Мергарх

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Статуэтка жанчыны (магчыма, багіні), 5 тыс. да н. э.
Месцазнаходжанне Мергарха на карце Пакістана.

Мерга́рх (урду م‍ﮩ‍رگڑھ) - помнік археалогіі на раўніне Качы ў штаце Белуджыстан, Пакістан. Агульная плошча 200 га.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ініцыятыва правядзення раскопак у Мергарху належыла французскай археалагічнай місіі ў Паўднёвай Азіі, якая з 1962 г. праводзіла пошукі ў Белуджыстане. Мергарх стаў адным з трох месц, дзе вяліся інтэнсіўныя даследаванні. У 1974 - 1985 гг. раскопкі на 11 розных пляцоўках ўзначальвалі Жан-Франсуа і Катрын Жар'яж. У выніку імі былі зроблены адкрыцці, якія па словах спецыялістаў перавярнулі ўсе ўяўленні аб цывілізацыі даліны Інда, паколькі аднавілі веды пра яе пачатковыя этапы развіцця.

У 1997 - 2000 гг. праводзіўся дадатковы этап пошукаў.

Мергархскія археалагічныя культуры[правіць | правіць зыходнік]

Усяго выяўлена 5 асноўных культурных пластоў:

Пласт МR3 уключае найстаражытнейшае паселішча 7-6 тыс. да н. э. эпохі так званага дакерамічнага неаліту. Былі знойдзены рэшткі глінабітных хацін. Вакол паселішча месціліся могілкі. Нябожчыкаў хавалі сагнутымі, целы пакрывалі чырвонай охрай, каля трупаў клалі розныя рэчы - паліраваныя каменныя цеслы, каменныя пасудзіны, упрыгожванні, у тым ліку пацеры з бірузы і хрызаколу, у адным выпадку - шарык з медзі. У дол да аднаго нябожчыка паклалі 5 коз. Даволі распаўсюджанымі былі крамянёвыя клінкі.

Старажытныя насельнікі ўжо займаліся земляробствам, вырошчвалі ячмень і пшаніцу. Большасць костак жывёлін належылі дзікім газелям, буйвалам і нават сланам, але паступова яны саступілі месца свойскай рагатай жывёле. Людзі былі знаёмы з пластычнымі якасцямі гліны, ляпілі з яе фігуркі людзей і звяроў, але галоўным матэрыялам для вырабу пасудзін з'яўляліся плеценыя кошыкі, абмазаныя бітумам.

Пласт MR4 другі па старажытнасці (5 -4 тыс. да н. э.). Пляцоўка знаходзілася к поўдню ад першай. Жыхары гэтага часу ўжо ведалі кераміку, карысталіся крамянёвымі сярпамі. Акрамя ячменя і пшаніцы былі знойдзены зярняткі бавоўніку.

Пласт MR2 (4 - 3,5 тыс. да н. э.) займаў ужо 50 га. Хаціны гэтага часу сталі большымі па памерах. Насельнікі карысталіся ганчарным колам. Кераміку ўпрыгожвалі выявы птушак і коз. Археолагі адшукалі медныя аскепкі, але плавільных печаў не было. Таму пласт быў аднесены да эпохі энеаліту.

Пласт MR1 (3,5 - 3 тыс. да н. э.) характарызаваўся з'яўленнем жылля з сырых цаглін, касцяных і тэракотавых пячатак, якія, як мяркуюць, пазначалі прыватную маёмасць.

Пласт MR5 (3 - 2,7 тыс. да н. э.) займала паселішча, насельнікі якога рабілі вялізарныя керамічныя пасудзіны для вывазу. У ніжняй частцы хацін будаваліся складскія памяшканні. Знойдзены статуэткі мужчын і жанчын. Па іх можна меркаваць, што мужчыны насілі цюрбанападобныя шапкі, жанчыны мелі розныя прычоскі і шматлікія ўпрыгожванні. Цікавасць таксама ўяўляюць тэракотавыя пласціны з выявамі быкоў і геаметрычным арнаментам.

Апошні пласт паступова зліваецца з культурай, якую можна вызначыць як індскую. Людзі працягвалі жыць у Мергарху да V ст. да н. э.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Каардынаты: 29°12′45″ пн. ш. 67°40′15″ у. д. / 29.2125° пн. ш. 67.670833° у. д. (G) (O) (Я)