Моўная інтэрферэнцыя

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Моўная інтэрферэнцыя: з'ява адхілення ад нормаў у адной мове з-за прыкладання да яе нормаў іншай мовы. Можа ўзнікаць у абставінах двухмоўя або шматмоўя. Узровень праяўлення моўнай інтэрферэнцыі залежыць ад моўнай кампетэнцыі білінгва (полілінгва).

Адрозніваюцца наступныя віды інтэрферэнцыі: марфалагічная, сінтаксічная, фанетычная, лексічная, словаўтваральная, акцэнтная.

Марфалагічная інтэрферэнцыя звязаная з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рознамоўных лексем (у родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у родавых і склонавых формах лічэбнікаў, адметнасці ўтварэння дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і інш.).

Сінтаксічная інтэрферэнцыя звязаная з адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў (кіраванне і інш.).

Фанетычная інтэрферэнцыя звязаная з адметнасцямі фанетычных сістэм розных моваў, і прыводзіць да парушэння арфаэпічных нормаў мовы.

Лексічная інтэрферэнцыя звязаная з розніцамі або частковымі падабенствамі ва ўласналексемным і семантычным аспектах розных моваў.

Словаўтваральная інтэрферэнцыя звязаная з несупадзеннем словаўтваральных фармантаў у аднакаранёвых словах розных (але блізкіх) моваў.

Акцэнтная інтэрферэнцыя звязаная з разыходжаннямі ў націску ў рознамоўных лексемах.

Зноскі

Літ.: Беларуская мова. Прафесійная лексіка : дапам. / аўт.-склад. В. В. Маршэўская, І. В. Піваварчык, А. С. Садоўская. — Гродна : ГрДУ, 2006. — 84 с. ISBN 985-417-772-6.