіўся правесці дзяржаўныя пахаванні[7]. У жалобным шэсці праз Каір побач з сям’ёй Пехлеві прынялі ўдзел Анвараў Садат, Рычард Ніксан і Канстанцін II, кароль Грэцыі[8]. Пахаваны апошні шахіншах Ірана ў каірскай мячэці ар-Рыфаі побач са шваграм — перадапошнім каралём Егіпта і Судана Фарукам I.

Месца спачыну Махамеда Рэзы Пехлеві ў каірскай мячэці ар-Рыфаі

Цікава, што знаходзячыся ў выгнанні, Махамед Рэза спадзяваўся атрымаць прытулак у Англіі. Англійская каралева лічыла, што Брытанія не павінна адмаўляць яму ў гэтым, улічваючы яго шматгадовую падтрымку брытанскіх інтарэсаў на Блізкім Усходзе. Прэм’ер-міністр Маргарэт Тэтчэр спагадліва адклікалася пра шаха, які, паводле яе меркавання, быў «надзейным і карысным сябрам Вялікабрытаніі». Аднак калегіяй Форын Офіс было вырашана, што дазволіць яму пасяліцца ў Англіі было б палітычна няправільна, таму што гэта акажа негатыўны ўплыў на брытанскія адносіны з новай ісламскай рэспублікай. На былога брытанскага пасла ў Іране Дэніса Райта была ўскладзена асаблівая місія — сустрэцца інкогніта на адным з Багамскіх астравоў з шахам і пераканаць яго прыняць рашэнне брытанскага ўрада (урад Тэтчэр не жадаў апынуцца ў сітуацыі, калі шаху прыйшлося б адмаўляць ва ўездзе на мяжы), — з чым Дэніс Райт паспяхова справіўся. Нішто не магло развеяць горкае расчараванне шаха ў сувязі з гэтым[9][10][11].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Быў жанаты тройчы. Яго першай жонкай была егіпецкая прынцэса Фаўзія, дачка караля Егіпта Фуада I. Другая жонка Махамеда Рэзы, Сарая Ісфандзіяры-Бахціяры (напалову нямецкага паходжання), была адной з самых вядомых жанчын свайго часу. З першымі дзвюма жонкамі шах развёўся, таму што не меў ад іх сыноў. У шаха і яго першай жонкі Фаўзіі была дачка Шахназ.

Трэцяя жонка шаха, Фарах Дыба, азербайджанка з Тэбрыза, якая нарадзіла яму дваіх сыноў і дзвюх дочак, была каранавана як шахбану (імператрыца) Ірана ў 1967 годзе. Яго старэйшы сын Рэза Кір Пехлеві, названы ў гонар цара Кіра Персідскага, пасля смерці бацькі з’яўляецца главой дому Пехлеві і спадчыннікам неіснуючага іранскага шахскага трона. Малодшы сын Алі Рэза Пехлеві скончыў жыццё самагубствам 4 студзеня 2011 года выстралам са стрэльбы ў сваім доме ў Бостане.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Мохаммед Реза Пехлеви // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. а б Mohammed Resa // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Muḥammad Reza de l’Iran // Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia, 1968.
  4. а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. а б Iranian Chamber Society. History of Iran. Mohammad Reza Shah Pahlavi.
  6. Kent Demaret, Dr. Michael Debakey Describes the Shah’s Surgery and Predicts a Long Life for Him // People. — April 21, 1980 Vol. 13 №. 16
  7. Shah’s Flight Архівавана 25 жніўня 2013. // TIME. Mar. 31, 1980
  8. Erich Wiedemann, Welch ein hoheitsvoller Trotzkopf // Der Spiegel vom 4.
  9. [1][2]
  10. Дэніс Райт: чалавек, якога Тэтчэр паслала сказаць шаху трымацца далей
  11. BBC Russian — У свеце — Лондан пабаяўся прыняць зрынутага шаха Ірана
  12. RoyalArkc.net, The Royal Ark

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]