Менеджмент

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Менеджмент (англ.: management — кіраванне, загадванне, арганізацыя) — сукупнасць прынцыпаў, метадаў, сродкаў і формаў кіравання вытворчасцю ва ўмовах рыначнай эканомікі.

Сучасны менеджмент узнік у пачатку XX ст. у ЗША. Яго сутнасцю з'яўляецца пошук аптымальных рашэнняў і распрацоўка эфектыўных метадаў рэалізацыі прадукцыі. Правільнае і своечасова прынятае рашэнне з'яўляецца вызначальным фактарам выжывання прадпрыемстваў ва ўмовах канкурэнтнай барацьбы. Важнае значэнне маюць нестандартныя, творчыя рашэнні.

Аб'ектамі кіравання на фірме з'яўляюцца тры кампаненты: матэрыяльна-рэчавы (прадукцыя, абсталяванне і інш.), інфармацыйны (дакументы, праекты, праграмы і інш.) і чалавечы — асабовы. Менавіта з гэтага пачынаецца комплекснае кіраванне якасцю — сучасная форма менеджменту. У яе аснове ляжаць наступныя прынцыпы: ясная стратэгія фірмы і свабода пошуку ў яе межах; інтэграцыя асабістых інтарэсаў і мэт даследаванняў; стварэнне пэўнай сістэмы (фармальнай і нефармальнай) збору спецыялізаванай інфармацыі знешніх сувязей, абмену персаналам і ўнутры, і паміж фірмамі, актыўнага пошуку новых ідэй; сістэма матывацыі, заснаваная на задаволенасці працай, на яе адпаведнасці асабістым інтарэсам, прэстыжы і грамадскай ацэнцы руху па службе (адміністрацыйнай і прафесіянальнай), матэрыяльным стымуляванні, якое залежыць ад канчатковых вынікаў дзейнасці.

Менеджмент грунтуецца на комплексе сацыяльных навук і ўключае 6 асноўных комплексаў мерапрыемстваў: вызначэнне мэты, задачы, спосабаў дасягнення мэт; навучанне і падрыхтоўка кадраў; рэалізацыя кіраўніцкіх рашэнняў; праверка вынікаў іх выканання; карэкціроўка кіруючых уздзеянняў.

Для сучаснага менеджменту характэрны дэцэнтралізацыя, сканцэнтраванне адказнасці на ніжэйшых узроўнях кіравання і найперш на рабочых месцах, таму што змены спажывецкага попыту, ускладненне вытворчасці, павышэнне кошту абсталявання, узмацненне канкурэнтнай барацьбы пастаянна змяняюць умовы гаспадарання, патрабуюць павышэння кампетэнтнасці і ініцыятыўнасці работніка. Механізм стымулявання накіраваны на вынаходніцтва, а санкцыі за няўдачы пры павышанай рызыцы мінімізаваныя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чалавек і грамадства: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7