Медніцкі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замак
Медніцкі замак
54°32′20″ пн. ш. 25°39′00″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Першае згадванне 1385
Матэрыял цэгла
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Медніцкі замак — сярэднявечнае фартыфікацыйнае збудаванне ў пасёлку Меднікі (Мядзінінкай) Вільнюскага раёна Літвы. Размешчаны за 2 км ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Найвялікшы замак-кастэль Вялікага Княства Літоўскага, адзін з першых мураваных замкаў дзяржавы.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Медніцкі замак, 2012

Найбольш пашыранае датаванне замка — першая палова XIV ст., полюсныя версіі — канец XIII ст. (С. Абрамаўскас, Ё. Глямжа) і пасля 1380 года (А. Жалнерус). Узведзены на штучным насыпе пасярод вільготнага лугу. У паўночнай частцы лугу ў культурным пласце выяўлены рэшткі шчыльнай драўлянай забудовы вакольнага горада. Плошча дзядзінца — 1,85 га, разам з абарончымі ровам (глыбінёй 6—7 м) і валамі плошча фартыфікацыйнага комплексу складае 6,5 га. Даўжыня заходняга муру — 149,7 м, паўночнага — 128,7 м, усходняга — 161,2 м, паўднёвага — 127,7 м. Сцены мелі вышыню 14—15 м, таўшчыню ў ніжняй частцы 1,9 м. На вышыні 11 метраў знаходзілася баявая галерэя, якая налічвала 280 байніц. У мурах былі гатычныя спічастыя праёмы — у паўночным і паўднёвых мурах былі зроблены т.зв. верхнія брамы, паднятыя на вышыню прыкладна 5 м. Трапіць праз іх у замак можна было толькі па адкідных мастах. Ва ўсходнім і заходнім мурах знаходзіліся ніжнія (на ўзроўні паверхні зямлі) брамы. У паўночна-ўсходнім вугле ўзведзена вежа-данжон, дасягала вышыні 30 м, у плане 14,2×15,4 м, выступае за лінію муроў, таўшчыня сцен — 2,5—3 м. Мела 5 ярусаў, з якіх 3 верхнія былі жылыя. Іншыя тры вежы абаранялі ўваходы ў замак. Вялікая колькасць уваходаў, відаць, звязана з функцыяй замка як «фольксбурга» — замка, куды падчас нападаў збягалася навакольнае насельніцтва. Лінію муроў атачаў роў і два земляныя валы. Асноўны будаўнічы матэрыял — палявыя валуны на вапнава-пясчанай рошчыне. Завяршэнне муроў, вуглы веж, аркі дзвярных і аконных праёмаў, байніцы зроблены з цэглы, пакладзенай у тэхніцы балтыйскай муроўкі. У дэкаратыўных мэтах на сценах зроблены цагляныя аблямовачныя паясы. На дзядзінцы знаходзіліся драўляныя жыллёвыя і гаспадарчыя будынкі[1].

Па планіроўцы і будаўнічай тэхніцы замак блізкі да Лідскага і Крэўскага замкаў.

Планы паверхаў і развёртка адноўленай вежы-данжона

У данжоне выяўлены фрагменты сценапісу, тыпалагічна блізкія да фрэсак, знойдзеных у Крэўскім замку. Фрэскі зроблены пад візантыйскім уплывам, атаясняюцца з «пскоўскай школай»[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пэўная дата пабудовы замка невядома.

Уладзіслаў Сыракомля згадвае, што каля Крэўскага замка ён чуў паданне, што

будавала яго нейкае племя багоў ці веліканаў, такіх моцных, што муляры працавалі адначасова ў Медніках і Крэве, і калі трэба было пазычыць молаты, то перакідвалі іх на чатыры мілі[3].

У «Хроніцы польскай, Літвы, жмудскай і ўсёй Русі» (выдадзена ў 1582 годзе) Мацея Стрыйкоўскага, каноніка касцёла ў Медніках у 1579—1586 гадах, Меднікі ўпамінаюцца ў часы ўладарства Віценя (у 1311 і 1313 гадах), але вялося хутчэй ішла пра аднайменны замак у Жамойці[4].

Паводле Тэадора Нарбута, Меднікі належалі вялікаму князю Альгерду: «Вялікі князь, як не ідзе з войскам, бо штовесну адбываюцца выправы вайсковыя, жыве летам у замку, на ўсход ад Вільні, што Меднікі называецца»[5].

Тут любіла бываць яго жонка Ульяна. Блізкасць да сталіцы прадвызначыла як зручнасць Меднікаў, так і стварыла дадатковыя праблемы — сюды даходзілі крыжакі. У 1385 годзе вялікі магістр Конрад фон Ротэнштайн дэманстратыўна зладзіў пад мурамі рыцарскі турнір, але пра здабыццё замка не паведамляецца: «Перад Меднікамі правялі вайсковыя вучэнні ў гонар святога Георгія. І заставаліся там чатыры тыдні, не зважаючы на супраціў язычнікаў з Ашмян».[6]

У 1402 годзе нямецкіх саюзнікаў навёў на Меднікі князь Свідрыгайла. У той год, праўдападобна, былі спалены драўляныя ўмацаванні замка і вакольны горад Меднікаў.

Пасля Грунвальдскай бітвы замак страціў ваеннае значэнне і занепадаў.

Медніцкі замак згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў» (дадатку да наўгародскага летапісу). Створаны гэты спіс, хутчэй за ўсё, у 1421—1425 гады[7].

Вінцэнт Дмахоўскі. Руіны Медніцкага замка. 1853 г.

Паводле Сыракомлі, тут была летняя рэзідэнцыя Казіміра Ягелончыка. Польскі кароль і вялікі князь літоўскі, які жыў у Польшчы і Літве, не хацеў трымаць сваіх дзяцей у сталічным шуме. Як толькі прыязджаў у Вільню, то чацвёра дзяцей (Ян Ольбрахт, Аляксандр, Жыгімонт і Казімір) разам са сваім настаўнікам, вядомым польскім гісторыкам Янам Длугашам, спыняліся ў Медніках[3]. Паводле Нарбута, тут і памёр каралевіч Казімір, хоць паводле большасці крыніц гэта здарылася ў Вільні. Паводле Кіркора, было паданне, што ў капліцы замка спачывалі мошчы святога каралевіча Казіміра перад тым, як былі перанесены ў адмыслова пабудаваную капліцу ў Віленскім кафедральным саборы[8].

У студзені 1495 года праз Меднікі праязджала вялікая княгіня Алена Іванаўна, дарогай у Вільню для заключэння шлюбу з Аляксандрам Ягелончыкам[9].

Паводле Сігізмунда Герберштэйна, у 1517 годзе Медніцкі замак, як і суседні Крэўскі, быў закінуты[10]. У 1519 годзе замак быў яшчэ больш разбураны маскоўскімі войскамі, якія шлі ад Менска да Вільні.

У 1812 годзе драўляныя пабудовы разабраны наступаючымі французскімі войскамі.

Напалеон Орда. Медніцкі замак. 1877 г.

Паводле апісання Адама Ганорыя Кіркора ў 1854 годзе:

Цяперашнія разваліны складаюць чатырохвугольную каменную сцяну з кірпіча і камянёў, даўжынёю каля 249 аршынаў, шырынёю 195, вышынёю 19. Унутры прасторны пляц, які змяшчаў усе пабудовы замка, якія, мабыць, былі драўлянымі. На паўночна-ўсходнім вуглу была чатырохвугольная ў тры паверхі вежа, з якой на кожным паверсе маглі быць па два вялікіх пакоі. Яшчэ ў мінулым годзе я бачыў дубовую лесвіцу, якая вяла на другі паверх. Увесь замак быў аточаны глыбокім рвом.[8]

У 1904 годзе руіны Медніцкага замка замалёўваў Фердынанд Рушчыц. Меднікі пацярпелі падчас Першай сусветнай вайны — немцы разабралі частку заходняга муру, будуючы дарогу.

Выява Медніцкага замка на памятнай манеце Літвы, 2006 г.

Археалагічныя і архітэктурныя даследаванні Медніцкага замка праводзіліся віленскімі спецыялістамі ў 1955—1956 і 1960—1962 гадах. А ў канцы 1960-х гадоў была праведзена кансервацыя руін замка, дзякуючы ёй рэшткі захаваліся да 1990-х гадоў. У 1993 годзе распачалася рэканструкцыя вежы-данжона паводле праекту архітэктара Ёнаса Глямжы. Гэтыя працы падтрымліваў Міжнародны фонд аднаўлення Медніцкага замка, створаны Амерыкана-літоўскай асацыяцыяй інжынераў і архітэктараў.

Дзякуючы гранту Еўрасаюза была завершана рэканструкцыя галоўнай вежы і адкрыта там экспазіцыя[11].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ 2005.
  2. Mickūnaitė, Giedrė. Religious debate and visual compromise : interpreting Byzantine murals in Lithuania and Poland // Studia historica Brunensia. 2019, vol. 66, iss. 2, pp. 127—157
  3. а б Syrokomla, Władysław. Wycieczki po Litwie w promieniach od Wilna. Tom II. Wilno, 1860. — S. 49.
  4. Гагуа, Руслан. Генрих фон Плоцке как историческая личность и полководец // Беларусь у кантэксце Еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава : зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаны 80-годдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і 65-годдзю гістарычнай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы: у 2 ч. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: А. А. Каваленя (гал. рэд.), І. Ф. Кітурка (гал. рэд.) [і інш.]. — Гродна : ГрДУ імя Я. Купалы, 2019. — Ч. 1. — С. 266—270.
  5. Narbutt Teodor. Dzieje narodu litewskiego. T. 5, Od śmierci Gedymina do bitwy nad Worskłą. Wilno, 1839. S. 236—237.
  6. Виганд из Марбурга. Новая прусская хроника. Москва, 2014. — С. 110.
  7. Зайкоўскі Эдвард. Список городов русских дальних и ближних": датыроўка протографа // Княжа доба: історія і культура. — 2015. — Вип. 9. — С. 273—289.
  8. а б Киркор Адам Гонорий. Черты из истории и жизни литовскаго народа. Вильно, 1854. С. 14.
  9. Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35. Памятники дипломатических сношений Древней России с державами иностранными. Санкт-Петерсбург, 1882. 35.I, С. 185.
  10. С. фон Герберштейн. Записки о Московии = Rerum Moscoviticarum Commentarii. — СПб.: Современные проблемы, 1866. — С. 211—222.
  11. Дзярновіч, Алег. Медніцкі замак як выклік беларускім рэстаўратарам // Праблемы аховы і інтэрпрэтацыі помнікаў гісторыі і культуры, грамадска-дзяржаўнае партнёрста. Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2016. С. 104—112.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]