Мовы Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мовы на Беларусі)

На Беларусі ў гутарковым ці афіцыйным ужытку існавалі некалькі моў.

Невядома, якімі былі мовы да з’яўлення тут індаеўрапейскіх народаў (іх называюць даіндаеўрапейскі субстрат). Невядома, якой была беларуская мова да праіндаеўрапейскага і праславянскага перыядаў сваёй гісторыі. (Ёсць меркаванні на той і на гэты конт).

Вымерлі мовы гунаў, некаторыя індаеўрапейскія (готаў, дняпроўскіх балтаў), якія былі чутныя на схіле Старажытнасці і ў Раннім Сярэднявеччы.

Пасля хрысціянізацыі беларускіх земляў у X стагоддзі мовай абрадаў стала царкоўнаславянская, распрацаваная Кірылам і Мяфодзіем на паўднёваславянскай македонскай аснове (уласна, яны стварылі толькі пачатковы варыянт — стараславянскую мову). Для заканадаўчых і летапісных тэкстаў выкарыстоўвалася агульная мова ўсходніх славянаў (старажытнаруская). Абедзве гэтыя мовы былі толькі пісьмовымі. У вуснай гутарцы гучалі мовы розных плямёнаў. Узніклі адасобленыя славяна-яўрэйскія мовы (гаворкі).

З XIV па XVIII стагоддзі ў Вялікім Княстве Літоўскім ўжывалася пісьмовая старабеларуская мова, на якой адбіліся некаторыя рысы народных гаворак. Гэтай мовай напісаныя тры статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588 гадоў), летапісы, дзённікі і інш. З’яўляецца беларускі варыянт царкоўнаславянскай мовы, упершыню выкарыстаны ў выданнях Францыска Скарыны; разам з тым яе роля на беларускіх землях часова зменшваецца.

Польска квітнет лаціною,
Літва квітнет русчызною.
Без той в Польшчэ не прэбудзеш,
Без сей в Літве блазнам будзеш…

Ян Казімір Пашкевіч. 1621.

З XVI стагоддзя, калі адбылося з’яднанне ВКЛ з Польскім Каралеўствам у канфедэратыўную Рэч Паспалітую, набірае моц паланізацыя вышэйшых станаў грамадства праз каталіцкую царкву. Польская мова выцясняе старабеларускую з дзяржаўнага ўжытку і друку. У 1697 годзе было загадана пісаць афіцыйныя дакументы ў ВКЛ толькі па-польску. Аднак гэтая пастанова тычылася пераважна канцылярыі ВКЛ і судоў: некаторыя акты мясцовых магістратаў, цэхаў працягвалі выходзіць па-беларуску. Беларуская мова выкарыстоўвалася для навучання толькі уніяцкім ордэнам базыльянаў.

Пісьменнікі з ВКЛ карысталіся лацінскай, радзей французскай і іншымі мовамі. Ужываюцца таксама мовы розных народаў ВКЛ: цыганская (індаеўрапейская індаарыйскай групы), балтыйская літоўская (індаеўрапейская), якая на закаце дзяржавы стане афіцыйнай, караімская (цюркская).

Пасля ўваходу беларускіх земляў у 1772—1795 гадах у склад Расійскай імперыі, паланізацыя працягваецца, але паступова саступае месца русіфікацыі і дамінаванню рускай мовы. Носьбітамі беларускіх гаворак засталіся сяляне і мясцовая дробная шляхта. У гэты час існуюць польска-беларускае, руска-беларускае двухмоўе; значная частка насельніцтва Беларусі — яўрэі — карысталіся мовай ідыш. У рэлігіі і літаратуры побач з ім быў ашкеназскі іўрыт, але жывой і гутарковай мовай быў толькі ідыш. Урад навязваў яўрэям нямецкую і рускую мову, уціскаючы ідыш.

У XIX стагоддзі новая беларуская мова, заснаваная збольшага на народных гаворках, знаходзіць дарогу ў літаратуру. Найвыбітнейшымі ўзорамі беларускай літаратуры першай паловы стагоддзя з’яўляецца творчасць Вікенція Равінскага і Яна Чачота, другой — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча.

У 1906 годзе былі заснаваныя кнігавыдавецкая суполка «Загляне сонцэ і ў наша аконца» і газета «Наша Ніва», якія згуртавалі вакол сябе дзеячаў беларускай культуры, стаўшы рухавіком Беларускага Адраджэння. Дзякуючы ім адбываліся папулярызацыя і выпрацоўка літаратурных норм беларускай мовы.

Згодна з Другой Устаўной граматай, прынятай у 1918 годзе выканаўчым камітэтам Першага Усебеларускага з’езда, «…У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.»

У Сярэдняй Літве 1920 года дзяржаўнай была польская мова, дапаможнымі — яўрэйская, літоўская і беларуская.

У БССР, створанай у 1920 годзе, афіцыйнымі мовамі былі беларуская, руская, польская, ідыш. Шэраг моў падтрымліваўся ў меншых маштабах (нямецкая, латышская, цыганская і іншыя). Пасля вайны афіцыйны статус захавалі толькі дзве першыя, прычым назіралася звужэнне ўжытку беларускай мовы на карысць рускай.

26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах», згодна з якім беларускай мове надаваўся статус дзяржаўнай, а руская ўжывалася, як мова міжнацыянальных зносін.

Пасля рэферэндуму 1995 года рускай мове нададзены аднолькавы статус з беларускай.

Суадносіны моў на Беларусі ў 1999, 2009 і 2019 гадах:

беларуская руская іншыя
1999 (родная) 73,7 % 21,9 % 4,4 %
1999 (хатняя) 36,7 % 62,8 % 0,5 %
2009 (родная) 53,2 % 41,5 % 5,3 %
2009 (хатняя) 23,4 % 70,2 % 6,4 %
2019 (родная) 54,1 % 42,3 % 3,6 %
2019 (хатняя) 26,0 % 71,4 % 2,6 %

Асаблівы тып гаворак беларускай мовы складаюць заходнепалескія гаворкі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]