Мельхіёр Гедройц

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Мельхіёр Гедройц
Merkelis Giedraitis 1585.jpg
Дата нараджэння: 1536 
Дата смерці: 6 красавіка 1609(1609-04-06)
Лагатып ВікіСховішча Мельхіёр Гедройц на Вікісховішчы
Мельхіёр Гедройц

Мельхіёр ГЕДРОЙЦ (~1536 — 6 красавіка 1609, Ворні, цяпер Варняй у Літве) — вялікалітоўскі магнат і рэлігійны дзеяч, біскуп жамойцкі, апякуп літоўскага пісьменства.

Паходзіў з літоўскага княжацкага роду Гедройцаў, які ў 16 ст. ужо не меў значнай палітычнай ролі ў дзяржаве. Бацька Мельхіёра, Мацей Гедройц, служыў пры двары каралевы Боны, з яе пратэкцыі быў намеснікам у Кернаве і Майшаголе, пазней маршалкам гаспадарскім. Маці — княгіня Ганна з Крошынскіх. Вучыўся ў Кёгісбергскім, Вітэнбергскім, Цюбінгенскім, Лейпцыгскім універсітэтах, навуковай ступені не атрымаў.

Невядома, ці быў Мельхіёр Гедройц пратэстантам, але ўжо ў 1570-я напэўна быў каталіком, а ў 1571 стаў святаром. Апекаваны віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам, у 1572 атрымаў ад яго прызначэнне кусташам капітулу. Пасля смерці жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча (ліп. 1574) удзельнікі віленскай канвакацыі прапанавалі на яго месца М. Гедройца. Быў рукапаложаны ў сан жамойцкага біскупа 22.4.1576 у Вільні, пры прызначэнні адзначаліся яго вялікія веды ў галіне кананічнага права і тэалогіі.

Прымаў актыўны удзел ў грамадскім жыцці ВКЛ. Як сенатар вызначыўся на сеймах, неаднакроць узначальваў камісіі па ўстанаўленні дзяржаўных межаў і міру з Масквой. М. Гедройц таксама працаваў у скарбовым трыбунале, рэвізаваў гаспадарскую маёмасць. У гістарыяграфіі ацэньваецца як «літоўскі сепаратыст» (Ст. Хербст), «літоўскі патрыёт» (З. Івінскіс), адной з важнейшых мэтаў лічыў захаванне дзяржаўнасці ВКЛ пасля Люблінскай уніі.

Быў адным з самых актыўных біскупаў — прыхільнікаў контррэфармацыі, «другім хрысціцелем Жамойці». Згодна з пастанаўленнямі Трыдэнцкага сабору, шмат зрабіў для рэформаў у каталіцкім касцёле, спрыяў падрыхтоўцы літоўскамоўных святароў, выданню літоўскіх тэкстаў. За яго біскупствам, у 1603 у Жамойці быў заснаваны першы бернардынскі кляштар. Падараваў уласную бібліятэку (~100 кніг) езуіцкаму калегіюму ў Крожах. Часта наведваў парафіі, прапаведваў па-літоўску, сам слухаў споведзі вернікаў.

Для культурнай дзейнасці біскупа ў Жамойці характэрная, паводле З. Івінскіса, літоўская накіраванасць. Сваім коштам выдаў «Пастылу» (1599) Мікалая Даўкшы — першую літоўскую кнігу друкаваную ў ВКЛ, а таксама пераклад Катехізіса іезуіта Ледесмы («Катэхізіс, або навука, неабходная кожнаму хрысціяніну», 1595). Апекаваў Мацею Стрыйкоўскаму.

Адзіны вядомы твор аўтарства М. Гедройца — «Элегія на смерць Кацярыны Валовіч» (Elegia in mortem Catharinae Wolowicz, Regiomonti, 1561), праз змест твору бачна добрае веданне аўтарам антычнай і хрысціянскай літаратуры.

Пахаваны ў кафедральным саборы ў Ворнях.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ivinskis Z. Merkelis Giedraitis arba Lietuva dviejų amžių sąvartoje // Rinktiniai raštai, T. 4. — Roma, 1987;
  • Jonas Boruta, Didysis Žemaičių ganytojas Merkelis Giedraitis, in: Mikalojaus Daukšos «Katekizmui» — 400. — Klaipėda, 1995, p. 15-23;
  • Rabikauskas P. Krikščioniškoji Lietuva. Vilnius, 2002, p. 157—159;
  • Ulčinaitė E., Merkelis Giedraitis — vyskupas, mecenatas, poetas // Naujasis židinys, 1999, Nr. 9/10, p. 444—453.