Менеск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Менеск (Мянеск) — персанаж беларускай міфалогіі, легендарны заснавальнік горада Мінска. Паводле падання, ад яго імя таксама ўтварылася і назва горада.

Змест легенды[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню легенду апублікаваў П. Шпілеўскі ў 1854 г., пазней выйшаў іншы варыянт за аўтарствам А. Н. Сяргеева (1892).

Паводле П. Шпілеўскага, паміж Татарскім Канцом і Пярэспінскім мастком калісьці пасяліўся багатыр-чараўнік Менеск і пабудаваў там вадзяны млын на сямі колах. Ніхто самога Менеска не бачыў, аднак паўсюль ішла слава аб яго сіле. Мука на млыне малолася не з жыта, а з каменю, а ноччу з млына даносіліся музыка, песні і танцы. Апоўначы жа Менеск ездзіў на сваім млыне па вёсках і набіраў сабе дружыну. Дружына сялілася побач, і з яе ўтварылася паселішча, названае потым у гонар Менеска — Мінск.

А. Н. Сяргееў у сваім варыянце дадае, што Менеск быццам бы прыйшоў з Польшчы і быў разбойнікам. Нібы стаміўшыся ад набегаў яго дружыны, навакольныя жыхары звярнуліся да іншага чараўніка, і той нібы прагнаў Менеска. Аднак пазней было ўсталявана, што А. Н. Сяргееў проста зрабіў красовер двух паданняў: легенды пра беларускага багатыра-чарадзея Менеска і польскага падання, дзе фігураваў зусім іншы персанаж, якога таксама звалі Менеск. А. Н. Сяргееў «злучыў» двух персанажаў у аднаго. Адсюль і матыў «польскага» паходжання Менеска ў яго версіі. Звесткі аб тым, што Менеск нібы быў разбойнікам, Сяргееў дадаў свавольна.

Аналіз[правіць | правіць зыходнік]

На самой справе назва горада Мінска (Менска) пайшла ад рэчкі Менка. Археолагі даўно ўсталявалі, што спачатку Менск узнік не на сваім цяперашнім месцы, а на рацэ Менка, побач з сённяшняй вёскай Гарадзішча. Толькі пасля таго, як яго захапілі і спустошылі ў 1067 і 1084 гг., ён быў адбудаваны ў новым месцы, ля ракі Свіслач, дзе і знаходзіцца цяпер.

Ёсць думка, што легенда вельмі старажытная. У міфалогіях розных народаў ёсць персанажы з імёнамі, блізкімі да імя Менеска: германскі Ман, індыйскі Ману; рымляне верылі ў манаў — багоў замагільнага свету. Магчыма таксама, што імя Менеска пайшло ад праіндаеўрапейскага *men- «мяць, расціраць», адкуль пайшло і беларускае слова «мука» (а Менеск у паданні быў менавіта млынарам).

Нягледзячы на старажытныя матывы, само паданне можа быць даволі познім: першыя млыны з’яўляюцца ў Беларусі толькі ў 16 стагоддзі. Сюжэт, дзе ноччу ў млыне збіраюцца чэрці, быў папулярны ў познім Сярэднявеччы. Сярэднявечны фальклор, у тым ліку заходнееўрапейскі, ведае і матыў мукі з камення. Млынароў у Беларусі лічылі чараўнікамі: у народзе верылі, нібы яны знаюцца з чарцямі і вадзянікамі. Млынары сапраўды выконвалі шмат рытуалаў, якія насцярожвалі простых людзей. Акрамя таго яны ніколі не віталіся з тымі, каго сустракалі на вуліцы. Яшчэ казалі, нібыта днём на млыне мелюць муку людзі, а ноччу — чэрці. У многіх народных казках герой (парабак ці бедная дзяўчына-сірата) прыходзіць ноччу на млын і сустракае там чарцей.

Перамолванне на млыне камянёў і ўзначальванне дружыны набліжаюць Мянеска да вобраза Пяруна. Гэтую ж магчымую тоеснасць з Пяруном падкрэслівае і Рыгор Барадулін у вершы «Мянеск»:

Млынар — асілак і вядзьмар,

Дыхне — шумяць прысады.

Ён ліўні і грымоты з хмар

Маланкай выкрасае[1].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]