Маціяс Руст

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маціяс Руст
Mathias Rust
Род дзейнасці лётчык, гулец у покер, пацыфіст
Дата нараджэння 1 чэрвеня 1968(1968-06-01) (55 гадоў)
Месца нараджэння Ведэль, ФРГ
Грамадзянства Сцяг Германіі Германія
Веравызнанне індуізм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маціяс Руст (ням.: Mathias Rust, нар. 1 чэрвеня 1968 , горад Ведэль, каля Гамбурга) — нямецкі спартсмен-пілот, ва ўзросце 18 гадоў здзейсніў пералёт на лёгкім самалёце Cessna 172 з Гамбурга праз Хельсінкі ў Маскву і прызямліўся 28 мая 1987 на Чырвонай плошчы.

Палёт у Маскву[правіць | правіць зыходнік]

Маршрут пералёту
Самалёт Cessna 172 Skyhawk

Днём 28 мая 1987 года 18-гадовы Маціяс Руст вылецеў з Гамбурга на чатырохмесным лёгкім самалёце «Сессна-172Б Скайхоўк» (Cessna 172B Skyhawk). Ён здзейсніў прамежкавую пасадку ў аэрапорце Хельсінкі-Малмі для дазапраўкі. Дыспетчарскай службе аэрапорта Руст сказаў, што ляціць у Стакгольм. У нейкі момант Руст спыніў сувязь з фінскай дыспетчарскай службай, а затым накіраваўся да берагавой лініі Балтыйскага мора і знік з паветранай прасторы Фінляндыі каля Сіпаа. Ратавальнікі выявілі ў моры масляністую пляму і расцанілі гэта як доказ крушэння самалёта. Руст перасек савецкую мяжу каля горада Кохтла-Ярве і ўзяў курс на Маскву.

У адным выпадку (на аэрадроме Тапа, Эстонія) па трывозе паднялі два дзяжурныя знішчальнікі. Знішчальнікі знайшлі самалёт Руста, але не атрымалі інструкцый пра далейшыя дзеянні і, зрабіўшы некалькі пралётаў над самалётам «Сесна» (самалёт Руста рухаўся на малой вышыні і з малой хуткасцю палёту, што рабіла немагчымым пастаяннае суправаджэнне яго хуткаснымі знішчальнікамі), проста вярнуліся на аэрадром. Рухаючыся ў Маскву, Руст арыентаваўся па чыгунцы Ленінград-Масква. Па маршруце яго палёту ў паветра падымаліся дзяжурныя звёны з аэрадромаў Хацілава і Бежацка, але загаду збіць «Сесну» так і не паступіла.

Аўтаматызаваная сістэма СПА Маскоўскай ваеннай акругі была адключаная для прафілактычных работ, таму сачэнне за самалётам-парушальнікам давялося ажыццяўляць у ручным рэжыме і каардынаваць па тэлефоннай сувязі. Такім чынам самалёт Маціяса Руста не патрапіў у спіс самалётаў, збітых падчас халоднай вайны.

Руст прызямліўся на Вялікім Маскварэцкім мосце, накатам даехаў да Сабору Васіля Блажэннага, у 19:10 выйшаў з самалёта і пачаў раздаваць аўтографы. Праз некаторы час яго арыштавалі.

Адлюстраванне ў мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Рок-гурт «ULIS» прысвяціў Маціясу Русту песню «Пан Руст».