Махенджа-Дара

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Махенджа-Дара (урду: موئن جودڑو, сіндхі: موئن جو دڙو; літаральна «узгорак мёртвых») - археалагічны помнік на месцы старажытнага горада Індскай цывілізацыі к захаду ад р. Інд у штаце Сінд, Пакістан. Агульная плошча каля 100 га. Глыбіня культурных пластоў да 22 м. Археолагі звярнулі ўвагу на Махенджа-Дара яшчэ ў 1897 г. Аднак з-за спрэчак аб магчымым патэнцыяле навуковых пошукаў раскопкі пачаліся толькі ў 1921 г. і вядуцца да нашых дзён. Помнік уваходзіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Асноўныя часткі[правіць | правіць зыходнік]

Адной з галоўных частак помніка з'яўляецца так званы ўзгорак Ступы, на якім ужо праз стагоддзі пасля заняпаду старажытнага горада была ўзведзена будысцкая святыня. У часы росквіту Махенджа-Дара ўзгорак з'яўляўся галоўным грамадскім цэнтрам. Тут быў пабудаваны басейн для рытуальных амавенняў (7 м на 12 м), а таксама цагляныя платформы для грамадскіх будынкаў. К захаду ад басейна былі знойдзены рэшткі вялікай пабудовы з калонамі. Першапачаткова яе вызначылі як свіран, але сёння археолагі лічаць, што пабудова была храмам. Астатнія будынкі месцяцца на восі поўнач - поўдзень.

Самая буйная па плошчы частка помніка - так званы Ніжні горад. На яго тэрыторыі выяўлена тры культурныя пласты агульнай глыбінёй каля 7 м. Ён быў падзелены шырокай галоўнай вуліцай, якая цягнулася з поўначы на поўдзень. К захаду захаваліся рэшткі 66 будынкаў. Адзін з іх займаў плошчу 19 м на 16 м і меў вышыню столі 3,15 м. Наяўнасць драўляных бэляк сведчыць пра тое, што гэты будынак быў шматпавярховым. У ім было знойдзена 18 выдатна аграненых камянёў для кольцаў. 2 камяні адрозніваліся выцягнутай формай і знешне нагадвалі лінгамы.

У паўночнай частцы галоўнай вуліцы захаваўся яшчэ адзін вялікі будынак з парадным уваходам і лесвіцай. Пад лесвіцай месціўся маленькі пакой (каля 1 кв м) з каналізацыяй. Відавочна гэта быў туалет. Калідор падзяляў жытло на дзве часткі і вёў у ванны пакой. Налева ад галоўнага ўваходу праз вузкі завулак знаходзілася вуліца з крамамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Танцорка з Махенджа-Дара
Дзіцячая лялька з Махенджа-Дара

Вучоныя мяркуюць, што Махенджа-Дара быў заснаваны каля 2600 г. да н. э. і з'яўляўся галоўным цэнтрам Індскай даліны. Як і ў іншых гарадах Індскай цывілізацыі, тут існавала грамадская ірыгацыйная сістэма. Аднак у Махенджа-Дара яна атрымала асаблівую дасканаласць. Многія будынкі забяспечваліся асобнымі свідравінамі, якія ішлі ўглыб да 15 м. У некаторых меліся свае ванны і туалеты ў форме вялікіх керамічных пасудзін з дзіркай у донцы. Праз сцёкі ў сцяне выкарыстаная вада і фекаліі змываліся ў гарадскія ірыгацыйныя канавы. У Махенджа-Дара таксама былі калодзежы агульнага грамадскага карыстання.

Гарадская эканоміка падтрымлівалася дзякуючы развіццю рамяства і гандлю. Мясцовыя рамеснікі займаліся ганчарствам, плавілі медзь і бронзу, выраблялі баваўняныя тканіны, розныя ювелірныя вырабы з інкрустацыяй з марскіх ракавін. Справядлівасць гандлю забяспечвалася дзякуючы адзінай вагавай сістэме.

Урадлівыя землі вакол Махенджа-Дара забяспечвалі гараджан пшаніцай і ячменем. Відавочна, сюды прыганялі кароў. Іх выявы часта сустракаюцца на пячатках. Былі знойдзены косткі коз, авечак, свінняў, рачных і вяленых марскіх рыбін. Махенджадарцы трымалі два віды сабак. Адзін з іх выкарыстоўваўся для палявання на такіх небяспечных жывёлін, як насарог, тыгр і слон.

Хаця не захавалася ніякіх звестак пра сістэму кіравання, наяўнасць вялікіх жытлаў і фігурак людзей у багатай вопратцы сведчыць пра маёмасную няроўнасць.

Мясцовыя мужчыны насілі бароды, але не мелі вусоў. Апраналіся ў баваўняныя тканіны. Вопратка была знешне простай: насцегнавыя повязі накшталт спадніц і хусціны, якія перакідвалі праз левае плячо. Разам з гэтым, знойдзена вялікая колькасць розных ювелірных вырабаў.

Заняпад Махенджа-Дара адбыўся каля 2000 г. да н. э. Прыкладна ў той жа час спусцелі іншыя гарады на захадзе Індскай цывілізацыі, хаця на ўсходзе іх развіццё працягвалася. Археолагі выявілі ў верхнім пласце відавочныя сляды пажару. Раней гэта прымалася за доказ знішчэння Махенджа-Дара арыйскімі заваёўнікамі. Сёння, з-за адсутнасці доказаў масавага знішчэння насельніцтва версія аб заяванні не абмяркоўваецца. Выказвалася думка, што ў выніку перамяшчэння тэктанічных пліт рака змялела, а потым пачалася страшэнная паводка. Аднак слядоў паводкі таксама не выявілі. Застаецца версія засалення сельскагаспадарчай глебы з-за празмернай эксплуатацыі. Неўраджаі вымусілі людзей мігрыраваць на ўсход.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 138
рус.англ.фр.