Мельніцкая унія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мельніцкая унія
Падпісаны
- месца
23 кастрычніка 1501
Мельнік (Польшча)
Набыў моц не набыла моц
Бакі Польшча і ВКЛ


Ме́льніцкая унія — саюз паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. Акт уніі быў падпісаны 23 кастрычніка 1501 года ў горадзе Мельнік Падляскага ваяводства пры абранні каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аляксандра, але не быў зацверджаны соймам Вялікага Княства Літоўскага і так і не набыў моц[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ Крэўскай уніяй 1385 года паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім усталёўвалася асабістая унія. Першая асабістая унія, гэта значыць кіраванне абедзвюма дзяржавамі адным манархам, працягвалася да 1401 года, калі паводле Віленска-Радамскай уніі Вітаўт быў афіцыйна прызнаны вялікім князем літоўскім. Асабістая унія была адноўлена ў 1447 годзе, калі вялікі князь літоўскі Казімір стаў адначасова і каралём польскім. За смерцю Казіміра ў 1492 годзе асабістая унія зноў касавалася: каралём польскім быў абраны яго сын Ян Ольбрахт, а вялікім князем літоўскім іншы сын — Аляксандр. 17 чэрвеня 1501 года Ян Ольбрахт сканаў, што адкрывала шляхі для аднаўлення асабістай уніі шляхам абрання каралём польскім Аляксандра[1].

Польскія магнаты, якія імкнуліся да інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польскай Кароны, скарысталіся ваеннымі няўдачамі першага ў вайне з Масквой 1500—1503 гадоў і бескаралеўем і зрабілі чарговую спробу аб'яднаць абедзве дзяржавы пад кіраўніцтвам Польшчы. 3 кастрычніка паміж дэлегацыяй польскага сойму з аднаго боку і вялікім князем Аляксандрам і вялікакняжацкай радай з іншай у Петркаве была складзена папярэдняя дамова, пазней зацверджаная пры абранні Аляксандра каралём польскім[1].

Паводле акту уніі ў будучыні замест асобных манархаў будзе абірацца агульны кароль, абіраны на сумесным сойме прадстаўнікоў Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў Петркаве. Прадугледжвалася таксама ўвядзенне адзінай сістэмы грашовага звароту і правядзенне адзінай вонкавай і ўнутранай палітыкі. Дзяржаўныя пасады і суды захоўваліся асобныя. Такім чынам, спадчынная манархія ператваралася б у выбарную, прычым большасць выбаршчыкаў былі б прадстаўнікамі Каралеўства Польскага, дзяржаўная самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага была б фактычна ліквідаваная[1].

Акт Мельніцкай уніі быў падпісаны Аляксандрам і 27 прадстаўнікамі Вялікага Княства Літоўскага, але з умовай далейшага пацверджання яго літоўскім соймам. У 1505 годзе сойм, большасць дэлегатаў якога былі прыхільнікамі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага, не зацвердзіў акт уніі, які так і не набыў моц. Супраць уніі выступаў і Аляксандр, якому ліквідацыя спадчыннасці трону была невыгодная[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Грыцкевіч А. Мельніцкая унія // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцакевіч. — С. 285. — 788 с — ISBN 985-11-0378-0

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. — T. 1-2. — Kraków, 1919—1920.
  • Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta Unji Polski z Litwa, 1385—1791. — Kraków, 1932.