Мерына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мерына
(Merina)
Агульная колькасць 4570 тыс. (2011 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя малагасійцы

Мерына (малагас. Merina) - найбуйнейшая этнічная група малагасійцаў. Насяляюць цэнтральную частку Мадагаскара, вобласць Імерына. Агульная колькасць - 4570 тыс. чал.[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, мерына - нашчадкі адной з апошніх хваль міграцыі аўстранезійцаў на Мадагаскар. У іх знешнасці і культуры найменей прасочваюцца афрыканскія рысы. Продкі мерына прасунуліся у раён цэнтральнага плато з усходняга ўзбярэжжа. У паданнях сцвярджаецца, што раней Імерыну насялялі паляўнічыя і збіральнікі вазімба.

У XVII ст. правадыр Раламбу заснаваў у Імерыне дзяржаву. Яго нашчадкі паступова яе пашыралі. Канчатковае аб'яднанне мерына і заваяванне цэнтральнага нагор'я завершыў Андрыямпуінімерына (1780 - 1810 гг.). Яго сын Радама I (1810 - 1828 гг.) захапіў большую частку Мадагаскара і атрымаў як манарх еўрапейскае прызнанне. У 1895 г. дзяржаву мерына захапіла Францыя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мадагаскара ў 1960 г. землі мерына ўвайшлі ў склад гэтай дзяржавы.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам мерына здаўна было земляробства - вырошчванне рысу і іншых сельскагаспадарчых культур. Зямлю апрацоўвалі вузкімі доўгімі лапатамі з увагнутымі лёзамі. Рыс збіралі ўручную з дапамогай нажа. Будавалі дамбы і складаныя ірыгацыйныя сістэмы. Важным гаспадарчым заняткам з'яўлялася гадоўля зебу. Вёскі земляробаў месціліся на пагорках, мелі добрыя ўмацаванні.

Зараз значная частка мерына жыве ў гарадах, асабліва ў Антананарыву.

Сем'і пераважна малыя нуклеарныя. З кан. XVIII ст. існуе суседская абшчына фукунулуна.

У XIX ст. грамадства мерына было падзелена на тры вялікія пласты. Вышэйшы складаўся з высакародных андрыяна, якія у сваю чаргу падзяляліся на шэсць груп. Прадстаўнікі першых трох груп мелі правы на спадчынныя землі вудывуна, нашэнне асаблівай вопраткі, вызваляліся ад абавязковых адпрацовак і падаткаў. Прадстаўнікі астатніх трох груп адрозніваліся толькі адсутнасцю права на вудывуна. Існавала сёмая прамежкавая група, якая карысталася выключна ганаровымі прывілегіямі.

Асноўны пласт насельніцтва фарміраваўся з простых хува - земляробаў, рамеснікаў і гандляроў. Толькі частка хува, што жыла на землях караля, па статусу была блізкай да прыгонных. Астатнія групы амаль не адрозніваліся па свайму становішчу. Хува выплочвалі даніну і павінны былі пэўны час бязвыплатна працаваць на дзяржаву.

На ніжэйшай прыступке сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы андэву.

Гэты грамадскі падзел можна прасачыць і сёння ў пабытовай культуры нават гараджан.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Дыялект мерына стаў асновай сучаснай літаратурнай малагасійскай мовы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць мерына зараз спавядаюць хрысціянства, аднак па-ранейшаму важным застаецца культ продкаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]