Махмуд Дарвіш
Махмуд Дарвіш (13.3.1941, Аль-Бірва каля Акры, Палесціна — 9.8.2008, Х'юстан, ЗША): палесцінскі паэт і палітычны дзеяч.
Культавая фігура ў палесцінскай грамадскай думцы («душа палесцінскага народу, люстэрка палесцінскага грамадства»[1]) і надзвычай папулярны аўтар («самы важны сучасны арабскі паэт»[1]).
У Ізраілі творчасць Дарвіша сустракае мяшаныя ацэнкі. Так, у 2000 прапаноўвалася ўключыць некаторыя творы Дарвіша ў ізраільскую школьную праграму, але прэм'ер-міністр Барак забараніў гэта, тлумачачы забарону негатовасцю Ізраіля да ідэй Дарвіша ў школе. У 1988 верш Дарвіша быў выкарыстаны прэм'ерам Шамірам як прыклад нежадання палесцінцаў жыць побач з яўрэямі і як прыклад палесцінскіх заклікаў да яўрэяў пакінуць гэтыя землі (такое тлумачэнне было аспрэчана палесцінцамі).
Дарвіш быў сябрам Ізраільскай камуністычнай партыі, сябрам Выканаўчага камітэта Арганізацыі вызвалення Палесціны (выйшаў з АВП у 1993 у знак пратэсту супраць тымчасовых мірных пагадненняў з Ізраілем). За сваю дзейнасць не раз знявольваўся ізраільскімі ўладамі. Аўтар тэксту сімвалічнай Палесцінскай дэкларацыі незалежнасці (1988), пазней абвешчанай Ясірам Арафатам.
Аўтар каля 30 зборнікаў паэзіі і прозы, перакладзеных на 35 моваў; некаторыя з твораў пакладзены на музыку («Рыта», «Птушкі Галілеі», «Прагну матчынага хлеба» і інш.) і сталіся нацыянальнымі песнямі арабаў; лаўрэат шматлікіх літаратурных узнагарод, у т.л. узнагарода Лотас (1969). Камандор французскага Ордэна мастацтваў і пісьменства. Дырэктар Палесцінскага даследчага цэнтра. Лаўрэат узнагароды Ланана за культурную свабоду (2001).
Дарвіш пачынаў у паэзіі з вершаў для газет левага кірунку, але пазней зрабіўся «з паэта супраціву — паэтам сумлення»[2] Паэзія Дарвіша апісваецца[3] як пераход ад больш традыцыйнага для арабскай паэзіі цяжкаслоўнага, эмацыйнага, рытмічнага верша да пісанага простай мовай апавядальнага верша, які звяртаецца да ўяўлення.
Важнейшыя творы і працы:
- «Лісце алівы» (1964), першая кніга паэзіі.
- «Птушка без крылаў», кніга паэзіі, якая прынесла вядомасць (найперш, верш «Картка з парадкавым нумарам»).
- «Адам двух Эдэмаў»
- «Фрэска» (2000), кніга-верш, прысвечаны моманту блізкасці да смерці Махмуда Дарвіша ў 1997.
- «Чаму ты пакінуў каня»
- «Адзінаццаць планет»
- «Ложак незнаёмца» (1998), першая кніга лірычнай паэзіі.
- «Памяць аб забыўлівасці», першая кніга прозы.
- «След матылёў» (2008), апошні зборнік.
Ажаніўся і развёся двойчы, дзяцей не меў. Вучыўся ў СССР (1971—1972), пазней жыў у Егіпце, Ліване, Францыі; вярнуўся ў Палесціну ў 1996. Працаваў у газетах «Іціхад», «Аль-Ахрам» (Каір, Егіпет), у часопісе «Палесцінскія пытанні» (Бейрут, Ліван). Заснавальнік і галоўны рэдактар літаратурнага агляду «Аль-Кармель» (выпуск узноўлены ў 1997). Доўга хварэў на сэрца, перанёс дзве аперацыі, у час апошняй аперацыі памёр ад ускладненняў.
Зноскі
- Біяграфія на афіцыйнай пляцоўцы. — mahmouddarwish.com
- Poet who gave identity to Palestinians dies [CNN]. — CNN.com
